Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лябедзьку аштрафавалі за прэс-канфэрэнцыю каля «Поедем поедим»

абноўлена

Анатоль Лябедзька каля суду
Анатоль Лябедзька каля суду

За ўдзел у прэсавай канфэрэнцыі каля брамы рэстарацыі «Поедем поедим», якую суд назваў пікетаваньнем, Анатоля Лябедзьку аштрафавалі на 50 базавых — 1225 рублёў. Судзьдзя Вікторыя Шабуня прызнала яго вінаватым паводле ч. 3 арт. 23.34 КоАП «Парушэньне парадку арганізацыі ці правядзеньня масавага мерапрыемства».

Маёр міліцыі Ігар Чарняўскі, які складаў пратакол, не зьявіўся на суд, ён у адпачынку.

Судзьдзя зачытала абвінавачваньне: Лябедзька каля брамы рэстарану «Поедем поедим» зладзіў пікетаваньне без дазволу, чым парушыў частку 3 артыкула 23.34 КаАП: «Дэманстратыўна стаяў каля брамы, перашкаджаючы ўваходу ў рэстарацыю наведнікаў і праезду машын».

Лябедзька прывёў вынікі апытаньня на сайце Вярхоўнага суду: 93% тых, хто прагаласаваў, суду не давярае. Лябедзька заявіў хадайніцтва пра адвод судзьдзі, але довады яго суд прызнаў надуманымі і хадайніцтва адхіліў.

Анатоль Лябедзька патлумачыў, што атрымаў запрашэньне ўзяць удзел у прэс-канфэрэнцыі. Ён праштудзіраваў Закон аб СМІ і не знайшоў там артыкула, які б рэглямэнтаваў месца правядзеньня прэсавай канфэрэнцыі. Ён таксама спаслаўся на прыклад з Аляксандрам Лукашэнкам, які прыяжджае на поле, побач журналісты, і ён адказвае на іх пытаньні.

«Лукашэнка таксама павінен атрымліваць дазвол?» — спытаўся Лябедзька.

Паводле Лябедзькі, на прэс-канфэрэнцыі хацелі расказаць журналістам, што ў будаўніцтве рэстарацыі «Поедем поедим» ёсьць вялікі карупцыйны складнік.

«Каму мы перашкаджалі? Няма заяў ад супрацоўнікаў рэстарацыі, ад наведнікаў, ад кіроўцаў, што ім перашкаджалі. Адкуль гэта ўзяў маёр Чарняўскі — невядома. Яму сорамна. Таму ён не прыйшоў у суд», — мяркуе Лябедзька.

У судзе прагледзелі і апэратыўны відэазапіс прэсавай канфэрэнцыі, прадстаўлены міліцыяй.

«Відэазапіс пацьвярджае ўсё тое, што было сказана мною. Там праходзіла прэс-канфэрэнцыя. У пратаколе запісана: „перашкаджалі праезду транспарту і праходу наведнікаў“, але на відэазапісе гэтага няма, няма і прыкметаў пікету: мы не стаялі з расьцяжкамі, не заклікалі ў мэгафон. Мы інфармавалі журналістаў. Таму я настойваю на запрашэньні сьведкі-міліцыянта.

Гэта першы ў гісторыі працэс, дзе судзяць за прэс-канфэрэнцыі, — сказаў Лябедзька і павіншаваў спадарыню Шабуню, што яна першая судзьдзя, якая судзіць за прэс-канфэрэнцыю і інфармаваньне.

Судзьдзя зачытала рапарт міліцыянта Чарняўскага: «Лябедзька дэманстратыўна стаяў каля брамы на фоне бел-чырвона-белага сьцяга, перашкаджаў праезду транспарту». І вынесла рашэньне — штраф у 50 базавых велічыняў, або 1225 рублёў. Прысутныя адрэагавалі воклічамі «Ганьба!».

Рашэньне суду Анатоль Лябедзька будзе абскарджваць.

21 чэрвеня лідэры апазыцыі і абаронцы Курапатаў падсумавалі вынікі трохтыднёвых пратэстаў супраць рэстарацыі «Поедим поедим» у Курапатах, а таксама правялі прэс-канфэрэнцыю.

7 адказаў на наіўныя пытаньні пра рэстаран ля Курапатаў і пратэсты супраць яго

​Што важна ведаць аб пратэстах супраць новай рэстарацыі ў Курапатах:

  • Рэстаран стаіць за 50 мэтраў ад месца, дзе ў 1930-я адбываліся масавыя расстрэлы. Карнікі НКВД расстралялі тут, па розных ацэнках, ад 30 тысяч да 250 тысяч чалавек.
  • 28 траўня карэспандэнт Свабоды трапіў на тэрыторыю комплексу, дзе пабачыў падрыхтоўку да хуткага адкрыцьця рэстарацыі.
  • Грамадзкія актывісты штодня ад 31 траўня пікетуюць забаўляльны комплекс, патрабуючы яго закрыцьця.
  • 1 чэрвеня рэстаран «Поедем поедим» пачаў рэклямавацца ў інтэрнэце.
  • Рэстаран «Поедем поедим» у Курапатах меркавана запрацаваў увечары 5 чэрвеня.
  • 27 чэрвеня наведніцы рэстарацыі на аўтамабілі зьбілі актывіста Леаніда Кулакова, у яго пералом рукі.
  • Старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў 13 ліпеня паведаміў пра нейкія дамоўленасьці з уладальнікам рэстарацыі, але якія гэта дамоўленасьці — пакуль не сказаў.
  • Будоўля забаўляльнага комплексу пад назвай «Бульбаш-хол» пачалася ў 2012 годзе ў ахоўнай зоне Курапатаў. У 2014-м ахоўную зону зьменшылі.
  • Першая грамадзкая абарона Курапатаў адбывалася ў 2001–2002 гг., калі моладзь пратэставала супраць пашырэньня кальцавой дарогі праз урочышча. На пачатку 2017-га актывісты адстаялі Курапаты ад будоўлі бізнэс-цэнтру.

​Сталінскія рэпрэсіі і Курапаты

У Беларусі масавыя рэпрэсіі пачаліся яшчэ з прыходам да ўлады бальшавікоў — у 1917 годзе. А скончыліся, калі памёр Сталін — у 1953-м. Дасьледчыкі мяркуюць, што іх зазналі як мінімум 600 тысяч чалавек. Паводле іншых ацэнак, гэтая лічба дасягае 1,4 мільёна. Але дакладная колькасьць невядомая — КДБ дагэтуль не раскрыў архівы.

Паводле розных падлікаў, ад 30 да 250 тысяч чалавек карнікі НКВД расстралялі з 1937 па 1941 гады ў Курапатах — лясным масіве пад Менскам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG