Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мне сорамна, прабачце». На судзе ў справе Коржыча дапыталі сьведку — прапаршчыка Вірбала


Архіўнае фота
Архіўнае фота

Артур Вірбал праходзіць у справе ў якасьці сьведкі. У судовай залі ён папрасіў прабачэньня ў Сьвятланы Коржыч.

31 жніўня на працэсе ў справе аб сьмерці Аляксандра Коржыча ў Менскім абласным судзе дапыталі яго былога камандзіра прапаршчыка Артура Вірбала.

Артур Вібрал, архіўнае фота
Артур Вібрал, архіўнае фота

Вірбал быў адным зь першых затрыманых у Печах у кастрычніку 2017 году. Пачаткова яго абвінавачвалі ў махлярстве, у красавіку 2018 году старшыня Сьледчага камітэту Іван Наскевіч паведаміў, што справа Вірбала вылучаная ў асобнае праводжаньне. Прапаршчыка абвінавачваюць у злоўжываньні ўладай.

«10 ліпеня, па-мойму, гэта было, — расказаў Вірбал у судзе. — Быў пэрыяд, калі я меў патрэбу ў грашах. Папрасіў пазычыць мне сяржанта Бараноўскага. Ён сказаў, што сам ня мае грошай, але паспрабуе знайсьці. Празь нейкі час прывёў да мяне Коржыча. Коржыч сказаў, што можа мне пазычыць грошай, але просіць таксама для яго зьняць грошы ў банкамаце. Я пагадзіўся».

Вірбал расказаў, што скарыстаўся карткаю Коржыча двойчы. Спачатку набыў зь яе дапамогай для сябе прадукты ў краме, затым з банкамату зьняў 20 рублёў для Коржыча.

«Картка ў мяне была прыкладна тыдзень, — расказаў Вірбал. — Пазыку я вярнуў пасьля другой часткі свайго адпачынку. На той момант Коржыч ужо зьвярнуўся да Сукавенкі (камандзір роты. —​ РС). Сукавенка мне нагадаў, я ўсё вярнуў — 45 рублёў. Гэта адбылося 6 жніўня».

Вірбал таксама паведаміў, што з усімі саслужыўцамі быў у добрых адносінах, стараўся дапамагаць усім. Са словаў прапаршчыка, яму сорамна за тое, што скарыстаўся грашамі падначаленага.

«Мне сорамна, што я ўлез у гэтую справу, — сказаў Вірбал маці Аляксандра Коржыча Сьвятлане. — Хачу перад вамі папрасіць прабачэньня. Прабачце, калі я вам прычыніў шкоду. Мне сорамна. Але я ня зьдзейсьніў нічога крымінальнага. Проста дапусьціў памылку».

Паводле Артура Вірбала, пры ім абвінавачаныя сяржанты не наносілі ўдараў салдатам, маглі толькі падвысіць голас на іх. Пра выпадкі нестатутных адносінаў Вірбал таксама нічога паведаміць на судзе ня змог.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG