Рамонт участку моста на МКАД у раёне Лошыцы плянуецца завяршыць да 1 кастрычніка, паведаміў БЕЛТА выконваючы абавязкі дырэктара прадпрыемства «Гараўтамост» Аляксандар Анціперовіч.
«Плянуецца замяніць усе сем бэлек, уключаючы тую, якая лопнула. Пасьля гэтага рух па ўнутраным кальцы будзе адноўлены», — сказаў Анціперовіч.
Пакуль, каб не дапусьціць абвалу лопнутай бэлькі, побач зь ёй усталявалі часовую мэталічную апору.
Паводле БелТА, ад 3 жніўня зьменшаны інтэрвал руху аўтобусаў № 98С «ДС Лошыца-2 — ст. м. Магілёўская»:
- 11 хвілін — у гадзіны пік;
- 20 хвілін — у астатні час і ў выходныя.
Цяпер рух грамадзкага транспарту, маршрут якога пралягае праз разьвязку, арганізаваны ў аб’езд Лошыцы. Унесеныя зьмены ў рух аўтобусаў № 3с, 7, 7а, 48, 67, 88с, 114с, 134с, 148с, 175э.
На месцы здарэньня ўжо працавала пашыраная камісія, праведзенае абсьледаваньне і зробленыя разьлікі. У Менгарвыканкаме адбылася нарада, выпрацаваны плян дзеяньняў на бягучы момант і пэрспэктыву.
1 жніўня на менскім МКАДзе ў раёне разьвязкі вуліца Бабушкіна — МКАД — Ігуменскі тракт трэснула апорная бэлька шляхаправоду. Рух транспарту на скрыжаваньні Ігуменскага тракце І МКАД прыпынілі, утварыўся аўтамабільны затор.
Аварыйныя масты ў Менску
Кожны пяты мост у горадзе мае патрэбу ў капітальным рамонце. 9 з 102 менскіх мастоў патрабуюць тэрміновага рамонту.
У лютым менчукі зьвярнулі ўвагу, што мост церазь Сьвіслач на праспэкце Машэрава падпёрты драўлянымі канструкцыямі. На пытаньне Свабоды, што здарылася з мостам, дырэктар прадпрыемства «Гараўтамост» Валер Уласевіч адказаў: «Мост не развальваецца. Гэта зроблена проста ў мэтах умацаваньня».
Аварыйныя масты па ўсёй Беларусі
У сьнежні 2017 году мост цераз Прыпяць у Жыткавіцкім раёне даў трэшчыну. Рух транспарту і пешаходаў па ім быў спынены. Найбліжэйшыя масты — у Мазыры і Пінску, ехаць тудой — гэта крук кілямэтраў у 250.
Аляксандар Лукашэнка даручыў дабудаваць новы мост цераз Прыпяць у Жыткавіцкім раёне да 7 лістапада. 25 траўня аварыйны ўчастак мосту ўзарвалі.
Пасьля таго, як мост цераз Прыпяць у Жыткавіцкім раёне даў расколіну, Міністэрства транспарту і камунікацый Беларусі праверыла і залічыла ў шэраг «аварыйных канструкцый» масты яшчэ ў чатырох гарадах: цераз Сож у Гомлі, церазь Дзьвіну ў Наваполацку і ў Бабруйску, а таксама цераз Дняпро каля Рэчыцы.
Пяцёрка аварыйных мастоў Беларусі. МАПА
У сакавіку ў Магілёве зь пешаходнага моста на Быхаўскай вуліцы ў раку Дубровенку абвалілася палова поручняў. Абышлося без ахвяраў.