Праз 20 гадоў перамоваў лідэры Расеі, Казахстану, Азэрбайджану, Ірану і Туркмэністану дамовіліся аб статусе Касьпійскага мора. Адпаведную канвэнцыю падпісалі 12 жніўня на саміце ў Казахстане.
Дакумэнт афіцыйна замацаваў за вадаёмам статус мора і забараніў прысутнасьць на Касьпіі ўзброеных сіл дзяржаваў, якія да дадзенага рэгіёну не адносяцца. Згодна з дакумэнтам, асноўная плошча воднай паверхні мора застанецца ў агульным карыстаньні. Дно і нетры дзеляць суседнія дзяржавы па дамоўленасьці паміж сабой і на аснове міжнароднага права.
Шэльф вадаёма зьмяшчае каля 50 мільярдаў барэляў нафты і амаль дзевяць трыльёнаў кубамэтраў газу. Па цяперашніх цэнах на сусьветным рынку гэта некалькі трыльёнаў даляраў. Далейшая выведка можа яшчэ павялічыць гэтыя лічбы.
Калі Касьпій — возера, то рэсурсы проста б падзялілі пароўну паміж усімі прыкасьпійскімі дзяржавамі.
Калі мора — усё больш складана: тады для вызначэньня доляй неабходна правесьці ўяўныя лініі ад крайніх кропак шэльфу кожнай краіны да цэнтру вадаёму. Пытаньне межаў важнае для пабудовы Транскасьпійскага газаправоду з Грузіі ў Азэрбайджан і далей у Эўразьвяз.
Супраць газаправоду на працягу 20 гадоў выступалі Іран і Расея, якая пастаўляе газ у Эўропу праз Ўкраіну, «Паўночны паток» і чарнаморскі газаправод «Блакітны паток». Але летась у сьнежні пазыцыя Масквы рэзка зьмянілася.
«Адно з магчымых тлумачэньняў палягае ў тым, што Расея палічыла б за лепшае, каб Туркмэністан пабудаваў транскасьпійскі газаправод і пачаў прадаваць трохі газу ў Эўропу, замест таго, каб канцэнтравацца на Кітаі — новым для Расеі рынку, які яна зьбіраецца асвойваць і ўжо будуе для гэтага газаправод "Сіла Сыбіры", а таксама плянуе іншыя газаправоды», — лічыць Брус Паніэр, аглядальнік Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода па Цэнтральнай Азіі.
У прапанаванай канвэнцыі, дакумэнт якой ненадоўга апынуўся на сайце прэм’ер-міністра Расеі Дзьмітрыя Мядзьведзева, дазвол на пракладаньне Транскасьпійскага газаправоду даецца:
- пры згодзе прыбярэжных дзяржаваў,
- пры выкананьні «экалягічных патрабаваньняў».
Зрэшты, клопат пра экалёгію, якім свае пратэсты раней тлумачылі Масква і Тэгеран, таксама мае эканамічны падтэкст. Касьпій — крыніца самай дарагой у сьвеце ікры. Кошт кіляграму іранскай асятровай ікры Almas перавышае 30 тысяч даляраў.
«Ікра — гэта велізарныя грошы, — пацьвярджае Брус Паніэр. — І калі ў Касьпійскім моры будзе аварыя, то гэта нашкодзіць папуляцыі асятроў, гэта відавочна, будзе страта ікры. І гэта, прынамсі, адна з прычын, па якой у Расеі былі абгрунтаваныя асьцярогі. Хоць, вядома, для Расеі ^[экалёгія^] ніколі не была прычынай для роздумаў пры пабудове газаправодаў на дне Чорнага мора ці Фінскага заліву, якія былі значна складаней з тэхналягічнага пункту гледжаньня».
Акрамя эканамічных інтарэсаў, прапанаванае пагадненьне выгадна Расеі са стратэгічнага пункту гледжаньня. Канвэнцыя забараняе ў акваторыі Касьпія ваенную прысутнасьць трэціх краінаў. Такая забарона ўмацуе дамінаваньне Расеі, у якой найбольш буйныя ваенна-марскія сілы.