Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Amnesty International адзначыла «нізкі ўзровень» свабоды слова ў Беларусі


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International выдала заяву (PDF) аб сытуацыі са свабодай слова ў Беларусі, якая дасягнула «нізкага ўзроўню».

У галіне права на свабоду выказваньня думкі ў Беларусі за мінулыя тыдні нанесьлі сэрыю сур’ёзнах удараў, пішуць у заяве.

Згадваецца, што галоўная рэдактарка сайту «Хартыя-97» Натальля Радзіна атрымала пагрозы, якія, на яе думку, зыходзяць зь Беларусі, а сам сайт «Хартыі» ў Беларусі застаецца афіцыйна заблякаваным. Спробы праваабаронцы Паўла Левінава аспрэчаць блякаваньне сайту ў судах толькі паказалі, што юрыдычны шлях вырашэньня праблемы адсутнічае.

У жніўні прынамсі 18 журналістаў затрымлівалі ў межах «справы БелТА», ладзіліся маштабныя ператрусы ў рэдакцыях Tut.by, БелаПАН і іншых выданьняў, васьмі журналістам пагражаюць турэмныя зьняволеньні. У дзяржаўных СМІ паведамлялася пра «злачынствы» канкрэтных людзей, імёны якіх агучваліся яшчэ да вынясеньня судовых выракаў, што парушае прэзумпцыю невінаватасьці.

Нядаўнія папраўкі ў закон «Аб СМІ», піша Amnesty International, толькі падкрэсьліваюць усё больш рэпрэсіўнае асяродзьдзе, у якім даводзіцца працаваць незалежным журналістам. Гэтыя папраўкі сур’ёзна перашкодзяць замежным або часткова замежным выданьням у Беларусі, дадуць Міністэрству інфармацыі рычагі кантролю над усімі інтэрнэт-рэсурсамі.

«Улады Беларусі мусяць неадкладна скасаваць рэпрэсіўныя папраўкі ў закон „Аб СМІ“ і прывесьці заканадаўства ў адпаведнасьць з нормамі міжнароднага права і стандартамі ў галіне правоў чалавека, — пішуць у заяве. — Поўны і бесьперашкодны доступ да сайту „Хартыі-97“ павінен быць адноўлены без затрымкі. Улады павінны спыніць напады на іншадумства і гарантаваць, што любыя абвінавачваньні, выстаўленыя супраць журналістаў і іншых работнікаў СМІ, якія проста робяць сваю працу, спыненыя.

Замест таго, каб душыць плюралізм і адкрытыя абмеркаваньні, улады павінны спрыяць стварэньню ўмоваў, у якіх права на свабоду выказваньня паважаецца, журналісты могуць працаваць, не баючыся рэпрэсіяў, і што людзі ў Беларусі могуць шукаць, атрымліваць і распаўсюджваць інфармацыю і ідэі згодна абавязаньням Беларусі ў межах міжнароднага права ў галіне правоў чалавека».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG