Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Пэрсанальны байкот» абвешчаны 35 чыноўнікам, пастаўшчыкам, наведнікам рэстарацыі «Поедем поедим»


Вахта каля Курапатаў, архіўнае фота
Вахта каля Курапатаў, архіўнае фота

На штотыднёвым сходзе абаронцы Курапатаў зацьвердзілі новую вэрсію сьпісу асобаў, датычных да зьяўленьня і працы рэстарацыі ля Курапатаў.

«„Лідзкае піва“ і менскія хлебазаводы больш не пастаўляюць сваю прадукцыю ў рэстарацыю, а „Марозпрадукт“ працягвае пастаўляць свой плямбір „20 капеек“», — сказаў Свабодзе адзін зь лідэраў абароны Курапатаў Павал Севярынец.

У сьпісе асобаў, якім актывісты абвясьцілі «пэрсанальны байкот», цяпер 35 прозьвішчаў, ёсьць іх біяграфіі, фатаздымкі. Гэта

  • 14 чыноўнікаў, датычныя да дазволу будоўлі (Барыс Батура, Ірына Дрыга, Вадзім Гліньнік, Ігар Чарняўскі, Барыс Сьвятлоў, Леанід Гуляка, Аляксандар Яцко і іншыя),
  • 12 уладальнікаў і супрацоўнікаў рэстарацыі (Леанід Зайдэс, Барыс Сурыс, Сьвятлана Дубкова, Аркадзь Ізраілевіч, Лявон Сагальчык, Кацярына Бекбулатава, Антон Мелехаў, Вячаслаў Азаранка, Вадзім Сантычын ды іншыя),
  • 9 «агрэсіўных наведнікаў».

«Гэтыя файлы будуць на расейскай, беларускай і ангельскай мовах. На наступным тыдні мы будзем перадаваць гэтыя матэрыялы ў адкрыты доступ — у прэсу, у сацсеткі, затым — у амбасады, для таго каб адбыўся поўнафарматны байкот, ад візавага да таго, каб проста не вітацца з гэтым чалавекам», — сказаў Свабодзе Павал Севярынец.

Таксама быў зацьверджаны плян мерапрыемстваў на жнівень.

  • 11 жніўня ў Курапатах пройдзе Сьпеўны сход — сьпяваньне гімна-малітвы «Магутны Божа».
  • 23 жніўня пройдзе міжнародная канфэрэнцыя, прысьвечаная заключэньню пакту Молатава — Рыбэнтропа і Дню памяці ахвяраў нацысцкага і сталінскага рэжымаў.
  • У апошняй дэкадзе жніўня будзе праведзены круглы стол па мэмарыялізацыі Курапатаў.

«Акрамя таго, зь сёньняшняга дня фактычна пачаўся байкот па пастаўшчыках — прайшлі два тыдні, якія мы давалі пастаўшчыкам рэстарацыі „Поедем поедим“, каб спыніць супрацоўніцтва з гэтым „кабаком на касьцях“. І трэба адзначыць, што ўжо некалькі фірмаў перасталі езьдзіць у Курапаты. Яны не дасылалі афіцыйных зваротаў, але цягам некалькіх дзён мы іх ужо не рэгіструем каля рэстарацыі. Да прыкладу, няма ні Менскага хлебазаводу, ні „Лідзкага піва“, яны ўжо сюды не прыяжджаюць. Але зьявілася бабруйскае піва — „Бабруйскі бровар“, зьявіўся Слуцкі хлебазавод — то бок Зайдэс спрабуе шукаць іншых пастаўшчыкоў, якія, магчыма, яшчэ нічога ня ведаюць, але мы дашлем звароты і ім», — кажа Севярынец.

Ёсьць фірмы, якія, нягледзячы на электронныя звароты, заказныя лісты з уведамленьнем, працягваюць пастаўляць сваю прадукцыю ў рэстарацыю. Напрыклад, «Марозпрадукт» з Мар’інай Горкі.

«Мы заклікаем байкатаваць плямбір „20 капеек“. Варта адзначыць, што наведнікаў у рэстарацыі вельмі мала. Да прыкладу, у сераду за ўвесь дзень прыехала толькі 7 чалавек на трох машынах, прычым трое зь іх дзеці. Рэстарацыя прагарае. Гэта ня бізнэс», — кажа Павал Севярынец.

7 адказаў на наіўныя пытаньні пра рэстаран ля Курапатаў і пратэсты супраць яго

​Што важна ведаць аб пратэстах супраць новай рэстарацыі ў Курапатах:

  • Рэстаран стаіць за 50 мэтраў ад месца, дзе ў 1930-я адбываліся масавыя расстрэлы. Карнікі НКВД расстралялі тут, па розных ацэнках, ад 30 тысяч да 250 тысяч чалавек.
  • 28 траўня карэспандэнт Свабоды трапіў на тэрыторыю комплексу, дзе пабачыў падрыхтоўку да хуткага адкрыцьця рэстарацыі.
  • Грамадзкія актывісты штодня ад 31 траўня пікетуюць забаўляльны комплекс, патрабуючы яго закрыцьця.
  • 1 чэрвеня рэстаран «Поедем поедим» пачаў рэклямавацца ў інтэрнэце.
  • Рэстаран «Поедем поедим» у Курапатах меркавана запрацаваў увечары 5 чэрвеня.
  • 27 чэрвеня наведніцы рэстарацыі на аўтамабілі зьбілі актывіста Леаніда Кулакова, у яго пералом рукі.
  • Старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў 13 ліпеня паведаміў пра нейкія дамоўленасьці з уладальнікам рэстарацыі, але якія гэта дамоўленасьці — пакуль не сказаў.
  • Будоўля забаўляльнага комплексу пад назвай «Бульбаш-хол» пачалася ў 2012 годзе ў ахоўнай зоне Курапатаў. У 2014-м ахоўную зону зьменшылі.
  • Першая грамадзкая абарона Курапатаў адбывалася ў 2001–2002 гг., калі моладзь пратэставала супраць пашырэньня кальцавой дарогі праз урочышча. На пачатку 2017-га актывісты адстаялі Курапаты ад будоўлі бізнэс-цэнтру.

​Сталінскія рэпрэсіі і Курапаты

У Беларусі масавыя рэпрэсіі пачаліся яшчэ з прыходам да ўлады бальшавікоў — у 1917 годзе. А скончыліся, калі памёр Сталін — у 1953-м. Дасьледчыкі мяркуюць, што іх зазналі як мінімум 600 тысяч чалавек. Паводле іншых ацэнак, гэтая лічба дасягае 1,4 мільёна. Але дакладная колькасьць невядомая — КДБ дагэтуль не раскрыў архівы.

Паводле розных падлікаў, ад 30 да 250 тысяч чалавек карнікі НКВД расстралялі з 1937 па 1941 гады ў Курапатах — лясным масіве пад Менскам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG