Трамп зьвярнуў увагу на тое, што ЗША рэгулярна прайграюць спрэчкі ў рамках WTO.
Прэзыдэнт Злучаных Штатаў Дональд Трамп сказаў, што ЗША выйдуць з WTO (Усясьветнай гандлёвай арганізацыі), калі апошняя ня стане лепш ставіцца да ЗША. Пра гэта Трамп заявіў у інтэрвію Bloomberg.
«Калі WTO ня зьменіцца — я выйду з арганізацыі», — сказаў Трамп.
Паводле яго, устаноўчае пагадненьне WTO была «найгоршаю гандлёваю дамоваю сярод калі-небудзь заключаных». Ён адзначыў: ЗША рэгулярна прайграюць спрэчкі ў межах арганізацыі.
«Толькі летась мы пачалі шмат выйграваць. Ведаеце, чаму? Бо яны ведаюць, што ў выпадку нашага пройгрышу я пакіну арганізацыю», — падкрэсьліў Трамп.
Bloomberg адзначае, што выхад ЗША з WTO «сур’ёзна падарве шматбаковую гандлёвую сыстэму, якая сфармавалася пасьля Другой усясьветнай вайны пры спрыяньні ЗША».