Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Мазыры міліцыя назвала жывадзёра, які расчляняў і заліваў кіпнем кацянят


© Shutterstock
© Shutterstock

Супрацоўнікі Мазырскага РАУС ідэнтыфікавалі мясцовага жыхара, які падазраецца ў жорсткім абыходжаньні з жывёламі.

Напярэдадні ў міліцыю зьвярнулася жыхарка райцэнтра, якая зьяўляецца прадстаўніцай мясцовых абаронцаў жывёлаў. Яна паведаміла, што ў Мазыры можа пражываць чалавек, які мае дачыненьне да стварэньня відэаролікаў у інтэрнэце аб жорсткім абыходжаньні з жывёламі.

Раней расейскія калегі паведамілі мазырскім абаронцам жывёлаў пра тое, што выкрылі ў беларускім горадзе жывадзёра, які паліваў кацянят кіпнем і расчляняў іх. Катаваньне жывёлаў мужчына здымаў на відэа і выкладаў у інтэрнэце.

Падчас правядзеньня апэратыўна-вышуковых захадаў супрацоўнікі міліцыі знайшлі магчымага жывадзёра – гэта раней судзімы 27-гадовы жыхар райцэнтру. Яго падазраюць у жорсткім абыходжаньні з жывёлай, паведаміў афіцыйны прадстаўнік Гомельскага УУС Юры Пількевіч.

У міліцыі дадалі, што Сьледчы камітэт ужо завёў у дачыненьні падазраванага крымінальную справу паводле ч.1 арт. 339/1 Крымінальнага кодэксу Беларусі («Жорсткае абыходжаньне з жывёлай»). Паводле артыкулу, суд можа пакараць вінаватага грамадзкімі работамі, або штрафам, або папраўчымі работамі на тэрмін да аднаго году, або арыштам.

Ад нядаўняга часу правы жывёлаў таксама рэгулююцца асобнымі артыкуламі Адміністрацыйнага і Крымінальнага кодэксаў Рэспублікі Беларусь. Першы прадугледжвае пакараньне ў выглядзе папярэджаньня або штрафу, другі — арышту.

Крымінальная адказнасьць за жорсткае абыходжаньне з жывёламі набыла сілу ў 2015 годзе і рэгулюецца артыкулам 339.1 КК. Тады ж супрацоўнікі міліцыі атрымалі права складаць пратаколы і прыцягваць да адказнасьці. Падстава — чалавек зьдзекуецца з жывёлы наўмысна і з падкрэсьленай жорсткасьцю.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG