Топ-мэнэджэры Facebook і Twitter у сераду распавялі камітэту па выведцы Сэнату ЗША аб мерах, якія інтэрнэт-гіганты прымаюць супраць замежных нападаў на амэрыканскую палітычную сыстэму. Сэнатары застаюцца расчараваныя няздольнасьцю гэтых кампаній супрацьстаяць віртуальным пагрозам. У ходзе слуханьняў упалі акцыі сацыяльных сетак: Twitter страціў 4,5 працэнта кошту, а Facebook патаньнеў на 1 працэнт, гаворыцца ў матэрыяле Reuters.
Галоўны апэрацыйны дырэктар Facebook Шэрыл Сэндбэрг заявіла, што адміністрацыя выдаліла «сотні старонак і ўліковых запісаў», западозраных у правядзеньні скаардынаваных падрыўных кампаній. Генэральны дырэктар Twitter Джэк Дорсэй распавёў, што за апошні час было заблякавана амаль 800 акаўнтаў за парушэньне стандартаў плятформы. Абое выступоўцы прызналі недастатковымі крокі, якія іх кампаніі робяць для барацьбы з меркаванай зламыснай дзейнасьцю Расеі.
Прадстаўнікі Google адмовіліся зьявіцца на пасяджэньне асабіста, а замест гэтага перадалі сэнатарам ліст, у якім кампанія прызнала сваю адказнасьць за злоўжываньне яе плятформамі. Аўтары дакумэнту запэўнілі, што яны працягваюць выяўляць нядобрасумленных карыстальнікаў і перашкаджаць ім маніпуляваць рэсурсамі Google.
Сэнатар Рычард Бэры канстатаваў, што інтэрнэт-гіганты не змаглі ліквідаваць рызыку ўмяшаньня ў палітычную сыстэму ЗША. Ягоны калега Марк Уорнэр абвінаваціў Маскву ў працягу ўмяшаньня ў выбарчы працэс, адзначыўшы, што да яе далучаюцца такія краіны, як Іран.
Непасрэдна перад слуханьнямі прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп абвінаваціў Facebook, Twitter і Google у тым, што яны ўмешваюцца ў прамежкавыя выбары, якія пройдуць у лістападзе. Самога Трампа некаторыя апанэнты з Дэмакратычнай партыі абвінавачваюць у «змове з Расеяй» падчас прэзыдэнцкай гонкі. Раней амэрыканскія спэцслужбы прыйшлі да высновы, што Крэмль умешваўся ў прэзыдэнцкія выбары ЗША з мэтай дапамагчы Трампу.