Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як перажыць адмову ў прыёме на працу?


Калі пасьля інтэрвію з патэнцыйным працадаўцам некалькі дзён ніхто не азваўся, а пасьля вы даведваецеся, што на працу прынялі іншага кандыдата, не адчайвайцеся. Нават калі вы ўпэўненыя, што інтэрвію прайшло пасьпяхова, можа стацца так, што кадравік убачыў яго інакш.

Вось, паводле амэрыканскай газэты «The New York Times», некалькі парадаў, як наступны раз дасягнуць лепшага выніку.

Будзьце аўтэнтычныя

Псыхолягі зьвяртаюць увагу на тое, што многія кандыдаты шмат спадзяваньняў ускладаюць на кнігі і артыкулы з парадамі, як праходзіць сумоўе (або інтэрвію). Мэнэджэры-кадравікі добра абазнаныя ў гэтай справе і могуць лёгка вызначыць штучныя, загадзя падрыхтаваныя адказы. Насамрэч, яны хочуць ведаць, чым кандыдат адрозьніваецца ад іншых.

Ня трэба забывацца, што сумоўе — гэта проста размова. Ня варта ўспрымаць яго як нешта жахлівае, як рубікон. Ня трэба і патэтычных адказаў. Лепш быць самім сабой і быць праўдзівым.

Трэба ведаць працоўную культуру

Псыхолягі лічаць, што кандыдат павінен падзяляць каштоўнасьці і місійныя мэты ўстановы ці фірмы, дзе ён зьбіраецца працаваць. Для гэтага, калі магчыма, варта скантактавацца зь людзьмі, якія ў гэтай установе працуюць, і паспрабаваць ад іх даведацца пра тое, што на Захадзе называецца «Workplace Culture» («працоўнай культурай») і на практыцы азначае місію, традыцыі і звыкі калектыву той або іншай кампаніі.

Будзьце ўпэўненыя ў сабе

Ня варта недаацэньваць уменьне хваліцца без залішняга патасу. Насамрэч людзям цяжка казаць пра свае прафэсійныя посьпехі. Апытаньне, якой было праведзена летась з дапамогай LinkedIn у 19 краінах сьвету і якое ахапіла 11 тысяч працаўнікоў, паказала, што толькі 35 працэнтаў зь іх маглі ўпэўнена разважаць пра свае працоўныя дасягненьні.

Псыхолягі кажуць, што кандыдаты павінны ўмець хутка і дакладна казаць пра свае дасягненьні

Псыхолягі кажуць, што кандыдаты павінны ўмець хутка і дакладна казаць пра свае дасягненьні. Напрыклад, «Я зэканоміў кампаніі 300 тысяч даляраў» або «Мая група прыдумала праграму, якая цяпер выкарыстоўваецца ўсёй карпарацыяй. Дазвольце мне расказаць вам, як я гэта зрабіў».

Замест такога пачатку многія кандыдаты пачынаюць з уводзінаў у паведамленьне і ў выніку губляюць інтарэс інтэрвіюера.

Калі ж вы зьбянтэжаныя такім пытаньнем, прапануйце вярнуцца да яго пазьней.

Будзьце гатовыя паказацца на экране

У наш час многія кампаніі могуць праводзіць першыя інтэрвію пры дапамозе відэа-чатаў, такіх як Skype. Таму варта загадзя падрыхтавацца да сэансу відэасувязі. Трэба папрактыкавацца перад люстрам і выбраць месца, куды ніхто ня зойдзе падчас інтэрвію. Трэба таксама быць уважлівым да такіх дэталяў, як люстра ззаду вас, каб там не адбіліся вашы пантофлі або (што значна горш) адсутнасьць на вас штаноў ці спадніцы.

Будзьце дапытлівыя

Заўсёды задавайце пытаньні, але пакіньце тэму працягласьці адпачынку, ільготаў і перавагаў на больш позьні час.

Сярод добрых пытаньняў, якія варта задаць інтэрвіюеру, можна назваць такія: хто сярод раней прынятых на працу быў добрым выбарам, якую пазыцыю той чалавек займае цяпер, якія працоўныя дасягненьні ў кампаніі вітаюцца і якой мэнэджэру бачыцца яе будучыня празь пяць гадоў.

Не адчайвайцеся

Нават няўдалае сумоўе можа стаць трамплінам для іншых магчымасьцяў. Часта бывае, што чалавек меў адно або два інтэрвію з кадравіком кампаніі і завязаў зь ім добрыя дачыненьні. Праз месяц або два можа зьявіцца іншая вакансія і той кадравік можа ўспомніць пра вас. Так што ня бойцеся падчас сумоўя пераконваць кадравіка ў сваёй каштоўнасьці.

Чаго варта пазьбягаць

Калі падчас інтэрвію вы будзеце казаць, што ў вас няма слабых месцаў, гэта, несумненна, сапсуе шанцы здабыць працу. Тое самае тычыцца і заяў, што вы вельмі добра ведаеце людзей — такое веданьне нельга вымераць.

Выкарыстаньне фразаў «можа быць» і «магчыма» зробіць вас у вачах кадравіка больш больш бясьпечным і выкліча яго давер

Ня варта карыстацца занадта прахалоднай або поўнай пахвальбы мовай. Выкарыстаньне фразаў «можа быць» і «магчыма» зробіць вас у вачах кадравіка больш бясьпечным і выкліча яго давер. Пыха выкліча сумненьні ў вашай здольнасьці камунікаваць з калегамі.

Ня варта таксама прасіць прабачэньня за мінулыя няўдачы, ня варта занадта шмат тлумачыць і тым больш разважаць пра свае недахопы. Ваша мэта — даць падставы кадравіку ня выкінуць вас зь ліку кандыдатаў пасьля першай сустрэчы.

(Паўтор публікацыі з 8 студзеня 2018 году)

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG