Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Для Марадоны знайшлі дом у Берасьці


Дыега Марадона ў Берасьці, 16 ліпеня
Дыега Марадона ў Берасьці, 16 ліпеня

У берасьцейскім «Дынама» вызначыліся з домам для Дыега Марадоны, паведаміла Свабодзе прэс-сакратар клюбу Вольга Хіжанкова.

«Для яго знайшлі дом у Берасьці. Літаральна на днях вызначыліся з аб’ектам», — сказала Хіжанкова.

Кошт дому для новага старшыні праўленьня «Дынама-Берасьце» у клюбе назвалі — інфармацыя канфідэнцыйная.

Таксама Хіжанкова абвергла інфармацыю аргентынскага выданьня Сlarin, паводле якога Марадона будзе жыць у 7-пакаёвым доме ў Менску коштам 20 мільёнаў даляраў. Лётаць зь Менску на працу ў Берасьце на прыватным самалёце Марадона таксама ня будзе.

​Як паведамлялася раней, берасьцейскія рыэлтары ацэньваюць магчымы штомесячны кошт арэнды дома для Марадоны ў 3-4 тысячы даляраў. Гэта 6-9 месячных заробкаў звычайнага берасьцейца, улічваючы, што сярэдні заробак у горадзе складае каля 476 даляраў. Асобны катэдж у горадзе або ў межах 5 км ад яго і трэнажорная заля на тэрыторыі — абавязковыя ўмовы будучага жытла Марадоны.

Пра прызначэньне Марадоны старшынём праўленьня «Дынама-Берасьце» паведамілі 15 траўня. 58-гадовы Марадона будзе займацца пытаньнямі стратэгічнага разьвіцьця клюбу, узаемадзейнічаць зь ягонымі структурнымі падразьдзяленьнямі, уключна зь дзіцячай акадэміяй берасьцейскага «Дынама».

Меркавалася, што аргентынец прыступіць да выкананьня паўнамоцтваў пасьля заканчэньня футбольнага чэмпіянату сьвету ў Расеі ў ліпені. Першы візыт Марадоны ў Берасьце адбыўся 16 ліпеня, каб пазнаёміцца з камандай. Мясцовае «Дынама» на вачах свайго новага кіраўніка прагуляла «Шахцёру» зь лікам 1:3.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG