Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мітрапаліт Кандрусевіч пра рэстарацыю ля Курапатаў: «Хто і чаму даў дазвол?»


Тадэвуш Кандрусевіч
Тадэвуш Кандрусевіч

Падчас прамовы ў менскім архікатэдральным касьцёле імя Найсьвяцейшай Панны Марыі ўвечары 6 жніўня ў Менску арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч назваў Курапаты «Галгофай беларускага народу» і выказаўся пра будоўлю рэстарацыі «Поедем поедим», а таксама пра «ўпарадкаваньне» Вайсковых могілак у Менску, паведамляе Catholic.by.

Як падкрэсьліў арцыбіскуп, апошнія месяцы першымі навінамі ў СМІ Беларусі зьяўляецца праблема рэстарана «Поедем поедим», «разьмешчанага побач з Галгофай нашага народу — урочышчам Курапаты».

«Як такое магло здарыцца? Хто і чаму даў дазвол? Дзе этычныя нормы паводзінаў? Чаму побач з месцам генацыду нашага народа пабудавалі месца для забавы? Ці адэкватны чалавек пойдзе туды, ці будзе там весяліцца, гледзячы праз вакно на месца жудаснай мучаніцкай сьмерці нашых продкаў?» — сказаў Кандрусевіч.

Паводле арцыбіскупа, выглядае, што «імкненьне да нажывы любым коштам становіцца большым за павагу да месцаў пахаваньня памерлых, тым больш нявінна загінулых», а сумленьне тых, хто даваў дазвол, хто будаваў і хто туды ідзе, напэўна, сьпіць.

Тадэвуш Кандрусевіч перакананы, што ў Курапатах патрэбны мэмарыял як «месца малітвы і роздуму над тым, што можа зрабіць адсутнасьць любові да бліжняга», а не забаўляльныя цэнтры.

Вялікую трывогу мітрапаліта выклікала і «так званае ўпарадкаваньне „Вайсковых могілак“», падчас якога камунальнікі прыбіраюць агароджы, пілуюць старыя і сухія дрэвы, зносяць старыя крыжы і надмагільлі.

Гісторыі людзей, чые магілы зруйнавалі на Вайсковых могілках

«Старыя могілкі сапраўды патрабуюць упарадкаваньня, але ня коштам нашай гісторыі. А нацыя, якая забываецца пра сваю гісторыю, гэтым самым адракаецца ад сваіх каранёў і ня мае будучыні», — падкрэсьліў Кандрусевіч.

7 адказаў на наіўныя пытаньні пра рэстаран ля Курапатаў і пратэсты супраць яго

​Што важна ведаць аб пратэстах супраць новай рэстарацыі ў Курапатах:

  • Рэстаран стаіць за 50 мэтраў ад месца, дзе ў 1930-я адбываліся масавыя расстрэлы. Карнікі НКВД расстралялі тут, па розных ацэнках, ад 30 тысяч да 250 тысяч чалавек.
  • 28 траўня карэспандэнт Свабоды трапіў на тэрыторыю комплексу, дзе пабачыў падрыхтоўку да хуткага адкрыцьця рэстарацыі.
  • Грамадзкія актывісты штодня ад 31 траўня пікетуюць забаўляльны комплекс, патрабуючы яго закрыцьця.
  • 1 чэрвеня рэстаран «Поедем поедим» пачаў рэклямавацца ў інтэрнэце.
  • Рэстаран «Поедем поедим» у Курапатах меркавана запрацаваў увечары 5 чэрвеня.
  • 27 чэрвеня наведніцы рэстарацыі на аўтамабілі зьбілі актывіста Леаніда Кулакова, у яго пералом рукі.
  • Старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў 13 ліпеня паведаміў пра нейкія дамоўленасьці з уладальнікам рэстарацыі, але якія гэта дамоўленасьці — пакуль не сказаў.
  • Будоўля забаўляльнага комплексу пад назвай «Бульбаш-хол» пачалася ў 2012 годзе ў ахоўнай зоне Курапатаў. У 2014-м ахоўную зону зьменшылі.
  • Першая грамадзкая абарона Курапатаў адбывалася ў 2001–2002 гг., калі моладзь пратэставала супраць пашырэньня кальцавой дарогі праз урочышча. На пачатку 2017-га актывісты адстаялі Курапаты ад будоўлі бізнэс-цэнтру.

​Сталінскія рэпрэсіі і Курапаты

У Беларусі масавыя рэпрэсіі пачаліся яшчэ з прыходам да ўлады бальшавікоў — у 1917 годзе. А скончыліся, калі памёр Сталін — у 1953-м. Дасьледчыкі мяркуюць, што іх зазналі як мінімум 600 тысяч чалавек. Паводле іншых ацэнак, гэтая лічба дасягае 1,4 мільёна. Але дакладная колькасьць невядомая — КДБ дагэтуль не раскрыў архівы.

Паводле розных падлікаў, ад 30 да 250 тысяч чалавек карнікі НКВД расстралялі з 1937 па 1941 гады ў Курапатах — лясным масіве пад Менскам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG