Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польскія радыкалы будуць патруляваць вуліцу ў Беластоку. Яе патрона беларусы лічаць злачынцам


У аўторак на Беласточчыне ўшаноўвалі памяць жыхароў вёскі Патокі, якую ў 1945 годзе спалілі польскія падпольшчыкі. У гэты самы дзень у Беластоку зьявіліся шыльды ў гонар новага патрона адной з вуліц гораду — Зыгмунта Шэндзеляжа «Лупашкі». Менавіта яго падначаленых гісторыкі абвінавачваюць у забойствах беларусаў у Патоках і Вілюках.

Ужо ў сераду на шыльдах новай вуліцы зьявіліся наклейкі «Злачынца» і надпісы «Лупашка — забойца», «Месца злачынцаў на сьметніку гісторыі. «Лупашка — забойца». Сёньня польскія нацыяналісты абвясьцілі, што пачынаюць патруляваць новую вуліцу, каб абараніць «шыльды ў гонар польскага нацыянальнага героя ад вандалаў».

З гэтай нагоды нацыяналістычная арганізацыя «Усяпольская моладзь» (Młodzież Wszechpolska) склікае прэсавую канфэрэнцыю ў Беластоку. Свабодзе прадстаўнік арганізацыі Барташ Саколоўскі пагадзіўся даць інтэрвію яшчэ да таго, як пра патрулі на вуліцы «Лупашкі» даведаюцца польскія СМІ.

— Аховай грамадзян і маёмасьці гораду ў Польшчы займаюцца паліцыянты і гарадзкія патрулі. Якая неабходнасьць у патрулях грамадзкай арганізацыі?

— «Лупашка» — гэта герой барацьбы за польскую незалежнасьць. Ён ваяваў у Вільні і на Беласточчыне. А цяпер нейкія маргіналы пішуць вульгарныя надпісы на шыльдах. Мы асуджаем такія акты вандалізму і хочам прапанаваць асобам, якія гэта рабілі, набрацца адвагі і зрабіць гэта легальна, а не ўначы.

— А як будзе выглядаць патруляваньне?

— Увечары нашыя актывісты будуць шпацыраваць па гэтай вуліцы і адпалохваць патэнцыйных хуліганаў. Гэта кароткая вуліца, будзем хадзіць туды-сюды. Мы не дамо паклёпнічаць на польскіх герояў. Мы будзем сябе паводзіць мірна і адкрытыя на дыялёг з вандаламі.

— І як вы будзеце ў рамках дыялёгу адказваць на іх пытаньні пра датычнасьць людзей «Лупашкі» да спальваньня дзьвюх беларускіх вёсак, у тым ліку дзяцей.

— На жаль, гэтыя людзі ня хочуць дыялёгу, бо дзейнічаюць уначы, калі іх ніхто ня бачыць. Справа спаленьня гэтых вёсак вельмі складаная. Цяжка ўсё так адразу растлумачыць. Гэта быў час акупацыі, вайна, калі ахвяры непазьбежныя. «Лупашка» не рабіў гэтага зь нянавісьці, гэта была помста. «Лупашку» нельга параўноўваць, напрыклад, з «Бурым». На жаль, беларуская меншасьць мала ведае яго гісторыю. Ён дзейнічаў у цяжкіх умовах. Але асабіста я б ня ставіў Рамуальда Райса «Бурага» ў першыя шэрагі герояў. А «Лупашка» — бясспрэчны герой польскай незалежнасьці.

— Можа, Беласток ня самае лепшае месца для такога патрона вуліцы, калі жыхары ідуць на такія ўчынкі?

— Мы гатовыя размаўляць зь імі. Мы зьвярталіся публічна, але ніхто нам не адказвае. Але галоўнае, што назва вуліцы была зацьверджаная ўладамі гораду, выбранымі ў дэмакратычных выбарах. А вандалы дзейнічаюць незаконна.

Рашэньне назваць адну з вуліц Беластоку ў гонар Зыгмунта Шэндзеляжа «Лупашкі» прыняла ў красавіку гарадзкая рада Беластоку. Гарадзкія актывіст, чалец «Ініцыятывы для Беластоку» Радаслаў Пуська ў інтэрвію Свабодзе зьвярнуў увагу на тое, што наданьне вуліцы імя «Лупашкі» адбывалася непразрыста і без кансультацыяў зь мясцовымі жыхарамі:

Радаслаў Пуська
Радаслаў Пуська

— Гэтая вуліца павінна была называцца інакш. Спачатку ідэя была назваць вуліцу ў гонар княгіні Дубравы, а потым — Падляская. Але адзін радны «Права і справядлівасьці» без аніякіх кансультацыяў, без інфармаваньня радных і жыхароў раёну прапанаваў назваць яе вуліцай «Лупашкі». Дыскусія наконт гэтага працягвалася 10-15 хвілін. Былі галасы і супраць, але арытмэтыка бязьлітасная. У «ПіСу» большасьць, і яны за 15 хвілін прынялі рашэньне.

— А як вы ставіцеся да надпісаў і наклеек на шыльдах?

— Прыкра, што так адбылося. Але я разумею людзей, якія гэта робяць. Гэта вынік нежаданьня разумець, наколькі складаная гісторыя Падляшша і выкарыстаньня траўмаў у палітычнай барацьбе. Гэта палітычны цынізм і невуцтва. Калі б у Польшчы ведалі дастаткова шмат пра гэтыя старонкі гісторыі, то такіх прыкрых выпадкаў не адбывалася б. Проста не было б чаго зафарбоўваць на агароджы. Бо не было б такой вуліцы. Калі нехта хоча ўшанаваць імя Лупашкі, то я даўно прапаную даць адной з вуліц гораду імя «Ахвяраў Лупашкі».

— Але гэтую назву прыняла рада, абраная народам, шляхам галасаваньня, паводле прынцыпаў дэмакратыі.

— Дэмакратыя прадугледжвае, што пытаньне спачатку дыскутуецца. Калі нехта хоча штосьці прапанаваць лякальнай грамадзкасьці, то зь ёй трэба правесьці кансультацыі. А тым больш наконт патрона вуліцы, у якога кроў на руках.

***

10 траўня 1945 году польскія падпольшчыкі, падначаленыя Зыгмунта Шэндзеляжа «Лупашкі», спалілі беларускую вёску Вілюкі на Беласточчыне. Быў забіты жыхар вёскі Васіль Германюк. 22 траўня падначаленыя «Лупашкі» спалілі Патокі.

Падчас пажару загінулі трое дзяцей — Мікалай Герасімчук (10 гадоў), Ніна Герасімчук (8 гадоў) і Яўгенія Герасімчук (6 гадоў). За тыдзень да гэтага гэты самы атрад расстраляў чатырох жыхароў Патокаў — Яна Бекіша, ягонага 15-гадовага сына Ўладзімера, а таксама братоў Яна і Ўладзімера Малашэўскіх. Іх абвінавацілі ў сымпатыях да камуністычнай улады.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG