Абноўлена: Увечары Лукашэнка ўсё ж звольніў двух міністраў за «невыкананьне ягоных даручэньняў»
Тым часам у Беларусі тры з паловай месяцы няма міністра энэргетыкі, пасьля таго як у траўні быў звольнены з гэтай пасады Ўладзімер Патупчык.
У прыёмных міністра прамысловасьці Віталя Воўка і міністра архітэктуры і будаўніцтва Анатоля Чорнага паведамілі Naviny.by, што яны застаюцца на сваіх месцах. Па стане на раніцу 16 жніўня яны ж пазначаныя кіраўнікамі і на сайтах міністэрстваў. Указы аб іхнай адстаўцы на дадзены момант не апублікаваныя.
«Воўка, Чорнага неадкладна накіраваць у адстаўку», — загадаў Аляксандар Лукашэнка 14 жніўня на нарадзе ў Воршы. Да таго Лукашэнка пагражаў Воўку турмой або накіраваньнем на завод.
Лукашэнка таксама даручаў 14 жніўня знайсьці новага кіраўніка для Аршанскага раёну — яго знайшлі ўжо на наступны дзень, раён узначаліў Ігар Ісачанка, які да таго быў намесьнікам старшыні камітэту архітэктуры і будаўніцтва Віцебскага аблвыканкаму.
За «поўную службовую неадпаведнасьць» Лукашэнка абвясьціў строгія вымовы кіраўніку Віцебскай вобласьці Мікалаю Шарстнёву, старшыню Вайскова-прамысловага камітэту Алегу Дзьвігалёву і дзяржаўнаму сакратару Рады бясьпекі Станіславу Засю. Але «поўная службовая неадпаведнасьць» ня ёсьць абавязковай падставай для адстаўкі.
А міністар энэргетыкі будзе?
У звароце да дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і народу 24 красавіка Лукашэнка абураўся працай Мінэнэрга, пасьля чаго ў міністэрстве паведамілі пра звальненьне генэральнага дырэктара канцэрну «Белэнэрга» Яўгена Воранава.
Міністар энэргетыкі Беларусі Ўладзімер Патупчык вызвалены ад пасады 2 траўня за стварэньне незаконнага сямейнага бізнэсу. Як казаў старшыня КДБ, пры падтрымцы былога міністра быў арганізаваны бізнэс па пастаўках будматэрыялаў па завышаных цэнах. Новага міністра не прызначаюць ужо тры з паловай месяцы.