Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Актывісты напісалі на Зайдэса скаргу ў пракуратуру за салют ля Курапатаў 


Забаўляльны комплекс «Поедем поедим» побач з Курапатамі.
Забаўляльны комплекс «Поедем поедим» побач з Курапатамі.

Абаронцы Курапатаў падрыхтавалі заяву ў Генэральную пракуратуру Беларусі на гаспадароў рэстарацыі «Поедем поедим», якая месьціцца побач з мэмарыялам памяці ахвяраў сталінізму ў Курапатах. Цяпер ідзе збор подпісаў пад скаргай.

Нагодай стала вясельле з салютам і фаервэркамі, якія 17 жніўня зьняў на відэа актывіст Зьміцер Дашкевіч.

«Па гэтым выпадку абавязкова будзем падаваць заяву ў Генпракуратуру, — сказаў Свабодзе сустаршыня Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Павал Севярынец. — Бо ня толькі сам Леанід Зайдэс (адзін з уласьнікаў рэстарацыі. — РС) не стрымаў слова, парушаныя ўласна прадпісаньні Генпракуратуры, ня кажучы пра ўсе маральныя нормы. Таму будзем прапаноўваць шэраг контразахадаў. Заява будзе перададзеная бліжэйшымі днямі».

Генэральная пракуратура паведаміла, што зямельны ўчастак пад рэстарацыяй «Поедем поедим» мае «абцяжараньне ў выкарыстаньні». У прыватнасьці, тут выключаюцца ўсе віды «гучных мерапрыемстваў» і арганізацыя адпачынку на адкрытым паветры.

Абмежаваньне тлумачылася «неабходнасьцю выключыць парушэньне сакральнага характару прылеглай з усходняга боку гісторыка-культурнай каштоўнасьці».

20 ліпеня падчас брыфінгу для СМІ бізнэсовец Леанід Зайдэс падкрэсьліў, што гэта сямейная рэстарацыя, а не забаўляльны комплекс. Ён гарантаваў, што там ня будзе гучнай музыкі, фэстываляў і фэервэркаў. Не прайшло і месяца, як над Курапатамі прагрымеў вясельны салют.

Паводле Паўла Севярынца, іншыя варыянты адказу заснавальнікам забаўляльнай установы будуць абмяркоўвацца ў пятніцу, падчас традыцыйнай сустрэчы абаронцаў Курапатаў.

Апроч таго, на нядзелю 9 верасьня ва ўрочышчы, дзе ў 1930-х адбываліся расстрэлы «ворагаў савецкай улады», заплянаваная масавая акцыя. Асноўны пасыл — «Абаронім Курапаты разам!».

Што важна ведаць аб пратэстах супраць рэстарацыі ў Курапатах

  • Рэстаран стаіць за 50 мэтраў ад месца, дзе ў 1930-я адбываліся масавыя расстрэлы. Карнікі НКВД расстралялі тут, па розных ацэнках, ад 30 тысяч да 250 тысяч чалавек.
  • 28 траўня карэспандэнт Свабоды трапіў на тэрыторыю комплексу, дзе пабачыў падрыхтоўку да хуткага адкрыцьця рэстарацыі.
  • Грамадзкія актывісты штодня ад 31 траўня пікетуюць забаўляльны комплекс, патрабуючы яго закрыцьця.
  • 1 чэрвеня рэстаран «Поедем поедим» пачаў рэклямавацца ў інтэрнэце.
  • Рэстаран «Поедем поедим» у Курапатах меркавана запрацаваў увечары 5 чэрвеня.
  • 27 чэрвеня наведніцы рэстарацыі на аўтамабілі зьбілі актывіста Леаніда Кулакова, у яго пералом рукі.
  • Старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў 13 ліпеня паведаміў пра нейкія дамоўленасьці з уладальнікам рэстарацыі, але якія гэта дамоўленасьці — пакуль не сказаў.
  • Будоўля забаўляльнага комплексу пад назвай «Бульбаш-хол» пачалася ў 2012 годзе ў ахоўнай зоне Курапатаў. У 2014-м ахоўную зону зьменшылі.
  • Першая грамадзкая абарона Курапатаў адбывалася ў 2001–2002 гг., калі моладзь пратэставала супраць пашырэньня кальцавой дарогі праз урочышча. На пачатку 2017-га актывісты адстаялі Курапаты ад будоўлі бізнэс-цэнтру.

Сталінскія рэпрэсіі і Курапаты

У Беларусі масавыя рэпрэсіі пачаліся яшчэ з прыходам да ўлады бальшавікоў — у 1917 годзе. А скончыліся, калі памёр Сталін — у 1953-м. Дасьледчыкі мяркуюць, што іх зазналі як мінімум 600 тысяч чалавек. Паводле іншых ацэнак, гэтая лічба дасягае 1,4 мільёна. Але дакладная колькасьць невядомая — КДБ дагэтуль не раскрыў архівы. Паводле розных падлікаў, ад 30 да 250 тысяч чалавек карнікі НКВД расстралялі з 1937 па 1941 гады ў Курапатах — лясным масіве пад Менскам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG