Як адрэагавала беларускае грамадзтва на гісторыю зь нібыта інсультам Аляксандра Лукашэнкі? Ці гатовыя беларускія апазыцыйныя палітыкі да раптоўнай зьмены ўлады? Ці магчыма спалучаць барацьбу за незалежнасьць і змаганьне супраць існуючай улады?
На гэтыя ды іншыя пытаньні ў перадачы «Праскі акцэнт» адказваюць намесьнік старшыні Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, публіцыст Аляксандар Класкоўскі і палітоляг Павал Вусаў. Вядзе перадачу Віталь Цыганкоў.
У беларускім грамадзтве пануе фаталізм
Цыганкоў: Больш за тыдзень актыўная частка беларускага грамадзтва абмяркоўвае «інсультны выпадак». Якія вы зрабілі высновы, што паказалі гэтыя дні?
Янукевіч: Самая трывожная для мяне выснова — што абмеркаваньні, дыскусіі на гэтую тэму пачаліся з падачы расейскага, фэйкавага СМІ. Гэта сьведчыць, што Расея павялічвае свой уплыў на інфармацыйнае поле ў Беларусі, умешваючыся ва ўнутрыпалітычныя беларускія справы. На жаль, трэба казаць, што гэта на сёньня ў іх атрымліваецца досыць эфэктыўна. Яны падкінулі праблемаў Лукашэнку, але навязалі сваю тэму і дэмакратычнаму грамадзтву. Нам, незалежным палітычным сілам, грамадзкаму сэктару, сапраўдным СМІ трэба працаваць над тым, каб расейцам не было так лёгка маніпуляваць грамадзкай думкай.
Цыганкоў: Хіба можна прымусіць людзей абмяркоўваць тэму, якая ім не цікавая? Запаліць тэмай, якую яны ня ўспрымуць? Людзі падхопліваюць тэму, якая для іх важная і гарачая — незалежна ад таго, хто яе падкінуў.
Янукевіч: Тут я з вамі згодны — ня так і важна, хто ўкінуў. Але момант і форму ўкіду прадыктавалі расейскія фэйкавыя СМІ, і гэта непрыемна. Можа, бязь іхняга ўдзелу і не было б такой шырокай дыскусіі. Бо беларускае грамадзтва ўжо сутыкалася неаднаразова з тым, што Лукашэнка зьнікаў з публічнай прасторы.
Класкоўскі: Пра беларускае грамадзтва ў зьвязку з гэтай гісторыяй можна сказаць так — у ім пануе фаталізм. Адваротны бок гэтага мэдаля — такая дурнаватая радасьць: «Няўжо нарэшце?!». Гэта паказвае, што апазыцыйная публіка ня верыць у іншыя варыянты — пераўтварэньні ад Лукашэнкі альбо рэвалюцыю ад апазыцыі. Увесь спадзеў на тое, што рана ці позна адбудзецца фізычны сыход афіцыйнага лідэра, і тады, можа, нешта пачнецца.
Але дзе гарантыя, што калі няма сілаў і магчымасьцяў цяпер, то ў момант, калі шалі завагаюцца — прагрэсіўная частка грамадзтва зробіць сваю гульню? Я думаю, што гэта вельмі хісткі спадзеў, бо найперш уладу падхопяць тыя, у каго ёсьць сілавыя рэсурсы.
Цыганкоў: Але пасьля сыходу Лукашэнкі хоць якая «гульня», як вы пазначылі гэта, можа пачацца. Пакуль жа нічога няма, ніякай гульні. Проста пустата. Калі гульня пачнецца, шанцы зьявяцца ва ўсіх.
Класкоўскі: Так, будучыня адкрытая. Але трэба, каб не было нейкай эўфарыі, шлях Беларусі да лепшай будучыні будзе складаны. Мы ня ведаем, якім будзе новы кіраўнік Беларусі, і ў нэрвовай сытуацыі транзыту ўлады можа нават быць віток рэпрэсій.
Апазыцыя павінна агучыць канкрэтную стратэгію, што зьбіраецца рабіць у момант сыходу Лукашэнкі
Вусаў: Беларускае грамадзтва мае глыбокую сацыяльную патрыярхальнасьць, бо ўсё сканцэнтравана на адной асобе. Калі гэтая асоба раптоўна зьнікне, Беларусь апынецца ў палітычным вакуўме і неакрэсьленасьці. Ніхто ня ведае, што трэба будзе рабіць у першыя хвіліны пасьля такой навіны. І вялікае пытаньне, хто першы пасьпее скарыстацца з такой сытуацыі — Расеі ці ўнутраныя палітычныя сілы.
Наступны момант — унутраная эмацыйная напружанасьць беларускіх грамадзянаў, асабліва дэмакратычнай супольнасьці. Калі ўсе чакаюць менавіта аднаго факту, сыходу Лукашэнкі — як магчымасьці пакараць яго за ўсё, што ён зрабіў з краінай і дэмакратычнай супольнасьцю.
Мяне таксама дзівіць абсалютна пасіўная рэакцыя апазыцыі. Я ня ведаю, з чым гэта зьвязана. Альбо з тым, што прадстаўнікі апазыцыі ня верылі ў тое, што з Лукашэнкам нешта здарылася, альбо яны не падрыхтаваныя, каб рабіць радыкальныя крокі.
Цыганкоў: Павал, а якой бы вы рэакцыі ад іх хацелі, што яны павінны былі б зрабіць? Як мне падаецца, адразу было відавочна, што гэта фэйк, і трэба было як мінімум пераканацца ў сапраўднасьці інфармацыі.
Вусаў: Па-першае, канечне, ніхто ня дасьць сапраўднай інфармацыі. Перш за ўсё, прадстаўнікі апазыцыі павінны агучыць канкрэтную стратэгію, што зьбіраецца рабіць апазыцыя ў момант, калі зьявіцца інфармацыя пра сыход Лукашэнкі — фізычны ці палітычны. Але гэтай стратэгіі няма.
Што канкрэтна можна было б зрабіць? Самае простае — нейкая гучная канфэрэнцыя, адкрытая сустрэча прадстаўнікоў апазыцыі з мэдыямі з патрабаваньнямі пацьвердзіць альбо абвергнуць інфармацыю пра здароўе Лукашэнкі. Прынамсі, нейкая мапа палітычных дзеяньняў павінна існаваць — каб тады, калі гэты момант наступіць, не дыскутавалі, што рабіць. Рабіць трэба будзе ў першыя ж хвіліны пасьля таго, як стане вядома, што Лукашэнка ўжо не кантралюе ўладу.
Цыганкоў: Аляксей, у вас ёсьць пляны ў шуфлядках на ўсе варыянты разьвіцьця падзей — A, B і C?
Янукевіч: У нас у БНФ не шуфлядкі, у нас капэрты маркіраваныя ва ўсіх рэгіянальных офісах. І калі будзе каманда з цэнтру — нашы рэгіянальныя кіраўнікі іх ускрываюць і атрымліваюць поўную вычарпальную інструкцыю, што рабіць.
Чаму мы не замітусіліся? Ня тая сытуацыя, каб тузацца на замову прарасейскай агентуры. У нас ёсьць свае індыкатары, па якіх мы будзем ацэньваць, ці сапраўды нешта адбываецца ў гэтай сыстэме ўлады.
Вядома, адыход Лукашэнкі ад улады будзе азначаць сур’ёзныя зьмены ў краіне. Але гэта не азначае, што ў нас пачнецца дэмакратыя і ўсе прыбягуць да апазыцыі і скажуць: «Камандуйце». Мы не чакаем гэтага моманту і працуем ужо цяпер. Натуральна, што будуць вялікія шанцы мець сёньняшнія намэнклятуршчыкі, а таксама прарасейскія сілы.
Цыганкоў: Беларускім дэмакратычным сілам даводзіцца змагацца на два франты — за захаваньне незалежнасьці, супраць Расеі, і адначасова супраць улады. Як тут не сысьці да аргумэнтаў, што «дзеля захаваньня незалежнасьці трэба аб’яднацца вакол кіраўніка дзяржавы»?
Класкоўскі: Часта гэта фальшывая тэза. Часам проста няма сілы, каб тую лодку ўлады разгойдаць. Далёка пакуль беларускай апазыцыі да таго, каб так паставіць беларускі рэжым пад пагрозу, каб тут Пуцін на танку прыехаў.
Па-другое, у вас прагучала пра змаганьне супраць двух ворагаў. Ня варта бачыць сытуацыю ў краіне ў чорна-белых колерах. Макей і ягонае ведамства, МЗС, якое спрабуе ўзмацніць сувязі з Эўропай, — ворагі ці не? Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Варанецкі, які кажа, што Курапаты — гэта сьвятое, — вораг ці не? Тут павінен быць гнуткі і дыялектычны падыход.
Але ўся гэтая гісторыя высьвечвае хібы пэрсаналісцкага рэжыму, завязанага на аднаго чалавека. Апазыцыя ня ўключаная ў рэальную палітыку — дый няма яе, палітыкі. І ані тыя, хто пры ўладзе, ані тыя, хто ў апазыцыі, не гатовыя дзейнічаць рашуча ў той самы момант.
Лукашэнка нічога ня робіць рэальнага, каб абмяжоўваць уплыў Расеі на Беларусь
Вусаў: Даволі цяжка будзе знайсьці нейкую залатую сярэдзіну ў дылеме «дэмакратыя ці незалежнасьць». Бо трэба разумець, наколькі Беларусь эканамічна і геапалітычна залежная ад Расеі і што гэтая сытуацыя ўтварылася выключна ў выніку дзеяньняў цяперашняга рэжыму. Таму Расея можа з гэтай сытуацыі скарыстацца, і гэта трэба разумець.
Вядома, тое, што «Лукашэнка — гарант незалежнасьці і давайце аб’яднаемся вакол яго, каб абараняць незалежнасьць», — гэта міт. Лукашэнка нічога ня робіць рэальнага, каб нейкім чынам абмяжоўваць уплыў Расеі на Беларусь. Калі ня будуць за гэты час зробленыя жорсткія захады дзеля захаваньня беларускай дзяржаўнасьці, то Расея ў любым выпадку выкарыстае гэтую сытуацыю.
Янукевіч: Скасаваньне ў Расеі прыгоннага права не зрабіла сялян вольнымі. Беларускія сяляне рабіліся вольнымі, калі яны бралі косы і ішлі змагацца разам з Каліноўскім за сваю волю.
Калі вы пытаецеся, ці гатовае грамадзтва да жыцьця «пасьля Лукашэнкі», то я спытаю: адкуль? Калі 25 гадоў уся сыстэма будавалася на тым, каб ягоная асоба была незаменнай. Вядома, грамадзтва не гатовае, і для яго гэтае новае жыцьцё будзе шокам.
Трэба дамагацца трансфармацыі грамадзкай сьвядомасьці, не чакаючы, калі сыдзе Лукашэнка. І тое, колькі мы пасьпеем зрабіць, і будзе вызначаць, наколькі беларускі народ будзе мець шанец кіраваць гэтымі зьменамі, калі пачнецца трансфармацыя гэтай сыстэмы.
На сёньня нельга казаць, што гэтая трансфармацыя адбываецца па рашэньні ўлады. Але нам трэба адыходзіць ад такіх штампаў, як «апазыцыя» і «рэжым». Апазыцыя вельмі розная, і рэжым — гэта розныя людзі са сваімі інтарэсамі, якія вырашаюць свае задачы. Трансфармацыя можа адбыцца найлепшым чынам тады, калі дамоваздольная частка апазыцыі здолее знайсьці агульную мову з найбольш адэкватнай часткай улады. Тады ўсё ў нас будзе добра.
Класкоўскі: У Беларусі ідуць супярэчлівыя працэсы. Для мяне відавочна, што ў сытуацыі «пасьля Лукашэнкі» Беларусь будзе больш уразьлівая для зьнешніх чыньнікаў. Але варыянты, што «Расея нас акупуе», зусім не фатальныя. У вырашальныя гістарычныя моманты роля асобаў, волі, рашучасьці, згуртаванасьці людзей можа мець вырашальны характар.