У Аршанскім раёне трэба сфармаваць каманду, гатовую да выкананьня даручэньняў Аляксандра Лукашэнкі. Такое меркаваньне выказала журналістам у Воршы кіраўнік адміністрацыі прэзыдэнта Натальля Качанава перад прадстаўленьнем новага старшыні Аршанскага райвыканкаму Ігара Ісачэнкі, перадае БелТА.
«Цяпер тут трэба сфармаваць каманду, гатовую да выкананьня даручэньняў кіраўніка дзяржавы па комплексным разьвіцьці Аршанскага раёну, які павінен стаць прыкладам разьвіцьця сярэдніх гарадоў нашай краіны», — сказала Натальля Качанава.
Паводле Качанавай, усе задачы, якія паставіў Лукашэнка, «ясныя і зразумелыя», даведзеныя па ўсіх напрамках (сацыяльная сфэра, прамысловасьць, сельская гаспадарка) і «павінны ў поўнай меры выконвацца кіраўніком любога раёну ці гораду».
13 жніўня на нарадзе аб ходзе выкананьня даручэньняў па комплексным разьвіцьці Аршанскага раёну Аляксандар Лукашэнка скрытыкаваў працу органаў улады і кіраўніцтва Аршанскага інструмэнтальнага заводу, адправіў у адстаўку старшыню Аршанскага райвыканкаму Аляксандра Пазьняка і даручыў Натальлі Качанавай да канца дня прадставіць кадравае рашэньне па кандыдатуры новага старшыні.
На той самай нарадзе Лукашэнка запатрабаваў унесьці яму на гэтым тыдні прапановы па замене «ўсяго кіраўніцтва ўраду». Міністру прамысловасьці Ваўку ён прыгразіў накіраваньнем на працу на праблемнае прадпрыемства ў Воршу.