Па выніках таргоў на валютна-фондавай біржы 3 верасьня курс беларускага рубля склаў 2,0886 за даляр; 2,4218 за эўра і 3,0794 за 100 расейскіх рублёў.
Гэта не найгоршы курс беларускага рубля да даляра за ўвесь час (у лютым 2016 году было 22 069 «недэнамінаваных» рублёў за даляр — гэта як 2,2069 «дэнамінаванага» рубля), але найніжэйшы з часоў дэнамінацыі (якая праводзілася ў 2016 годзе пры курсе каля 2,005 рубля за даляр).
Курс даляра рэзка падскокваў да 2,0698 рубля ў красавіку сёлета, але затым хутка ўпаў да 2 рублёў з «падскокамі» да 2,02 рубля. У ліпені было нават падзеньне да 1,97. Цяперашні рост трывае з пачатку жніўня.
Эўра таксама расьце да беларускага рубля, але да рэкорду далёка: у красавіку бягучага году было 2,558 рубля за эўра.
Расейскі рубель падаў да беларускага з пачатку году (калі за 100 расейскіх давалі каля 3,5 беларускага), але дасягнуўшы гадавога мінімуму ў 2,9974 беларускага за 100 расейскіх 24 жніўня, пачаў нязначна расьці і вярнуўся на ўзровень «дэнамінацыйных» дзён.