Аляксандра Кабанава падазраюць у абразе міліцыянта.
Міліцыя з ордэрам робіць агляд у памяшканьнях бярозаўскага блогера Аляксандра Кабанава. Вядзецца праверка па заяве берасьцейскага міліцыянта Мікалая Рабушкі пра тое, што Кабанаў нібыта абразіў яго ў сваім стрыме.
Аб 11-й гадзіне Аляксандар Кабанаў прыйшоў у Бярозаўскі РАУС, куды быў выкліканы позвай «для дачы тлумачэньняў». У РАУС яму паведамілі, што будзе ладзіцца агляд памяшканьняў блогера.
«Ідзе праверка ў межах артыкулу 189 КК („Абраза“). Крымінальная справа пакуль не заводзілася, але пасьля праверкі будзе заведзеная на сто адсоткаў. Агляд праводзяць у кватэры ў Бярозе, хаце ў вёсцы і бацькоўскім доме», — кажа Свабодзе Аляксандар Кабанаў.
Што шукаюць міліцыянты, ён дакладна ня ведае, але падазрае, што зьбіраюцца забраць аргтэхніку.
Раней крымінальная справа паводле такога ж артыкулу за абразу была заведзеная на Сяргея Пятрухіна зь Берасьця — калегу Аляксандра Кабанава, разам зь якім яны выкладаюць відэа на ютуб-канале «Народны рэпартэр».
У Сяргея Пятрухіна міліцыя таксама рабіла ператрус і забрала кампутар, пляншэт, тэлефон. Крымінальная справа супраць Сяргея Пятрухіна заведзеная на заяву таго ж міліцыянта Мікалая Рабушкі.