Паўночнакарэйскія ўлады папярэдзілі ЗША аб тым, што перамовы аб ядзерным раззбраеньні КНДР знаходзяцца на мяжы зрыву.
Пра гэта гаворыцца ў лісьце, які прадстаўнікі Пхэньяну накіравалі дзяржсакратару Майку Пампэо, паведамляе 28 жніўня CNN са спасылкай на ананімныя крыніцы.
Паўночнакарэйскае кіраўніцтва прыгразіла аднавіць ракетную і ядзерную праграму, калі ЗША адмовяцца заключыць мірную дамову.
Фармальна Карэйская вайна ў сярэдзіне мінулага стагодзьдзя закончылася перамір’ем, таму тэхнічна амэрыканскі бок усё яшчэ застаецца ў стане вайны з Паўночнай Карэяй. ЗША не сьпяшаюцца падпісваць дакумэнт аб заканчэньні ваенных дзеяньняў, патрабуючы ад Пхеньяну поўнай адмовы ад ядзернай зброі.
26 жніўня паўночнакарэйскія СМІ абвінавацілі ЗША ў падрыхтоўцы «злачыннай змовы». Гэта адбылося пасьля таго, як прэзыдэнт Дональд Трамп адклікаў заплянаваны візіт Пампэо ў Пхэньян. Такім чынам кіраўнік Белага дому адрэагаваў на ваяўнічае пасланьне ад высокапастаўленага паўночнакарэйскага чыноўніка, паводле газэты Washington Post. Як адзначалася, амэрыканскі лідэр раней прызнаў, што перамовы з КНДР на дадзены момант зайшлі ў тупік.
Трамп неаднаразова называў пасьпяховай сваю сустрэчу з кіраўніком Паўночнай Карэі Кім Чэн Ынам, якая адбылася ў чэрвені ў Сынгапуры. Як доказ ён называў адмову Пхэньяну ад правядзеньня ядзерных і ракетных выпрабаваньняў. Амэрыканская выведка, аднак, ня ўбачыла сур’ёзнага прагрэсу ў згортваньні ядзернай праграмы КНДР. Паводле зьвестак СМІ, Трамп у прыватных гутарках выказваў расчараваньне дзеяньнямі Пхэньяну, аднак публічна працягваў настойваць на тым, што амэрыканска-карэйскі саміт зьяўляецца яго вялікім дыпляматычным дасягненьнем.