Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь спадзяецца далучыцца да WTO ўжо сёлета. Сёньня ў Жэнэве аднаўляюцца перамовы


Сёньня ў Жэнэве пачынаецца чарговы раўнд перамоваў аб далучэньні Беларусі да Усясьветнай гандлёвай арганізацыі (WTO). Беларускую дэлегацыю на перамовах узначальвае першы намесьнік міністра замежных спраў Андрэй Еўдачэнка.

Паводле інфармацыі МЗС, у склад дэлегацыі ўвайшлі прадстаўнікі міністэрстваў замежных спраў, эканомікі, антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю, фінансаў, сельскай гаспадаркі і харчаваньня, аховы здароўя, юстыцыі, а таксама Дзяржкамітэту стандартызацыі, Дзяржаўнага мытнага камітэту, Нацыянальнага цэнтру інтэлектуальнай уласнасьці і Нацбанку.

У рамках візыту, які будзе доўжыцца па 26 студзеня, адбудзецца восьмае афіцыйнае пасяджэньне рабочай групы па далучэньні Беларусі да WTO з удзелам прадстаўнікоў 46 краінаў — чальцоў арганізацыі, а таксама пройдуць двухбаковыя перамовы беларускай дэлегацыі з дэлегацыямі больш як дзесяці краінаў.

Беларускі бок прадставіць у Жэнэве свой погляд на ўсе спрэчныя пытаньні, паведаміў журналістам 20 студзеня міністар замежных спраў Уладзімер Макей. «Мы не чакаем, што адразу ж атрымаем зялёнае сьвятло, але перамовы зьяўляюцца вельмі важнымі. Яны важныя для высьвятленьня пазіцыяў бакоў, удакладненьня падыходаў адпаведных дзяржаў і давядзеньня нашай пазыцыі ў спрэчных пытаньнях, якія яшчэ пакуль застаюцца», — сказаў ён.

Заяўку на ўступленьне ў WTO Беларусь падала яшчэ ў 1993 годзе. У чэрвені 2009-га Беларусь, Казахстан і Расея раптоўна аб’явілі, што прыпыняюць двухбаковыя перамовы аб уступленьні ў WTO і будуць весьці кансультацыі на прадмет уступленьня ў арганізацыю адзінай мытнай тэрыторыяй. Аднак празь некалькі месяцаў тры краіны аднавілі двухбаковыя перамовы аб далучэньні да WTO паасобку. У выніку Расея стала сябрам WTO ў жніўні 2012 году, Казахстан — у лістападзе 2015-га.

У кастрычніку 2012 году Аляксандар Лукашэнка заявіў, што вострая неабходнасьць ўступленьня Беларусі ў WTO адпала пасьля ўступленьня туды Расеі. «Мы фактычна працаваць будзем у рамках Усясьветнай гандлёвай арганізацыі, асабліва маю на ўвазе, што Расея — наш асноўны партнэр. Таму, можа быць, нават і лепш, што мы паступова прывыкнем да гэтых нормаў Усясьветнай гандлёвай арганізацыі», — сказаў ён. Тады ж Лукашэнка зьвярнуў увагу на палітычны аспэкт праблемы: «Мы правялі перамовы, але наткнуліся на палітычны плот. Нам кажуць, што гэта чыста гандлёвая, эканамічная арганізацыя — Усясьветная гандлёвая арганізацыя. Нічога падобнага. Палітыка тут пераважае. І палітычны плот гэты выбудавалі перад намі Эўразьвяз і Злучаныя Штаты Амэрыкі зь вядомых вам прычынаў: у нас няма правоў чалавека, у нас апошні аплот дыктатуры там і гэтак далей і да таго падобнае».

Вясной 2013 году Беларусь аднавіла перамовы аб уступленьні ў WTO.

29 сакавіка 2016 году Лукашэнка правёў нараду аб узаемадзеяньні краіны з WTO, на якой даручыў актывізаваць перамоўны працэс. Неўзабаве пасьля гэтага ўказам прэзыдэнта быў абноўлены склад міжведамаснай камісіі ў пытаньнях далучэньня Беларусі да WTO, якую ўзначаліў першы віцэ-прэм’ер Васіль Мацюшэўскі.

Шэраг экспэртаў лічаць, што Беларусь сур’ёзна запазьнілася з уступленьнем у WTO. Так, адзначаюць яны, за мінулыя 20 гадоў працэс далучэньня да арганізацыі істотна ўскладніўся. Акрамя таго, аналітыкі паказваюць на такія ўпушчаныя выгады ад сяброўства ў WTO, як паляпшэньне доступу на рынкі краінаў-партнэраў за кошт зьніжэньня шэрагу гандлёвых бар’ераў, магчымасьць выкарыстаньня мэханізму вырашэньня спрэчак, скарачэньне антыдэмпінгавых расьсьледаваньняў.

Беларусь — адзіная дзяржава Эўразійскага эканамічнага саюзу (ЭАЭС), якая не зьяўляецца чальцом WTO.

Старшыня Беларускай гандлёва-прамысловай палаты Ўладзімер Улаховіч учора ў інтэрвію тэлеканалу заявіў, што далучэньне Беларусі да WTO магчымае ўжо сёлета:

«Заўсёды няўдзячная справа называць тэрміны, але я не выключаю, што да канца гэтага году. Вельмі хутка адбудзецца чарговы раўнд перамоваў; я думаю, пасьля гэтага мы больш дакладна зможам казаць пра тэрміны. Мы шмат у чым ужо працуем па прынцыпах WTO, бо Эўразійскі эканамічны саюз пабудаваны на тых жа прынцыпах. Адзінае, што мы павінны зрабіць — гэта прыняць усе пераходныя захады абароны нашых фінансавых інстытутаў, сельгасвытворцаў, як гэта робіцца ва ўсіх краінах, якія ўваходзяць у WTO», — канстатаваў кіраўнік БелГПП.

На яго думку, вялікіх бар’ераў для ўступленьня Беларусі ў WTO цяпер не існуе. «Пры нашым жаданьні мы вельмі хутка станем чальцамі WTO», — заявіў Улаховіч, якога цытуе БелТА.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG