Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пуцін патанчыў на вясельлі міністаркі замежных спраў Аўстрыі

абноўлена

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін танчыць зь міністаркай замежных спраў Аўстрыі Карын Кнайсль
Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін танчыць зь міністаркай замежных спраў Аўстрыі Карын Кнайсль

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін у суботу наведаў вясельле міністаркі замежных спраў Аўстрыі Карын Кнайсль. Самалёт Пуціна прызямліўся ў горадзе Грац, адкуль картэж прэзыдэнта Расеі адправіўся ў загарадны рэстаран, дзе праходзіла ўрачыстасьць.

Як паведамляе выданьне Kurir, Пуцін прыехаў зь вялікім букетам кветак, спазьніўшыся на 10 хвілін. Нявеста, міністарка замежных спраў Аўстрыі Карын Кнайсль, станцавала з прэзыдэнтам Расеі, паведамляе Reuters.

Карын Кнайсль — прадстаўніца крайне правай Партыі свабоды, якая выступае за ўмацаваньне сувязяў з Масквой — выйшла замуж за бізнэсоўца Вольфганга Майлінгера. У Крамлі заявілі, што візыт Пуціна на яе вясельле носіць прыватны характар.

Пакуль няма паведамленьняў пра тое, ці выступіў на вясельлі Кубанскі казацкі хор. Пра тое, што выступ казакоў стане вясельным падарункам прэзыдэнта Расеі, паведамілі раней аўстрыйскія СМІ. BBC напярэдадні высьветліла, што Кубанскі казацкі хор напярэдадні прыляцеў у Вену. Па дадзеных сайту дзяржзакупак, якія прыводзіць ВВС, паездка хору ў Аўстрыю будзе каштаваць бюджэту Расеі ня менш як 1 мільён 800 тысяч расейскіх рублёў.

У кіраўніцтве хору пацьвердзілі факт паездкі ў Аўстрыю, аднак адмовіліся камэнтаваць паведамленьні аб тым, што казацкі хор выступіць на вясельлі Кнайсль у прысутнасьці Пуціна. У Крамлі гэта таксама не камэнтуюць.

Раней прэсавы сакратар прэзыдэнта РФ Пяскоў распавёў, што Пуцін «з задавальненьнем прыняў» запрашэньне на вясельле міністра замежных спраў Аўстрыі Карын Кнайсль і Вольфганга Майлінгера. Пры гэтым ён падкрэсьліў, што гэты выпадак не ўнікальны, бо «прэзыдэнт наведваў прыватныя мерапрыемствы за мяжой», але ня змог назваць канкрэтныя прыклады. «Такое бывала. Цяпер наўскідку не назаву».

Пуцін і Кнайсль (архіўнае фота).
Пуцін і Кнайсль (архіўнае фота).

З Аўстрыі Пуцін, як чакаецца, адправіцца ў Нямеччыну. Там у яго ўвечары ў суботу заплянаваныя перамовы з канцлеркай Ангелай Мэркель.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG