Па словах відавочцаў, гэта быў кіраўнік гаспадаркі Віктар Рабцаў. Два сабакі атрымалі цяжкія раненьні. Па факце жорсткага абыходжаньня з жывёламі міліцыя праводзіць праверку. Магчыма ўзбуджэньне крымінальнай справы.
Пра гэты выпадак расказалі ў навіннай праграме «24 гадзіны» на тэлеканале СТБ .
Шасцімесячнай дварняжцы Лушы ветэрынарам прыйшлося выдаляць вочны яблык, куды трапіла куля. Зараз сабака знаходзіцца ў валантэраў, якія аплочваюць лячэньне і шукаюць новага гаспадара.
Як вынікае зь сюжэту, Луша разам зь іншымі бяздомнымі сёстрамі жыла на малочна-таварным комплексе. Работнікі іх рэгулярна падкормлівалі. Але днямі прыехаў чалавек са стрэльбай, учыніў самасуд, а потым выправіўся на іншую фэрму і зноў распачаў страляніну.
Наступнай ахвярай стаў Мулік, гадаванец работніцы агракамбінату «Усход». Куля трапіла сабаку ў шыю, зачэпленая трахея. Ветэрынары не бяруцца рабіць апэрацыю, кажуць, што 12-гадовая жывёла не перанясе наркоз.
Адметна, што адстрэл сабак здарыўся пасярод дня. Сьведкамі жорсткай расправы сталі амаль усе работнікі фэрмы, але спыніць стральбу не рызыкнулі.
«Мсьціўцам» аказаўся Віктар Рабцаў — малады кіраўнік буйнога агракамбінату. Свой учынак патлумачыў проста: сабакам ня месца на малочна-таварным комплексе.
Праваахоўныя органы пачалі праверку. Зброя канфіскавана і знаходзіцца ў Магілёўскім РАУС на экспэртызе. Па яе выніках будзе прымацца рашэньне, як кваліфікаваць паводзіны выканаўцы дырэктара.
Разглядаюцца два варыянты клясыфікацыі надзвычайнага здарэньня: адміністрацыйнае правапарушэньне альбо крымінальны артыкул «Жорсткае абыходжаньне з жывёламі».