Дырэктар дзяржаўнага прадпрыемства «Гардарбуд» Аляксандар Ярошык паведаміў, што мост на скрыжаваньні Ігуменскага тракту і менскай кальцавой дарогі (МКАД) адрамантуюць да 7 лістапада.
Ярошык сказаў, што гэта ня будзе здача аб’екта да сьвята, хоць Аляксандар Лукашэнка часта загадвае адкрываць нейкія аб’екты да дня бальшавіцкага перавароту ў 1917 годзе.
«Тут звычайнае супадзеньне. Першапачаткова плянаваўся рамонт толькі пуцеправоду па ўнутраным кальцы МКАД. Зьбіраліся пасьпець да 1 кастрычніка. Аднак давядзецца правесьці рамонт усяго аб’екта. Таму і тэрмін павялічваецца да 7 лістапада», — сказаў спадар Ярошык.
Кіраўнік «Гардарбуду» ня змог сказаць, колькі будзе каштаваць рамонт, бо пад’езды да мосту яшчэ праектуюцца, і дакладныя лічбы будуць сфармаваныя толькі ў кастрычніку. Вядома, што на закуп новых бэлек пойдзе каля 920 тысяч рублёў. Грошы на рамонт выдзяляюцца з рэзэрвовага фонду гарвыканкаму.
Мост на МКАД плянавалі рамантаваць у наступным годзе, але на пачатку жніўня 2018 году мост трэснуў.
Да Эўрапейскіх гульняў у Менску мадэрнізуюць прыпынкі
Дырэктар дзяржаўнай установы «Сталічны транспарт і сувязь» Валер Шкуратаў паведаміў, што на кожным прыпынку грамадзкага транспарту ў межах першага кальца ў Менску зьявіцца электроннае табло.
Гэта будзе зроблена да пачатку Эўрапейскіх гульняў у Менску.
Цяпер у Менску звыш 270 манітораў, на якіх адлюстроўваецца апэратыўная інфармацыя пра рух транспарту. Але гэтага недастаткова.
Другія Эўрапейскія гульні маюць пачацца ў Менску 21 чэрвеня 2019 году.