Капаў экскаватарам, ня быў на месцы, недастатковы досьвед — такія закіды прад’явілі археолягу Івану Сьпірыну, які назірае за перакладваньнем камунікацый у двары ўнікальнага Новага замка ў Горадні. Адмысловец правёў журналістаў Свабоды па сьвежых траншэях і адказаў на прэтэнзіі да ягонай працы.
Горадзенскі Новы замак прагучаў на ўсю краіну, калі падчас земляных працаў рабочыя адкрылі сьцяну, верагодна, ХІІ стагодзьдзя. Адразу зьявіўся шэраг абвінавачаньняў.
«Я не разумею, чаму мы мусім апраўдвацца», — кажа Свабодзе старшы навуковы супрацоўнік Інстытуту гісторыі НАН Беларусі Іван Сьпірын, які апошнім часам толькі і робіць, што апраўдваецца.
Закід 1. Капалі экскаватарам
Экскаватар сапраўды выкарыстоўвалі. Але, як кажа Сьпірын, сьцяну ХІІ стагодзьдзя адкрылі рыдлёўкамі. Гэтаксама ўручную раскапалі амаль усю гэтую траншэю даўжынёй каля 40 мэтраў. Тэхнікай здымалі дзірван таўшчынёй каля 20 сантымэтраў у двух месцах, таксама капалі мацярык — самы ніжні слой гліны, які застаўся пасьля сыходу апошняга ледавіка 10 тысяч гадоў таму.
«Там ня можа быць каштоўных матэрыялаў, бо людзі тады яшчэ тут не жылі», — кажа Іван.
У суседняй траншэі, паралельнай вуліцы Давыда Гарадзенскага, экскаватарам здымалі верхні пераадкладзены слой грунту каля 50 сантымэтраў і капалі мацярык.
«Пераадкладзены слой», як яго называюць спэцыялісты, — гэта зямля, якую аднекуль прывезьлі і насыпалі. У ёй слаі розных пэрыядаў перамяшаліся.
«Гэты слой страціў большую частку сваёй навуковай інфарматыўнасьці і ня можа ўтрымліваць у сабе археалягічныя аб’екты. Канечне, рэчы, знойдзеныя тут, каштоўныя самі па сабе, але адарваныя ад кантэксту. Храналягічна яны кажуць толькі пра час фармаваньня і пераадкладаньня гэтага слоя», — кажа археоляг.
Таму тут у ход ідзе тэхніка, але грунт усё роўна пільна пераглядаюць на знаходкі, сьцьвярджае Іван.
Паміж мацерыком і пераадкладзеным слоем на гэтым участку — культурны слой ХІ—ХІІ стагодзьдзя чорнага колеру. Яго таўшчыня на зрэзе 10–20 сантымэтраў. Ён утварыўся натуральным чынам. Ён самы каштоўны, бо рэчы, знойдзеныя ў ім, можна датаваць канкрэтным пэрыядам, а потым гэты пэрыяд апісаць. Яго можна капаць толькі ўручную. Іван запэўнівае, што яны робяць менавіта так.
Самы верхні слой — сьмецьце і будаўнічы друз, які таксама здымаюць каўшом.
Але нават на гэтых участках спачатку робяць невялікі шурф (падкоп) рыдлёўкай, каб упэўніцца, што нічога не пашкодзяць. Экскаватаршчык капае не адразу глыбокую яму, а здымае слаі прыкладна па 20 сантымэтраў. Зямлю на месцы пераглядаюць археолягі.
Брук, які знайшлі пад асфальтам — прыкладна ХІХ стагодзьдзя — даводзіцца разьбіраць. Камяні пакуль складаюць у кучу.
«Нам пішуць зь іншых краін і пытаюцца: „Вы што, хворыя, капаць царкву ХІІ стагодзьдзя экскаватарам? Гэта праўда?“ Адказваем: зразумела, што не. А там, дзе капаем экскаватарам, у нас усё па законе, усё адпавядае нормам археалягічнай этыкі», — кажа Іван Сьпірын.
Закід 2. Неахайнасьць у дачыненьні да ўнікальных аб’ектаў
Іван Сьпірын кажа, што яны клапоцяцца пра ўсе знойдзеныя аб’екты. Менавіта археолягі дамагліся таго, каб цеплатрасу не пракладаць празь сьцяну ХІІ стагодзьдзя, ні вышэй, ні ніжэй за яе. Вырашылі ісьці ў абход. Дзеля гэтага ад сьцяны адступілі каля пяці мэтраў.
Кірунак мянялі ўжо чатыры разы, калі знаходзілі пад зямлёй каштоўны фундамэнт або сьцяну. Прадбачыць гэта немагчыма, бо невядома, якія будынкі стаялі на гэтым месцы ад самага пачатку. Пляны захаваліся толькі зь сярэдзіны XVIII стагодзьдзя.
У траншэі, паралельнай вуліцы Давыда Гарадзенскага, наткунуліся на маршалкоўскія кухні сярэдзіны XVIII стагодзьдзя, — там гатавалі для каралеўскага стала. Каб не пашкодзіць іх, памянялі кірунак цеплатрасы, але празь некалькі мэтраў... сустрэлі пераход з маршалкоўскай кухні ў замак і каменныя падмуркі невядомай пабудовы.
Мусілі вярнуцца назад і пайсьці ранейшым маршрутам. Каб не разьбіраць каштоўную муроўку, вырашылі пакласьці трубы вышэй за норму, але зьверху насыпаць клюмбу, каб гарачая вада для ацяпленьня не астывала ўзімку. Гэта зьменіць ляндшафт, але захавае падмуркі.
Закід 3. Ня быў на месцы
Іван Сьпірын больш як тыдзень не знаходзіўся на месцы земляных працаў. Як ён патлумачыў, у гэты час ён афіцыйна быў у дзьвюх камандзіроўках, а яго замяняла на месцы калега з такімі ж «рэгаліямі» — кандыдат гістарычных навук, старшы навуковы супрацоўнік Інстытуту гісторыі НАН Беларусі Анастасія Касьцюкевіч. Яе накіравала ў Горадню кіраўніцтва, таксама афіцыйна. То бок аб’ект не застаўся без назіраньня.
Закід 4. Няхай замкі капаюць археолягі з досьведам
Выявілася, што ў 30-гадовага Сьпірына за плячыма ўжо чатыры замкі, дзе ён быў кіраўніком раскопак: у Шклове, Копысі, Горках і Міцькаўшчыне (каля Воршы). Самастойна, як кіраўнік, ён капае ўжо шэсьць сэзонаў. Пад чужым кіраўніцтвам — з 2007 году.
«Вядома, горадзенскі замак унікальны. Ва ўсёй Беларусі цяжка знайсьці другі такі аб’ект. Давайце тады запросім туды назіраць за працамі каго-небудзь іншага, хто там ужо капаў. Я ня супраць. Але пакуль кіраўніцтва паслала мяне, і я скончу сваю працу», — эмацыйна кажа Іван.
Археоляг тлумачыць, што меў іншыя пляны на лета і іншыя аб’екты. Але за тры дні сабраўся і прыехаў у Горадню. Чаму абралі менавіта яго, ён ня ведае. Але лічыць сябе дастаткова падрыхтаваным спэцыялістам.
Замоўца, упраўленьне капітальнага будаўніцтва Горадзенскага аблвыканкаму, заключае дамову з Інстытутам гісторыі Нацыянальнай Акадэміі навук. А канкрэтнага супрацоўніка для назіраньня абірае кіраўніцтва Інстытуту. Дакумэнт, які дазваляе археолягу весьці працы на аб’екце, называецца «адкрыты ліст». Такія «адкрытыя лісты» ў Івана ёсьць на ўсе працы на Новым замку: цепласеткі, каналізацыю, электрасеткі.