Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп апублікаваў у Твітэры заяву Белага дому, дзе кажа, што ягоныя дачыненьні з Кім Чэн Ынам вельмі добрыя і цёплыя, і цяпер няма прычыны выдаткоўваць вялікія сумы грошай на супольныя вайсковыя манэўры ЗША і Паўднёвай Карэі.
Як паведамляе агенцтва Reuters, заява зьявілася празь некалькі дзён пасьля скасаваньня плянаванага візыту дзяржаўнага сакратара Майка Пампэо ў Паўночную Карэю з прычыны адсутнасьці прагрэсу ў дэнуклеарызацыі.
У заяве сьцьвярджаецца, што Дональд Трамп спадзяваўся на «магутны ціск» Кітаю на Пхэньнян, але Пэкін забясьпечвае КНДР «істотнай дапамогай».
Трамп зазначыў, што можа неадкладна аднавіць вучэньні з Паўднёвай Карэяй і Японіяй, калі палічыць патрэбным.