Абноўлена: Адвакат Марадоны расказаў, што Дыега Марадона будзе тэхнічным дырэктарам мэксыканскага клюбу (і будзе «кіраваць камандай»), ужо вылецеў у Мэксыку для афіцыйнай прэзэнтацыі. Але пры гэтым Марадона будзе і на пасадзе «ганаровага прэзыдэнта» берасьцейскага «Дынама». Беларускі клюб выдаў афіцыйную заяву аб тым, што Марадона быў запрошаны ў «Дынама» як «ганаровы прадстаўнік» (цяпер да пасады старшыні праўленьня дадаюць у дужках «ганаровы прэзыдэнт»), паводле ўмоваў кантракту можа займаць пасады ў іншых арганізацыях.
Вядомы ў мінулым аргентынскі футбаліст Дыега Арманда Марадона прызначаны галоўным трэнэрам мэксыканскага клюбу другога дывізыёну Dorados de Sinaloa («Дарадас дэ Сіналоа»), паведамляе афіцыйны твітэр каманды.
Як пры гэтым улагодзіцца ягоны папярэдні кантракт, не паведамляецца. Сёлета ў траўні 57-гадовы Марадона заняў пасаду старшыні праўленьня берасьцейскага «Дынама». Перад гэтым ён працаваў трэнэрам эмірацкага калектыву «Аль-Фуджайра», босы якога пасьля няўдалага сэзону сасваталі яго ў Берасьце, куды ў свой час інвэставалі.
Марадона можа працаваць толькі Марадонам
У дынамаўскім офісе не камэнтуюць інфармацыі пра новае месцы працы Марадоны, пакуль толькі зьвязваюцца зь ягонымі мэнэджэрамі. Але кажуць, што дырэктарскія абавязаньні зь яго ніхто не здымаў.
Ад пачатку плянавалася, што Марадона будзе займацца пытаньнямі стратэгічнага разьвіцьця клюбу, узаемадзейнічаць зь ягонымі структурнымі падразьдзяленьнямі, уключна зь дзіцячай акадэміяй.
Падчас падпісаньня дамовы экс-футбаліст заявіў, што гатовы буйна ўкласьціся ў дынамаўскі праект, выдаткаваўшы значную суму на трансфэры. Ягоны заробак пры гэтым не афішаваўся, хоць вядома, што ў Арабскіх Эміратах ён атрымліваў на трэнэрскай пасадзе 10 мільёнаў даляраў на год.
16 ліпеня, адразу пасьля завяршэньня футбольнага чэмпіянату сьвету ў Расеі, дзе Марадона стаў адным з галоўных пастаўшчыкоў скандальных навінаў, новаабраны функцыянэр прыехаў у Берасьце і быў прадстаўлены гульцам і заўзятарам. Адміністрацыя клюбу пасьпяшалася паведаміць, што ўжо вызначылася з домам для свайго старшыні (абавязковай умовай быў катэдж з трэнажорнай заляй у найбліжэйшым прыгарадзе). Але справіць улазіны не пасьпелі: адразу ж пасьля гэтага ён выправіўся ў адпачынак на радзіму і ад таго часу ў Беларусі больш не зьяўляўся.
Ягоныя падначаленыя тым часам дэманструюць зусім невыразную гульню, з ганьбай быў выгнаны шэраг вядучых гульцоў, са скандалам пакінуў пасаду галоўны трэнэр Аляксей Шпілеўскі.
Футбольны агент Валеры Ісаеў у размове з карэспандэнтам Свабоды кажа, што ніколі ня цешыўся ілюзіямі наконт берасьцейскай прыпіскі Дыега Марадоны.
«З улікам таго, што адбываецца вакол Марадоны апошнія гадоў 10, наўрад ці хто чакаў сур’ёзнай супрацы, і тым больш што ён будзе стала працаваць у Беларусі. Кім, у якім статусе? Хіба ўвесьці пэрсанальную пасаду, каб Марадона працаваў Марадонам. Наогул моцна сумняваюся, што ён здольны хоць нешта рабіць. Ну павесяліліся, пабачылі яго на бронетранспартэры. Гледачам, безумоўна, спадабалася. Але да футболу гэта ня мае ніякага дачыненьня. І тое, што здарылася зь некалі вялікім футбалістам, выклікае толькі жаль», — адзначыў суразмоўца.
«Дынама» дамаглося інфармацыйнага шуму
За акіянам у цень былы футбаліст не адышоў, адразу ж трапіўшы ў прыцэл мясцовых папарацы. Паліцыя заявіла, што спыніла Марадону за рулём аўта ў неадэкватным стане, а былая жонка Кляўдыя Вільяфанье абвінаваціла яго ў гвалце і запатрабавала кампэнсацыю ў памеры 1 мільён даляраў.
Дзеля справядлівасьці, у віртуальнай прасторы Марадона ўсё ж думае пра Беларусь. Тыдзень таму ў сваім інстаграм-акаўнце ён павіншаваў з днём нараджэньня Аляксандра Лукашэнку, падзякаваўшы за тое, што «даў прастору для працы ў ягонай краіне». І запэўніў, што «на наступным тыдні» (гэта значыць тым, які падыходзіць да заканчэньня) мае распачаць дзейнасьць на чале «Дынама». Асабістая сустрэча Дыега Армандавіча і Аляксандра Рыгоравіча плянавалася яшчэ ў ліпені, але ў аргентынца ўзьніклі праблемы са здароўем.
Тым ня меней, як лічыць Валеры Ісаеў, пры любым раскладзе берасьцейскае «Дынама» засталося ў выйгрышы — на інфармацыйнай хвалі пра існаваньне беларускага футбольнага «серадняка» даведаўся ўвесь сьвет.
«Прынамсі нічога дрэннага з „Дынама“ ня здарыцца, — сьмяецца ён. — Нават калі мы гаворым, што Марадоны ня будзе ў Берасьці, усё роўна ўзьнікае назва гораду. Напэўна, гэтага берасьцейскі клюб перадусім і дамагаўся, адраснага ўкіду. Таму ў гэтым сэнсе чаго яны хацелі, таго і дасягнулі — інфармацыйнага шуму. На большае, думаю, нават яны не разьлічвалі. Зноў жа, пацешыліся: нехта пабачыў легенду, нехта ўспрыняў усур’ёз, нехта пасьмяяўся. Усе засталіся задаволеныя».
Як вынікае з абяцаньняў Марадоны, на Берасьце ў яго былі амбітныя пляны. Апроч згаданых трансфэраў, якія скалынуць футбольную грамадзкасьць, зьявіліся паведамленьні пра будаўніцтва новага клюбнага стадыёну на 30 тысяч гледачоў. Кіраўніцтва гарвыканкаму пасьпяшалася пацьвердзіць, што гатовае бясплатна вылучыць для гэтага ўчастак каля трасы М1 на менскім кірунку. Праўда, кошты і крыніцы фінансаваньня не называліся.
«Мяркую, гэта пытаньне ўжо не да Марадоны, — падсумоўвае футбольны агент. — Вось чытаем, як прыйшоў у гішпанскі „Вальядалід“ бразыльскі экс-форвард Раналда — набыў 51% акцый і стаў прэзыдэнтам клюбу. Каб і Марадона так прыйшоў у Берасьце, безумоўна, віталі б. Але мы цудоўна разумеем: ён нічога падобнага ня зробіць, найперш зыходзячы са свайго ладу жыцьця. Агулам сытуацыя наўрад ці неяк паўплывае на „Дынама“. Той жа стадыён з Марадонам наўпрост не зьвязаны, дый футбольную акадэмію, як зьбіраліся, ніхто не забараняе назваць яго імем».
Пры гэтым сам Валеры Ісаеў перакананы, што называць спартовыя аб’екты трэба імёнамі не іншаземцаў, а заслужаных беларускіх спартоўцаў, якія прынесьлі славу краіне. Годных прэтэндэнтаў больш чым дастаткова, канстатуе ён.
Дыегу Марадону прызначылі старшынём праўленьня «Дынама-Берасьце» сёлета ў траўні. У ягоныя абавязкі ўваходзілі пытаньні стратэгічнага разьвіцьця клюбу і ўзаемадзеяньне са структурнымі падразьдзяленьнямі.