На наступным тыдні беларускія консульскія супрацоўнікі ва Ўкраіне маюць намер наведаць беларуса Юрыя Палітыку, які падазраецца ў шпіянажы на тэрыторыі Ўкраіны. Пра гэта паведаміў сёньня прэсавы сакратар МЗС Беларусі Анатоль Глаз.
Паводле яго, на мінулым тыдні беларускі бок накіраваў адпаведны запыт сваім калегам з Украіны аб лёсе грамадзяніна Беларусі. Адказу на яго пакуль няма.
«Лёс беларускага грамадзяніна ўвесь час знаходзіцца ў фокусе нашай увагі, — адзначыў Анатоль Глаз. — Аднак усё больш і больш ягоны лёс хвалюе. Вядома, што ён атрымаў цялесныя пашкоджаньні, якія могуць быць ахарактарызаваныя як цяжкія. Зь мясцовага СІЗА яго абяцаюць перавесьці ў СІЗА Кіева толькі на наступным тыдні, а гэта выклікае ўсё больш і больш пытаньняў».
Гісторыя шпіёнскага скандалу
Юрыю Палітыку паводле 114-га артыкулу Крымінальнага кодэксу Ўкраіны (шпіянаж) пагражае пазбаўленьне волі на тэрмін ад 10 да 15 гадоў з канфіскацыяй ці без канфіскацыі маёмасьці. Затрымалі яго летась у чэрвені на ўкраінскім памежным пераходзе «Новыя Ярылавічы», што на мяжы зь Беларусьсю. Падчас затрыманьня ў ягоным тэлефоне знайшлі зашыфраваны файл з мапай разьмяшчэньня вайсковых падразьдзяленьняў у зоне антытэрарыстычнай апэрацыі на Данбасе і плянам наступальнай апэрацыі «Шторм». Паўгода да затрыманьня спэцслужбы Ўкраіны сачылі за ўсімі кантактамі і перамяшчэньнямі Юрыя Палітыкі ў Чарнігаве.
Украінскія экспэрты выказвалі думкі, што ўкраінскі журналіст Паўло Шаройка быў затрыманы ў Беларусі ў адказ на затрыманьне Юрыя Палітыкі ў Чарнігаве. Паўло Шаройка ўжо асуджаны беларускім судом на 8 гадоў турмы за шпіянаж.
Прадстаўнік Міністэрства замежных спраў Украіны Ўладзімір Шкуроў казаў Свабодзе, што ўлады Беларусі і Ўкраіны абмяркоўваюць абмен Шаройкі на Палітыку, але гэта «далікатнае пытаньне».
Пазьней і старшыня Камітэту дзяржаўнай бясьпекі Беларусі Валер Вакульчык заявіў, што «не выключае» ў будучыні абмену грамадзянамі, абвінавачанымі ў Беларусі і Ўкраіне ў шпіянажы.