31 жніўня і 1 верасьня ў польскіх Крынках прайшла сустрэча беларусаў Рэспублікі Беларусь, Падляшша і Заходняй Эўропы пад назвай «ХІХ Трыялёг у Крынках. Belarusian Outside».
Гэткія сустрэчы праходзяць у Крынках, мястэчку на мяжы Падляшша зь Беларусьсю, штогод. Заснаваў гэты дыскусійны форум у 1999 годзе беларускі пісьменьнік Сакрат Яновіч, які ў Крынках нарадзіўся і пражыў у іх апошнія 20 гадоў свайго жыцьця. Пасьля сьмерці Сакрата Яновіча, якая наступіла ў 2013 годзе, ідэю Tрыялёгаў працягнуў блізкі сябар пісьменьніка і вядомы беларуска-польскі мастак Лявон Тарасэвіч, заснаваўшы зь некалькімі супрацоўнікамі адмысловы фонд Villa Sokrates і пашырыўшы раней пераважна літаратурныя сустрэчы на іншыя віды мастацтва: жывапіс, тэатар, музыку.
Сёлетнія «праграмныя дыскусіі» ў Крынках, якія адбываліся ў гістарычным будынку Каўкаскай сынагогі, датычылі такой трыяды тэмаў: літаратура, СМІ, культура. Мы, Ян Максімюк і Сяргей Шупа, удзельнічалі ў першай «дыскусійнай панэлі», якая абмяркоўвала пытаньне пашырэньня беларускай літаратуры за мяжою і ў якой, акрамя нас з Прагі, удзел узялі Яраслаў Іванюк (мадэратар, Беласток), Уладзіслаў Ахроменка (Чарнігаў) і Павал Касьцюкевіч (Менск).
Ніжэй мы запісалі жменю нашых найбольш яскравых уражаньняў і адчуваньняў ад гэтай крынкаўскай сустрэчы.
Нас пакуль ня бачаць прафэсіянальныя выдаўцы
Агульная выснова суразмоўцаў была ня надта суцяшальная. На жаль, нягледзячы на даволі працаёмкія памкненьні ў недалёкім мінулым (прыкладам, перакладніцка-выдавецкая актыўнасьць беластоцкіх беларусаў у 1998-2002 гг.; Беларуская бібліятэка Калегіюму Ўсходняй Эўропы ва Ўроцлаве ў першым дзесяцігодзьдзі гэтага стагодзьдзя; ініцыятыва Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Books from Belarus), не ўдалося зацікавіць беларускай літаратурай моцныя выдавецтвы ні ў Польшчы, ні далей на Захадзе, якія маглі б зрабіць для кнігі беларускага аўтара ў перакладзе поўнамаштабную прамоцыю.
Падчас дыскусіі цытаваліся словы некаторых выдаўцоў і літаратурных адмыслоўцаў з Польшчы і Нямеччыны, якія прамым тэкстам заяўлялі, што сучасная беларуская літаратура ім не цікавая, бо беларускія аўтары «зашмат сядзяць у сваім гаршку» і застаюцца ўвесь час адарванымі ад эўрапейскага літаратурнага кантэксту. Спрачацца з такім поглядам даволі цяжка, калі няма перакладаў беларускіх аўтараў на важныя эўрапейскія мовы, а перакладаў жа няма, таму што выдавецкі бізнэс на Захадзе перакананы, што беларускія аўтары не цікавыя і не прададуцца. Вось такое зачараванае кола.
Сытуацыю магла б зьмяніць дзяржаўная прамоцыя беларускай літаратуры за мяжой (як гэта робяць Інстытут Гётэ для нямецкіх аўтараў, Instytut Książki для палякаў ці фонд Norla для нарвэжцаў), але ж такое для беларускай літаратуры ня сьвеціць нават у канцы тунэлю.
Авангарднае беларускае мастацтва ўцякае за мяжу
Адным з пунктаў праграмы «ХІХ Трыялёгу ў Крынках» была выстава ў Галерэі Крынкі беларускіх мастакоў, якія сёньня працуюць у Бэльгіі, Нідэрляндах, Нямеччыне, Польшчы, Расеі і ЗША. Куратар выставы, Андрэй Дурэйка з Дзюсэльдорфу, сабраў у Крынках працы 17 мастакоў, якія не змаглі рэалізаваць свае мастакоўскія канцэпцыі ў Беларусі і зьехалі за мяжу або былі адлічаныя з вучэльняў у Беларусі і працягвалі навуку за мяжой. Вось гэтыя імёны: Аліна Блюміс, Максім Вакульчык, Ягор Галуза, Жанна Грак, Лена Давідовіч, Андрэй Дурэйка, Аляксей Казанцаў, Андрэй Логінаў, Віка Мітрычэнка, Марына Напрушкіна, Уладзімір Пазьняк, Ганна Сакалова, Лена Сулкоўская, Максім Тымінко, Ігар Цішын, Сяргей Шабохін, Яна Шостак, Алег Юшко. У выставе быў прадстаўлены «шырокі спэктар мэдыяў і плыняў, ад геамэтрычнай абстракцыі да палітычнага арт-актывізму» (з інфармацыйнага матэрыялу выставы).
Амаль усе наведнікі выставы захацелі зрабіць сабе фотку на памяць на фоне чорна-бела-чорнага сьцягу (Ганна Сакалова) і гатычнага чорнага надпісу Weissrussland (Андрэй Дурэйка) на сьцяне галерэі. Тут нічога палітычнага, тлумачыў куратар выставы, гэта проста канцэптуальнае мастацтва.
Усё круціцца вакол магіі Лёнікавага імя
Усе ў Крынках і па-за імі разумеюць, што калі б не Лявон (Лёнік) Тарасэвіч, сустрэчы на Трыялёгах ня мелі б і дзясятай долі такой значнасьці ў культурным кантэксьце Польшчы, якую яны маюць цяпер. Усім ясна, што бязь Лёніка як старшыні фонду Villa Sokrates і галоўнага генэратара ідэй для Трыялёгаў імпрэза не атрымала б такой дзяржаўнай датацыі, якую яна мае цяпер. Дзяржаўнае спонсарства і пазыцыя Лёніка ў мастацкім сьвеце Эўропы дазваляе беларускаму мастаку з Валілаў у Гарадоцкай гміне запрасіць у Крынкі практычна любую асобу з Польшчы ці з суседніх зь ёю краінаў, якая уяўляе цікавасьць для тэматыкі Трыялёгаў, то бок, агульна кажучы, для тэмаў існаваньня культуры меншасьці сярод большасьці на палітычна-эканамічна-моўным памежжы.
Імпануе таксама жыцьцёвая дысцыплінаванасьць Лёніка, які акрамя працы выкладчыка-прафэсара ў Мастацкай акадэміі ў Варшаве, гадоўлі некалькіх соцень аздобных курэй у Валілах і ўдзелу ў шматлікіх мастацкіх праектах і выставах на працягу году, мае яшчэ час і энэргію на Трыялёгі і выдаваньне зьвязанага зь імі штогадовага альманаху Annus Albaruthenicus. Безумоўна, сама ідэя трыялёгаў, як за часу Сакрата Яновіча, так і пры Лёніку Тарасэвічу, значна перасягае культурна-інтэлектуальныя запатрабаваньні жыхароў Крынак, але яна выдатна працуе навонкі. Беларускасьць у Польшчы, дзякуючы крынкаўскім сустрэчам, перастала быць выключна фальклёрным паняткам. Наступіла стратыфікацыя культурных і інтэлектуальных патрэбаў беларускай меншасьці на Падляшшы. Фальклёрныя канцэрты нікуды не падзеліся і ладзяцца далей, як 30 і 60 гадоў таму, але тыя, хто імі наеўся дасыта, могуць ужо прыехаць на беларускі канцэрт іншага кшталту ў Крынках. Сёлета там выступала беларускае трыё «Port Mone».
Беларусь і Беласточчына жывуць на розных плянэтах
У дыскусіях часта закраналіся і беларуска-беластоцкія дачыненьні. Ці маюць яны пэрспэктыву? Пасьля кароткага «мядовага месяца» на пераломе 1980-90-х гадоў, калі ў пэўным сэнсе Беласточчына зрабілася мостам паміж Беларусьсю і сусьветнай беларускай дыяспарай, мэтраполія пачала памалу страчваць цікавасьць да беларусаў Беласточчыны. Пра іх існаваньне ўспамінаюць хіба што ў сувязі з штогадовым Басовішчам і нешматлікімі іншымі культурнымі імпрэзамі.
Афіцыйны Менск падтрымлівае сувязі на вышываначна-цымбальным узроўні, пасылаючы ў заходнюю правінцыю фальклёрных культуртрэгераў, якія наносяць больш шкоды, бо выцясьняюць казённай творчасьцю аўтэнтычныя мясцовыя традыцыі. Яшчэ горш выглядаюць спробы беларускіх афіцыйных асобаў бараніць беларусаў ад палякаў у нейкіх неадназначных або канфліктных сытуацыях, зьвязаных зь мясцовай гісторыяй. «Я б не хацеў мець такіх адвакатаў з Усходу», — прызнаўся адзін з дыскутантаў.
Былі прыгаданыя і крыўдныя словы рэдактара аднаго з папулярных беларускіх рэсурсаў пра местачковасьць і абмежаванасьць беларусаў Падляшша, якія «не пусьцілі» Лявона Вольскага на канцэрт да 100-годзьдзя БНР у Менск. «Што ж, мы горшыя за вас беларусы? Не заслугоўваем права на такія сьвяты?»
Уратуе толькі распад Расеі
Гэта радыкальная выснова, але да яе схілялася большасьць удзельнікаў дыскусіяў пра беларускія СМІ і культуру. Беларуская дзяржава не займаецца падтрымкай і прамоцыяй беларускай культуры дома і за мяжой не таму, што ня мае адпаведных спэцыялістаў ці патрэбных дзеля гэтага грошай, а таму, што яна разумее, што яе палітычна-эканамічны лёс залежыць поўнасьцю ад Расеі, якая ніколі не дазволіць беларусам ніякай вольніцы нават у культуры. «Запомніце: Расея ніколі не адпусьціць Беларусь! Чуеце? Ніколі!» — цытаваў Валянцін Акудовіч катэгарычнае тлумачэньне беларускай праблемы з вуснаў былога міністра і палітвязьня Васіля Лявонава.
Вось жа, прычынны ланцужок — хто на каго ківае — вымаляваўся такі:
— беларуская культура будзе ў загоне, пакуль не дапаможа дзяржава;
— беларуская дзяржава не дапамагае, бо Расея ня дасьць ёй рабіцца больш беларускай;
— Расея не дае, бо ня можа дапусьціць «страты» Беларусі — а далей усе прычыны губляюцца ў імгле...
Што рабіць з Расеяй — невядома. Мабыць, сядзець на беразе ракі і чакаць, калі міма праплыве яе распад.