Паводле падазрэньня ў зьнявазе дзяржаўнага сьцягу Польшчы ў Варшаве затрыманы 35-гадовы грамадзянін Беларусі.
Як сьцьвярджае варшаўская паліцыя, беларус зранку 14 жніўня выгульваў сабакаў на вуліцы, падышоў да абэліску салдатам Арміі Краёвай, узяў усталяваны там польскі сьцяг і кінуў сабакам, затым стаптаў яго сам. Жанчына, якая пабачыла гэта, выклікала паліцыю.
Матывы мужчыны не раскрываюцца. Пракуратура ўжо выставіла яму абвінавачваньне ў зьнявазе дзяржаўнага сьцяга. Калі яго прызнаюць вінаватым, яму можа пагражаць абмежаваньне волі або да году турмы ў Польшчы.
У Беларусі паводле аналягічнага абвінавачваньня адносна беларускай дзяржаўнай сымболікі (дзяржаўныя герб, сьцяг і гімн) могуць караць штрафам, грамадзкімі работамі, папраўчымі работамі на тэрмін да двух гадоў, арыштам або абмежаваньнем волі на тэрмін да году – але не пазбаўленьнем волі ў турме.