Лінкі ўнівэрсальнага доступу

1993: Чаму ў Беларусі не ўвялі талер


Ілюстрацыйнае фота (дызайн талераў сайту 1863x)
Ілюстрацыйнае фота (дызайн талераў сайту 1863x)

Працягваем публікацыю фрагмэнтаў кнігі Сяргея Навумчыка «Дзевяноста трэці», якая выйшла ў сэрыі «Бібліятэка Свабоды. ХХІ стагодзьдзе».

Замовіць кнігу можна ТУТ

Зянон Пазьняк (Ангарская выбарчая акруга N 9, г. Менск). Я хачу засяродзіць вашу ўвагу на пытаньні, пра якое дэпутаты Апазыцыі Народнага фронту нястомна нагадваюць вось ужо тры гады і невырашэньне якога зьяўляецца пастаяннай прычынай бяды ў нашай эканоміцы і ў цэлым у жыцьцёвых дачыненьнях грамадзтва. Размова ідзе пра абавязковасьць увядзеньня нацыянальнай валюты. Уводзіць яе патрэбна было ўчора, а рыхтавацца ўвесь гэты час. На жаль, час згублены, а наша дзяржава дапусьцілася да ганебнага ўльтыматуму з боку суседняй краіны. Аднак і па сёньняшні дзень ні Нацыянальны банк, ні ўрад, ні Вярхоўны Савет ня вызначылі пазыцыяў па гэтым пытаньні... Гэта ўжо відавочна, што мы маем справу з пэўнымі кіруючымі асобамі, якія сьвядома штурхаюць да пагібелі нашу краіну дзеля ўратаваньня сваіх эгаістычных інтарэсаў… Я хацеў бы зьвярнуць увагу народных дэпутатаў, якія не знаходзяцца ў палоне ілюзіяў, на абавязковасьць прыняцьця на гэтай сэсіі Пастановы Вярхоўнага Савету аб даручэньні Нацыянальнаму банку і ўраду прыступіць да ўвядзеньня беларускай нацыянальнай валюты на Беларусі. Калі і ў якім часе адбудзецца гэтая акцыя — справа асобая і канфідэнцыяльная, але прыняць такую пастанову неабходна, каб гарантаваць рэформу і адпаведную фінансава-крэдытную палітыку, запабегчы нечаканасьцям і ініцыятывам суседняй краіны. Цяпер ужо адлік часу пайшоў не на гады і нават не на месяцы.

(Выступ у "Розным")

Грошай заўсёды не хапае.

У 1993-м іх не хапала асабліва. Жонка працавала ў менскай гарадзкой газэце «Добры вечар» і атрымлівала разам з ганарарам… колькі ж рублёў? Яна ня здолела адказаць на гэтае пытаньне.

І ўвогуле, ніхто са знаёмых ня змог прыгадаць свой заробак у 1993 годзе ў рублях. І не таму, што прайшла чвэрць стагодзьдзя, а зусім зь іншай прычыны.

Увесь год заробак мяняўся. Ён рос, прычым рос імкліва. Але гэта быў ня той выпадак, калі падвышэньне заробку радуе. Панавала інфляцыя, і калі ў студзені курс даляра быў 500 рублёў, дык пад навагоднюю ялінку ў сьнежні ўзьняўся да 7 000.

Такім чынам, за год «зайчык» патаньнеў у 14 разоў. Адпаведна, ледзь не штодня павялічваліся і цэны. І хоць паралельна з ростам даляра падвышалася і зарплата, але рабілася гэта са спазьненьнем і далёка не кампэнсавала страты: так, у пачатку году намінальны налічаны сярэдні заробак быў 12 939 рублёў, а ў канцы — 162 480. За год ён узьняўся ў 12 разоў (тым часам рубель патаньнеў у 14). Але цэны расьлі яшчэ шпарчэй.

Увогуле, паколькі заробак увесь час мяняўся, дык бессэнсоўна яго называць, лічбы нічога ня скажуць тым, хто ня жыў у той час. А хто жыў — папросіць перавесьці ў даляры.

Калі вельмі абагульніць, у сярэднім заробак у бюджэтнай сфэры ці на дзяржаўных прадпрыемствах у 1993 годзе вагаўся ў межах 15–25 даляраў. Старшыня Вярхоўнага Савету Шушкевіч атрымліваў 80 даляраў, міністар — 50 даляраў (столькі ж атрымліваў і дэпутат на сталай працы ў парлямэнце). Мая жонка, працуючы карэспандэнтам, разам з ганарарамі, мела 35–40 даляраў, і гэта лічылася вельмі добрым заробкам.

У верасьні газэта «Свабода» надрукавала артыкул пра розьніцу ў пэнсіях паміж цывільнымі і вайсковымі пэнсіянэрамі, якія прыехалі на жыхарства ў Беларусь (пераказваючы размовы апошніх у сабесе, кшталту «гэтаму Шушкевічу галаву адкруціць»). Аўтар публікацыі пісаў, што народная артыстка Стэфанія Станюта ў верасьні 1993-га атрымала пэнсію 47 235 рублёў. «Няблага? Гледзячы з чым параўноўваць», — пісала газэта і тут жа прыводзіла памер пэнсіі былога савецкага афіцэра, якая, у залежнасьці ад выслугі гадоў, была ад 69 да 80 тысячаў рублёў. Звычайная пэнсія былога інжынэра ці настаўніка вагалася ў межах ад 20 да 42 тысячаў рублёў (10–20 даляраў).

Калі выйшла газэта, афіцыйны курс даляра быў 2 тысячы; такім чынам, пэнсія ў вялікай актрысы была 23 даляры, і гэта лічылася добрай пэнсіяй. Былы савецкі вайсковец, адпаведна, меў болей, 40 даляраў — на ўзроўні зарплаты намесьніка міністра. І ў два разы вышэй, чым у настаўніка або лекара.

Кошты на сьнежань 1993 году, калі перавесьці ў даляры, былі такія, за кіляграм: хлеб — 2 цэнты, грэчка — 10 цэнтаў, макароны — 15 цэнтаў, ялавічына — 60 цэнтаў, масла — адзін даляр, каўбаса вараная — адзін даляр.

На гэтым фоне рэкляма фірмы «Пушэ» ў «Народнай газэце», якая прапаноўвала новыя аўтамабілі «Пэжо-405» ад 13 000 даляраў, магла ўспрымацца зьдзекам.

І ўсё ж менавіта ў 1993 годзе аўтамабіляў на вуліцах беларускіх гарадоў значна пабольшала — канешне, ня новых, а патрыманых, прыгнаных зь Нямеччыны. Людзі неяк круціліся, выкарыстоўвалі новыя магчымасьці, многія падпрацоўвалі.

Мая сястра, выкладчыца Віцебскага мэдыцынскага інстытуту, вязала шалікі, рукавіцы, нейкую іншую вопратку і везла яе на кірмашы ў Польшчу. За адну паездку ўдавалася зарабіць 50, а то і 100 даляраў — добрая падтрымка для сям’і з двума дзецьмі. Адно што на польскіх дарогах іх, здаралася, спынялі рэкеціры — і пад пагрозай зброі грошы даводзілася аддаваць.

Польская паліцыя ніяк не рэагавала (рабавалі ж ня польскіх, а беларускіх грамадзянаў), і аднойчы я пайшоў да Шушкевіча. Як звычайна, Шушкевіч заявіў, што гэта — не ягонае пытаньне. Тады я расказаў пра сытуацыю з трыбуны Вярхоўнага Савету, пасьля чаго міністар унутраных спраў Уладзімер Ягораў сказаў мне, што праблема палягае ў адсутнасьці адпаведных двухбаковых дамоўленасьцяў — што мог бы зрушыць кіраўнік дзяржавы, але Шушкевіч гэтым не жадаў займацца.

І яшчэ пра злачыннасьць: пры Шушкевічу яе было меней, чым пры Лукашэнку

Увогуле праблема злачыннасьці, але ўжо на тэрыторыі Беларусі, часта ўздымалася ў выступах дэпутатаў, і амаль заўсёды яны зьвязвалі яе зь бескантрольнай міграцыяй у Беларусь жыхароў былых закаўкаскіх рэспублік, якія, як казалі дэпутаты, узялі пад кантроль практычна ўсе рынкі. Канешне, было зразумела, што карані праблемы значна глыбей, яны сацыяльныя і эканамічныя, але ў размовах кіраўнікі Міністэрства ўнутраных спраў таксама ўвязвалі рост злачыннасьці зь бескантрольнай міграцыяй. На гэта я адказваў, што яшчэ ў 1991 годзе мы прапаноўвалі стварыць дзяржаўную мяжу з Расеяй.

І паколькі я закрануў гэтую тэму, пракамэнтую пазьнейшыя шматлікія заявы Лукашэнкі пра «ліхія дзевяностыя», якія ня толькі ён адзін увязвае найперш са злачыннасьцю.

Злачыннасьць была, прычым здараліся і гучныя выпадкі — менавіта ў 1993 годзе, у траўні, у цэнтры Менску было ўчыненае першае ў гісторыі Беларусі «замоўленае» забойства — быў застрэлены ўладальнік фірмы «Камінвэст» Аляксандар Лісьнічук, а ў верасьні ля свайго дома быў забіты старшыня Горадзенскага аблвыканкаму Дзьмітры Арцыменя.

Але вось дадзеныя ў дынаміцы. У 1991 годзе было зарэгістравана 81,3 тысяча злачынстваў, у 1992 — 93,7 тысячы злачынных выпадкаў, у 1993-м — 99,8 тысяч. Гэта быў апошні «поўны год» адноснай дэмакратыі і свабоды.

У першым «поўным» годзе прэзыдэнцтва Лукашэнкі колькасьць зарэгістраваных злачынстваў дасягнула 131,7 тысячаў. Празь дзесяць гадоў прэзыдэнцтва, у 2004 годзе — 166 тысяч (і гэта пасьля прыняцьця новага Крымінальнага Кодэксу, у якім была зьменшана колькасьць правапарушэньняў з крымінальнай адказнасьцю), а ў 2005 годзе — 195 тысяч («Беларусь. 1991–2006. Итоги». Пад рэдакцыяй Марыны Загорскай, Вадзіма Сяховіча і Аляксандра Старыкевіча, Менск, 2008).

Між іншым, у 1993 годзе колькасьць жыхароў Беларусі была максымальная — 10 319 000 чалавек; адмыслоўцы зьвязваюць гэта з ростам міграцыі.

БНФ - за ўвядзеньне нацыянальнай валюты, Шушкевіч, Кебіч і Багданкевіч - супраць

Абавязковым элемэнтам менскага пэйзажу 1993 году былі хлопцы ля пунктаў абмену валюты, а фразай, якая гучала зь іх вуснаў — «Доллары, марочки, российские рубли!»

У 1993 годзе Беларусь усё яшчэ заставалася ў зоне абароту расейскага рубля, а «зайчык», уведзены ў сярэдзіне 1992 году, меў статус разьліковага білета Нацыянальнага банку і імкліва падаў у адносінах да расейскай валюты, дасягнуўшы курсу 2:1.

Яшчэ ўвосень 1990-га на другую сэсію Вярхоўнага Савету мы вынесьлі пакет эканамічных законапраектаў, які прадугледжваў пераход да рынкавай эканомікі і пазбаўленьне вялікай залежнасьці ад іншых рэспублік СССР, найперш ад Расеі. Мы прапаноўвалі рыхтаваць увядзеньне ўласнай грашовай адзінкі (Пазьняк прапаноўваў назваць яе «талерам»).

Праект пастановы ВС аб стварэньні грашовай сыстэмы, напісаны Зянонам Пазьняком на абароце ўказу прэзыдэнта СССР М. Гарбачова. Арыгінал. 1991 год. З архіву С. Навумчыка.
Праект пастановы ВС аб стварэньні грашовай сыстэмы, напісаны Зянонам Пазьняком на абароце ўказу прэзыдэнта СССР М. Гарбачова. Арыгінал. 1991 год. З архіву С. Навумчыка.

З моманту абвяшчэньня незалежнасьці ў жніўні 1991-га патрабаваньне ўвядзеньня нацыянальнай валюты было адным з асноўных, нароўні са стварэньнем уласнага войска. У красавіку 1992 году ў «Канцэпцыі эканамічнай рэформы», распрацаванай Апазыцыяй БНФ, асобны разьдзел быў прысьвечаны правядзеньню валютнай рэформы і стварэньню фінансавай сыстэмы з нацыянальнай грашовай адзінкай (Тэкст Канцэпцыі ўпершыню апублікаваны 16 красавіка 1992-га ў «Народнай газэце» і зьмешчаны ў кнізе Зянона Пазьняка «Цяжкі час», 2010, с. 356–363).

Эканамічная канцэпцыя Апазыцыі БНФ. "Народная газэта", 14 красавіка 1992
Эканамічная канцэпцыя Апазыцыі БНФ. "Народная газэта", 14 красавіка 1992

Налічыўшы ў стэнаграмах сэсіяў Вярхоўнага Савету за 1993 год сотню патрабаваньняў увядзеньня паўнавартаснай нацыянальнай валюты, я спыніў падлік. Праціўнікамі гэтага выступалі Станіслаў Шушкевіч, Вячаслаў Кебіч і старшыня Праўленьня Нацыянальнага банку Станіслаў Багданкевіч.

Праз шмат гадоў я быў надзвычай зьдзіўлены, прачытаўшы ў адным з інтэрвію Багданкевіча такія словы: «Існавала непрыняцьце ўвядзеньня нацыянальнай валюты з боку нашых органаў улады, парлямэнту. Гэта разглядалася некаторымі дэпутатамі як выхад з рублёвай зоны. І ніякія пераконваньні не дапамагалі дамагчыся ад іх згоды на ўвядзеньне нацыянальнай валюты» («Беларусь. 1991–2006. Итоги», с. 295).

Нібыта правільна, але неабходна ўдакладніць дэталі. У 1992–1993 гадах не старшыня праўленьня Нацбанку, а дэпутаты Апазыцыі БНФ пераконвалі парлямэнцкую большасьць у неабходнасьці ўвядзеньня нацыянальнай валюты, а Станіслаў Багданкевіч якраз даказваў, што гэтага рабіць ня варта.

Між іншым, яшчэ ў 1990 годзе Пазьняк прапанаваў вярнуць гістарычны назоў — талер.

У ліпені 1993-га расейскі ўрад абвясьціў грашовую рэформу, увёўшы замест старых новыя банкноты — не папярэдзіўшы ўрады былых савецкіх рэспублік, якія, як і Беларусь, заставаліся ў зоне расейскага рубля. Рэформа мела канфіскацыйны характар, абмен быў абмежаваны эквівалентам 100 даляраў на аднаго чалавека, і гэта абрынула курс «зайчыка». «У гэтых умовах кіраўніцтва Беларусі так і не наважылася прыняць рашэньне пра ўвядзеньне нацыянальнай валюты, хоць інтарэсы нашай дзяржавы пільна вымагаюць такога кроку», — заявіў 25 ліпеня Сойм БНФ, чарговы раз запатрабаваўшы адстаўкі старшыні Саўміну Вячаслава Кебіча і старшыні Праўленьня Нацыянальнага банку Станіслава Багданкевіча.

У верасьні Багданкевіч заявіў, што «зайчык» увогуле будзе зьліквідаваны — паводле двухбаковага пагадненьня паміж Менскам і Масквой, да 1 студзеня 1994 году маюць быць створаныя «перадумовы для аб’яднаньня грашовых сыстэмаў».

"Зарабляць, нічога не вырабляючы"

Тады ж, у верасьні1993-га дэпутат Апазыцыі БНФ і член фракцыі БСДГ, супрацоўнік Кантрольнай палаты Віталь Малашка надрукаваў артыкул «Палітыка з двайным дном», з падзагалоўкам «Мафія будзе вельмі шкадаваць, калі гэты ўрад пойдзе ў адстаўку», у якім паказаў, што замаруджваньне эканамічных рэформаў і адмова ад увядзеньня нацыянальнай валюты — вынік ня толькі коснасьці мысьленьня кіраўніцтва краіны, але і карупцыйных схемаў.

Асаблівае месца ў гэтых схемах, на думку дэпутата Малашкі, належала Нацыянальнаму банку:

«Маючы добрыя сувязі і спрыт, можна рабіць грошы зусім нічога не вырабляючы — не купляючы і не прадаючы. Тут галоўнае ўважліва сачыць за сюрпрызамі, якія падкідвае наш Нацыянальны банк. Увесну Нацыянальны банк абвясьціў курс безнаяўнага расейскага рубля да беларускага 1:2, і паехалі наяўныя ў Расею цэлымі валізамі: давёз да Смаленску мільён, пераводзь назад празь Беларусь пад падстаўную фірму, і на тваім рахунку ўжо два мільёны, абнаявіў — вязі зноў, і будзе чатыры. Галоўнае мець наяўнымі расейскімі рублямі, а гэта ўвесну пры паралельным хаджэньні грошай было няцяжка. Навошта нешта вырабляць, сеяць, жаць?

Мець наяўныя грошы ў вялікіх памерах маглі тыя, хто меў «сваіх» людзей у банках.

«Або згадайце летні жарт, калі курс безнаяўнага даляра быў штучна падняты да 2000 рублёў, гэта ў той час, калі на «чорным рынку» наяўны даляр каштаваў 1100–1250 руб., — працягваў дэпутат. — Парадаксальная сытуацыя: ва ўсім сьвеце наяўныя і безнаяўныя грошы каштуюць аднолькава, а ў нас можна было купіць на рынку даляры, прадаць іх банку па безнаяўным курсе, атрымаць чэк і абмяняць яго ў краме на наяўныя грошы (за пэўны хабар). А потым ізноў ісьці на рынак і купляць даляры, каб зноў здаць іх у банк… Таму, калі Нацыянальны банк у канцы жніўня падняў курс даляра да 2800 руб., а расейскі рубель зафіксаваў на ўзроўні 1:1,5, шмат што стала зразумелым. Складваецца ўражаньне, што «музыку» Нацыянальнаму банку нехта замаўляе. Але ж не спэцыяльна дзеля карысьці дробных валютчыкаў і «чаўночнікаў» нашая фінансавая сыстэма выпісвае такія піруэты, дарэчы, магчымыя толькі ва ўмовах рублёвай зоны. У краінах, якія ўвялі свае валюты (Эстонія, Латвія), такіх афёраў не назіраецца» («Свабода», №10, верасень 1993).

Тое, пра што пісаў у 1993-м дэпутат і супрацоўнік Кантрольнай палаты Віталь Малашка, праз гады пацьвердзіў бізнэсовец і выдавец Пётра Марцаў, калі распавядаў пра гутарку з кіраўніцай аднаго з банкаў:

«— Пётра, чаму вы не бераце ў мяне крэдыт?

Я кажу:

— Ну як? Гэта ж працэнты трэба плаціць. Са сваімі грашыма лягчэй працаваць.

Тут яна ўпершыню дала мне зразумець, як працуе банк.

— Вазьміце ў мяне крэдыт на мільён даляраў.

— І куды мне яго ўкласьці? У мяне ўжо ўсё расьпісана, цяпер лішніх зьдзелак няма.

— А вы проста вазьміце, у рублях. І канцэртуйце, перавядзіце ў валюту.

— Ну?

— Больш нічога не рабіце.

Банкірка […] растлумачыла мне, што грошы можна зарабляць проста з грошай. Канвэртуеш рублёвыя рэсурсы, а калі курс рубля падае, прадаеш траціну даляраў і закрываеш крэдыт. Усё астатняе застаецца ў цябе. […] навучыла мяне зарабляць на інфляцыі, ня робячы нічога. Натуральна, нейкімі грашыма я дзяліўся зь ёй і з […], які у той час быў старшынём банку. Тады ж нічога не было: ні страхавых кампаній, ні залогаў — можна было падаць банку любую фальшывую дамову, даць банкіру адкат памерам 10% ад сумы і, атрымаўшы крэдыт, узяць і зваліць. Мы так і рабілі» (Саша Раманава. Марцев. Logvіno lіteratūros namaі, Вільня, 2016, с. 136–137).

Я прыбраў прозьвішчы — словы Марцава не пацьверджаныя дакумэнтальна, але яны паказваюць слушнасьць нашых тагачасных заяў пра асабістую зацікаўленасьць банкаўскіх кіраўнікоў у тым, каб як мага даўжэй ня ўводзіць нацыянальную валюту і адцягваць стабілізацыю фінансавай сыстэмы.

Імклівая інфляцыя трымала людзей у стане няўпэўненасьці за будучыню. Людзі ўвязвалі інфляцыю і эканамічныя цяжкасьці з дэмакратыяй і незалежнасьцю, чаму ў немалой ступені спрыяла дзяржаўная прэса; але пра гэта — у іншым месцы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG