Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адбівалі галаву кувалдамі, закладалі выбухоўку: як беларусы змагаліся з помнікамі Леніну


Помнік Леніна ў горадзе Ліда аблілі чырвонай фарбай. 7 лістапада 2016 году
Помнік Леніна ў горадзе Ліда аблілі чырвонай фарбай. 7 лістапада 2016 году

Помнік Леніну ў Лідзе быў абліты чырвонай фарбай раніцай 7 лістапада. Гэта ня першы выпадак нападу на скульптуру правадыра ў Беларусі. Леніна зьбівалі кувалдамі, падрывалі, закідвалі яйкамі і аблівалі валяр’янкай. Пра «народную любоў» да правадыра ў Беларусі — матэрыял Свабоды.

«Д’ябал ня можа стаяць насупраць храма»

У сярэдзіне 1990-х у Лідзе ўжо нападалі на Леніна. Два маладыя хлопцы ўначы разьбілі кувалдай помнік каля чыгуначнага вакзалу. Пра гэта Свабодзе распавядаў Станіслаў Суднік.

«Узялі кувалду й пачалі лупіць. Зьбілі голаў і пайшлі. А потым адзін другому кажа: „У гэтых бальшавікоў можа быць запасная галава“. І вярнуліся біць далей. Але нехта патэлефанаваў і выскачылі міліцыянты».

Хлопцаў судзілі і далі ўмоўны тэрмін. Аднак Леніна каля вакзалу не аднаўлялі. На старым пастамэнце ўсталявалі скульптуру цягніка.

Таксама разбурылі помнік Леніну ў вёсцы Астроўля пад Лідай. Псыхічна хворы чалавек разьбіў скульптуру, якая стаяла насупраць касьцёла. Ён заявіў, што помнік д’яблу ня можа стаяць насупраць храма.

У 2006 годзе ўжо самі ўлады разбурылі яшчэ адзін манумэнт Леніну ў Лідзе. Ён стаяў на цэнтральнай плошчы. Горад рыхтаваўся да міжнароднай выставы, і плошчу таксама добраўпарадкавалі. Калі кран падняў помнік, той разваліўся на тры часткі.

Адноўленага Леніна вярнулі ў горад, але паставілі ня ў цэнтры плошчы, а ў двары за Домам афіцэраў. Чарговы раз ён пацярпеў учора, 7 лістапада. Невядомыя аблілі яго чырвонай фарбай.

У Жодзіне аднаго Леніна падарвалі, другога разьбілі

З савецкіх часоў у Жодзіне было тры помнікі Леніну: адзін каля Палаца культуры заводу «БелАЗ», другі ў раёне ДРЭС, трэці — Ленін у дзяцінстве — у двары жылога дома. Скульптуры «вялікім» Ленінам значна пацярпелі за часы незалежнасьці. Прыбралі «маленькага» Леніна.

У 1998 годзе невядомы абвязаў галаву цэнтральнага Леніна трынітраталюолем і падарваў помнік.

Была заведзена крымінальная справа. Злачынца неўзабаве сам прыйшоў у міліцыю. Свой учынак ён тлумачыў помстай за няўдалае жыцьцё. Яго асудзілі за злоснае хуліганства і далі два гады «хіміі».

Безгаловы манумэнт аднавілі ў 2008 годзе. Скульптар Міхаіл Канцавы фактычна стварыў новы помнік. Гіпс замянялі на мэтал, таксама зьмяніўся колер: помнік стаў чорным.

У 2007 годзе пацярпеў другі Ленін, у раёне ДРЭС. «У выніку ўдараў цяжкім тупым прадметам у помніка адбітыя кавалак верхняй часткі тулава, галава і правая рука», — пісалі пра той выпадак.

Гэтага Леніна таксама хацелі аднавіць. Але пастамэнт дагэтуль стаіць пустым. На яго месца нават думалі ўсталяваць скульптуру Багуславу Радзівілу. Менавіта на былых землях князя разьмешчана сучаснае Жодзіна. Як паведамілі Свабодзе ў гарадзкім краязнаўчым музэі, помніка Радзівілу ў Жодзіне дагэтуль няма.

Унітаз і туалетная папера для Ільліча

У 1990-я невядомыя адбівалі нос у скульптуры Леніна ў Іўі, быў пашкоджаны помнік у Сьвіслачы. Шмат разоў цярпеў Ленін у Ружанах. Яму адбівалі руку, замест якой прымацоўвалі драўляны пратэз. Потым адбілі і галаву. Зьдзекі з помніка скончыліся толькі пасьля таго, як яго прынялі зь мястэчка ў 2002 годзе.

Вялікі манумэнт Леніну зьнік з цэнтральнай плошчы Наваградку яшчэ ў 1998 годзе. Кампэнсуе яго бюст, які выцягнулі з выканкаму ў цэнтар гораду. Але й той не пакідаюць у спакоі.

7 лістапада 2009 году адзіны ў горадзе бюст Леніна ў Наваградку аблілі зялёнай фарбай. У той жа год аблілі фарбай помнік Леніну ў Асіповічах.

Таксама ў 2009 годзе, на дзень народзінаў Леніна, берасьцейскія актывісты «Маладога фронту» паставілі каля помніка правадыру ўнітаз і рулёны туалетнай паперы. У той жа дзень у Смаргоні да цэнтральнага Леніна прынесьлі вянок з калючага дроту.

У Менску ў 2011 годзе, падчас урачыстасьцяў 7 лістапада, трое сяброў «Маладога фронту» сталі кідаць яйкі ў помнік Леніна на плошчы Незалежнасьці. Пры гэтым маладзёны выкрыквалі: «Камунізм пад трыбунал!».

На наступны год маладафронтаўцы аблілі той жа манумэнт валяр’янкай. А ў Навабеліцкім раёне Гомелю помнік Леніну напярэдадні 7 лістапада таго ж году аблілі фарбай.

Даведка

Уліку помнікаў Леніну ў Беларусі ніхто не вядзе. Вядома толькі, што дзевяць скульптур уваходзяць у сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў.

Згодна з падлікамі Дзьмітрыя Кудзінава, маскоўскага культуроляга, які зьбірае інфармацыю пра помнікі Леніну па ўсім сьвеце, у 2016 годзе ў Беларусі заставалася 400 з колішніх 600 помнікаў.

Ленін быў. 32 гарады і мястэчкі Беларусі, дзе больш няма помніка Леніну

Гэты артыкул упершыню апублікаваны на сайце Свабоды 27 сакавіка 2017 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG