Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Макей выказаўся за далучэньне Беларусі да WTO і дыялёг Расеі з NATO


Міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей
Міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей

Міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей выступіў на адкрыцьці міжнароднай канфэрэнцыі «Менскі дыялёг».

Дзяржаўнае інфармагенцтва БелТА перадае шэраг заяваў міністра:

«Найхутчэйшае далучэньне Беларусі да WTO (Усясьветнай гандлёвай арганізацыі. — РС) будзе спрыяць пашырэньню гандлёва-эканамічных сувязяў, спрыяльна адаб’ецца на інвэстыцыйным клімаце і бізнэс-іміджы краіны».

«Мы ўдзячныя і нашым амэрыканскім, і эўрапейскім партнэрам за падтрымку намаганьняў Беларусі, накіраваных на актывізацыю працэсу нашага далучэньня да WTO».

«Задача забесьпячэньня эканамічнай бясьпекі — адна з першарадных для Беларусі».

«Задача палягае ў тым, каб мы мелі раўнаважныя стасункі з краінамі далёкай дугі, партнэрамі ў межах Эўразійскага эканамічнага саюзу і Эўрапейскага саюзу. Калі мы забясьпечым гэтыя суадносіны — прыблізна „траціна — траціна — траціна“, — мы зможам адчуваць сябе ўпэўнена ў любой складанай сытуацыі».

Макей будзе гаварыць пра «Белы легіён» з замежнымі амбасадарамі

«Нармальны дыялёг паміж Усходам і Захадам — у нацыянальных інтарэсах Беларусі».

«Мы не зьбіраемся балянсаваць на карысьць таго ці іншага боку (Усходу ці Захаду. — РС). Мне асабіста не падабаецца назва, што Беларусь павінна быць мостам паміж Усходам і Захадам. Не. Мы проста, зыходзячы з нашых нацыянальных інтарэсаў, спрабуем прапанаваць ідэі, якія дапамаглі б пабудове нармальнага дыялёгу паміж рознымі апанэнтамі».

«Трэба адыходзіць ад ваяўнічай рыторыкі. Трэба выстройваць больш даверу адзін да аднаго, і на гэтай аснове ладзіць стасункі».

«Няма гатоўнасьці найбуйнейшых гульцоў супольна шукаць разьвязкі. Фактычна вядзецца вайна нэрваў. Горш гэтага варыянту можа быць толькі вяртаньне да свайго кшталту блёкавага супрацьстаяньня. Зразумела, што на водападзеле гэтага супрацьстаяньня апынулася б і Беларусь. Таму мы вельмі зацікаўленыя ў тым, каб пазьбегнуць такога разьвіцьця сытуацыі».

«Відавочная дэградацыя пэўных мэханізмаў забесьпячэньня міжнароднай бясьпекі і эскаляцыя напружанасьці як у нашым непасрэдным суседзтве, так і ў сьвеце ўвогуле».

Макей не пацьвердзіў, што шэнгенскія візы патаньнеюць з 2018 году

«Вядома, мы (зь міністрам замежных спраў Расеі Сяргеем Лаўровым у час будучай сустрэчы. — РС) будзем рэальна ацэньваць сытуацыю на нашых агульных заходніх межах. Мы ня можам абысьці гэта ўвагай. Але мы не павінны зыходзіць толькі зь нейкіх гіпатэтычных высноваў, пагрозаў або выклікаў. Мы павінны рэальна ацэньваць сытуацыю і прымаць адэкватныя захады рэагаваньня».

«Паміж Расеяй і NATO адназначна патрэбен дыялёг. Я думаю, нікому не патрэбна сёньня бескантрольная гонка ўзбраеньняў, якая прывядзе толькі да павелічэньня нестабільнасьці ў нашым рэгіёне. Нам хопіць канфліктаў, якія ўжо ёсьць. Дай Бог зь імі справіцца ў найбліжэйшай будучыні».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG