Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падпісаўшы дамову з Пуціным, Аўстрыя кінула выклік Эўразьвязу


Пуцін у Аўстрыі
Пуцін у Аўстрыі

Падпісаны на гэтым тыдні ў Вене кантракт наконт будаўніцтва ўчастку аўстрыйскага газаправоду «Паўднёвы паток» падрывае адзінства Эўропы, але гэтая зьдзелка можа застацца чыста сымбалічнай перамогай для Масквы. Такое меркаваньне выказаў Эдвард Лукас, старэйшы рэдактар брытанскага выданьня The Economist па пытаньнях энэргетыкі.

Расейскі «Газпром» і аўстрыйская кампанія OMV на гэтым тыдні падпісалі гістарычнае пагадненьне на будаўніцтва аўстрыйскага ўчастка газаправоду «Паўднёвы паток», які будзе перапампоўваць газ з Чорнага мора ў Аўстрыю.

Усяго толькі за некалькі тыдняў да гэтай зьдзелкі іншая краіна-член Эўрапейскага зьвязу — Баўгарыя — прыпыніла працу над гэтым праектам з-за крытыкі Брусэля.

Карэспандэнт Свабоды зьвярнуўся да Эдварда Лукаса, старэйшага рэдактара па энэргетычных пытаньнях брытанскага часопіса The Economist, каб зразумець, чаму Вена рванула наперад у той час, як Сафія націснула на тармазы.

Усяго толькі за некалькі тыдняў да гэтай зьдзелкі іншая краіна-член Эўрапейскага зьвязу — Баўгарыя — прыпыніла працу над гэтым праектам з-за крытыкі Брусэля.


Свабода: Пагадненьне, падпісанае 24 чэрвеня, калі прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін наведаў Вену, каб прасунуць крытыкаваны праект «Паўднёвы паток», апісваецца як аглушальны трыюмф Расеі. Ці падзяляеце вы гэты пункт гледжаньня?

Эдвард Лукас: Я думаю, што перамога Пуціна можа аказацца хутчэй сымбалічнай, чым рэальнай. У мяне да гэтага часу ёсьць сумневы, што «Паўднёвы паток» калі-небудзь на самой справе будзе пабудаваны. Гэта вельмі дарагі праект, асабліва для расейцаў. Я таксама ўпэўнены, што людзі ў Брусэлі будуць у непаразуменьні, таму што гэта зьяўляецца відавочным выклікам ролі ЭЗ па ўсталяваньні правілаў у энэргетычнай палітыцы Эўропы.

Месца ў Сэрбіі, дзе мусіў паўстаць паўднёвы паток
Месца ў Сэрбіі, дзе мусіў паўстаць паўднёвы паток



Свабода: Эўрапейская камісія выступае супраць праекту ў цяперашняй форме, падкрэсьліваючы, што ён не адпавядае закону ЭЗ аб канкурэнцыі і супярэчыць палітыцы Эўразьвязу па дывэрсыфікацыі паставак для таго, каб паменшыць залежнасьць ад Расеі. Аўстрыя, у сваю чаргу, сьцьвярджае, што Эўропа занадта залежыць ад расейскага газу, каб быць прыдзірлівай. Як вы думаеце, ці апраўданая непахіснасьць Брусэля па гэтых пунктах?

Лягчэй зламіць новую дзяржаву-сябра, чым старую.​
Эдвард Лукас


Лукас: Я ня думаю, што Эўразьвяз павінен быць гнуткім па галоўных пунктах, гэта значыць, вам не павінна быць дазволена валодаць адначасова і трубаправодам, і газам. Яны хочуць мець адкрыты доступ да трубаправодаў. Па-першае, закупкі павінны адбывацца ў сыстэме ўрадавых закупак Эўразьвязу. Таму няправільна, што кантракт на будаўніцтва «Паўднёвага патоку» перадалі сябру Пуціна Генадзю Цімчанку і яго «Стройтрансгаз» быў абраны без належнага тэндэру.

Паўднёвы паток ў Баўгарыі
Паўднёвы паток ў Баўгарыі


Што яшчэ больш важна, мы спрабуем ня толькі разнастаіць крыніцы паставак у ЭЗ, але яшчэ стараемся і лібэралізаваць газавы рынак. І з гэтага пункту гледжаньня, дрэнна, што «Газпром» будзе будаваць яшчэ адзін трубаправод, кантраляваны ім, на тэрыторыі Эўропы. Калі «Газпром» хоча прадаць газ Эўропе, гэта добра, але яны павінны дзейнічаць па правілах адзінага эўрапейскага рынку. Я баюся, што тут існуе палітычнае вымярэньне, што Расея хоча ўзламаць гэтыя правілы, таму што ёй не падабаецца ЭЗ як палітычная структура, якая можа кінуць выклік Расеі.

Свабода: З-за крызісу ва Ўкраіне праект газаправоду «Паўднёвы паток», які павінен ісьці ў абыход Украіны ў Эўропу, стаў новым цэнтрам напружанасьці паміж Масквой, Брусэлем і Вашынгтонам. Масква абвінаваціла Эўразьвязу ціску на Сафію і назвала прыпыненьне працы па будаўніцтве баўгарскага ўчастка трубаправода адплатай за дзеяньні Расеі ва Ўкраіне. Падчас свайго візыту ў Вену Пуцін заявіў, што пытаньне праекту «Паўднёвы паток» «не павінна палітызавацца». Якую ролю адыгрывае палітыка, у прыватнасьці, украінскі крызіс, у цяперашніх перамовах па гэтым праекце?

Лукас: Палітыка адыгрывае вялікую ролю. Я думаю, што ідэя абмеркаваньня газавага пытаньня ў дэпалітызаваным кантэксьце гучыць сьмешна. Расея выкарыстоўвае газ у якасьці палітычнай зброі. Эўразьвяз прыняў палітычнае рашэньне лібэралізаваць свой рынак газу. Так што гэта, у сілу самога факту, палітычнае пытаньне.

Свабода: «Паўднёвы паток» выявіў расколіну ў адносінах паміж краінамі ўнутры Эўразьвязу, якія сябруюць з Масквой, як Аўстрыя, і тых, хто хоча заняць больш жорсткую пазыцыю ў дачыненьні да Расеі. Ці згодныя вы зь меркаваньнем шматлікіх аналітыкаў, якія лічаць, што Пуцін спрабуе выкарыстаць гэтыя разыходжаньні ў поглядах для падрыву Эўразьвязу і яго энэргетычнай палітыкі?

Лукас: З тых часоў, як Пуцін прыйшоў ва ўладу, заўсёды існавала сыстэматычная спроба прытрымлівацца прынцыпу «падзяляй і ўладар» ў адносінах да Эўропы і Амэрыкі, а таксама ўнутры Эўропы. Ён спрабуе супрацьпастаўляць буйныя дзяржавы дробным краінам, дзяржавы, якія залежаць ад газу — адну адной, і гэтак далей. Гэта зьяўляецца асноўнай часткай адносінаў Расеі да Эўропы. А Эўропа па-рознаму супрацьстаіць гэтаму.

Свабода: Брусэль аказвае вялікі ціск на Баўгарыю і Сэрбію па прыпыненьні прац «Паўднёвага патоку» на іх тэрыторыях. Ці падвяргаецца Аўстрыя такому ж ціску з боку ЭЗ і адмаўляецца падпарадкоўвацца, альбо Брусэль проста мае тэндэнцыю быць больш спагадлівым у дачыненьні да старых дзяржаваў-сябраў?

Лукас: Пакуль што велізарны ціск ідзе на Баўгарыю, таму што, вядома, калі Баўгарыя ня будзе будаваць трубаправод, няма неабходнасьці турбавацца аб аўстрыйскай частцы праекту. Але лягчэй зламіць новую дзяржаву-сябра, чым старую.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG