Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Няродная маці «немца» Разанава і «амэрыканкі» Морт


Валянціна Аксак
Валянціна Аксак

«У сваёй мове ён мог бы стаць вялікім. У чужой — толькі вышэй за сярэдняга». Гэта Караткевіч пра Яна Баршчэўскага ў «Каласах…» думкамі юнага Алеся Загорскага, калі тому патрапіў у дзедавай бібліятэцы «Шляхціц Завальня…».

Саракавыя гады дзевятнаццатага стагодзьдзя. Ззаду два антырасейскія паўстаньні, наперадзе яшчэ адно. Да «Дудкі беларускай» — паўстагодзьдзя. І ад яе цэлае пакаленьне — да «Маёй долі» і беззваротнага выбару Янкі Купалы.

Ад польскамаўнасьці беларуса Яна Баршчэўскага да сёньняшніх нашых іншамоўных літаратараў — сто семдзясят з гакам гадоў. Якую ня ёсьць, а маем сваю дзяржаву, а ў ёй хоць дэкляратыўную, але сваю мову. Дык чаму яны зноў і зноў пішуць чужою?

Адказ даўно вядомы, і навошта мне тут яшчэ раз пра гэта?

Не даюць спакою нядаўнія сустрэчы.

Мама ў мяне адна

Нядаўна ў Менску была прэзэнтацыя новай кнігі Іны Снарскай «Вогнепаклоньніца». Паэтка нарадзілася ў Полацку, але ўжо доўгі час жыве ў Палтаве. І апошнія яе кнігі дзьвюхмоўныя. Аўтарка прызналася на імпрэзе, што ў яе душы вельмі цяжка знайсьці дакладную мяжу, водападзел паміж мовамі: вось піша вершы па-беларуску, а праз некалькі хвілінаў — па-ўкраінску.

Тут мне згадаліся словы маёй першай нявесткі. Калі сын прывёў яе знаёміцца, я падзякавала яму за тое, што маю цяпер і дачушку. На што, здавалася б, наіўнае дзяўчо рашуча запярэчыла: «Мама ў мяне адна».

калі не на матчынай – то ці з душы яны?

Мама адна. А мова матчына, тая, на якой ўсё самае запаветнае, што паэзіяй звыклі лічыць? Стасункі, праца — гэта зразумела. Усё, што ад ведаў і спрыту — хоць на тузіне замежных. А вершы? Калі не на матчынай — то ці з душы яны? І ці трэба яны чужой мове?

«Немец» Разанаў

адрозныя з гучаньня беларускі вершаказ і нямецкі вордыхт

У 2011-м у кнігарні «Логвінаў» праходзіў месяц нямецкай літаратуры, які распачынаўся прэзэнтацыяй новай кнігі культавага паэта Алеся Разанава «Der Mond denkt, die Sonne sinnt». Аўтар распавёў, як напісалася яго кніга, якую з нямецкай можна перакласьці «Месяц думае, сонца мысьліць». «Я нічога не перакладаў. Словы гаварылі са мной. І я вёў размову зь імі, як з жывымі зьявамі, істотамі, і яны расказвалі тое, што ў побытавым жыцьці не раскажуць. Кранаеш галіну — адгукаецца дрэва. Кранаеш дрэва — адгукаецца лес». І па-беларуску гэтыя вершы, якія завуцца «вордыхты», пэўна не загучаць, зазначыў тады Разанаў. Назад роўнакаштоўна іх перакласьці немагчыма. І для прыкладу прачытаў блізкія па сэнсе, але адрозныя з гучаньня беларускі вершаказ і нямецкі вордыхт.

Ці ўзбагацілася нямецкая паэзія гэтай ягонай кнігай? Беларуская ж на адзін разанаўскі том дакладна пабяднела. І гэта — не мая думка.

Бязьлітасны брытанскі прафэсар

Два тыдні таму пра іншамоўныя творы беларускіх паэтаў цэлы вечар мы гаварылі з Арнольдам Макмілінам (Arnold Barratt McMillin). Брытанскі філёляг-славіст, прафэсар, аўтар шасьці кніг пра клясычную і сучасную беларускую літаратуру вельмі добра абазнаны ва ўсіх яе праявах і тэндэнцыях. Але пачалі здалёк. З «Лаліты» Набокава. З такім сюжэтам мова ня мае значэньня, гэта як эратычны фільм — глядзіцца бяз словаў. Не пагадзіцца з высновай Макміліна складана, асабліва пасьля трыюмфальнага шэсьця па сьвеце відэаролікаў з аголенымі змагаркамі за праўду.

На пытаньне пра англамоўныя творы Бродзкага брытанскі прафэсар адказаў іранічнай усьмешкай.

аўтары, якія зрабілі значны ўнёсак у англамоўную літаратуру

Не маглі мы ў той вечар абмінуць у гаворцы і імя блізкай нам па месцы нараджэньня, часе і эстэтыцы Вальжыны Морт, якая з 2006 году жыве і працуе ў ЗША. Там у 2008-м у выдавецтве Copper Canyon Press выйшаў зборнік вершаў маладой беларускай паэткі зь іх перакладамі на ангельскую мову «Factory of Tears» («Фабрыка сьлёзаў»), названы амэрыканскім друкам «першым у гісторыі беларуска-ангельскім паэтычным зборнікам, выдадзеным на тэрыторыі Злучаных Штатаў». Пераклад выканалі паэт Франц Райт і яго жонка Элізабэт Олькерс-Райт. У 2010-м Вальжына Морт была ўганараваная амэрыканскай літаратурнай стыпэндыяй Фундацыі Ленэна (Lannan Literary Fellowship), якой штогод уганароўваюцца як вядомыя, гэтак і маладыя «аўтары надзвычайных літаратурных талентаў, якія зрабілі значны ўнёсак у англамоўную літаратуру і выяўляюць патэнцыял для далейшай яскравай працы». У 2011 годзе паэтка выдала свой дэбютны зборнік англамоўнай паэзіі «Collected Body» («Зборнае цела»), які выйшаў у тым самым, што і першы яе перакладны зборнік, амэрыканскім выдавецтве Copper Canyon Press.

«Амэрыканская літаратура цудоўна абыдзецца бяз гэтае кнігі», — рэзюмэ брытанскага прафэсара было кароткае і бязьлітаснае. Але гэта толькі частка ягонае адназначнасьці. Другая — ва ўжо згаданых тут словах Уладзімера Караткевіча пра Яна Баршчэўскага.

Вальжына Морт сёлета зрабіла аўтапераклад са свайго «Зборнага цела» і, дадаўшы туды ранейшых вершаў, выдала новую, пакуль што толькі другую сваю тут беларускую кнігу «Эпідэмія ружаў». Яна правяла на радзіме надзвычай пасьпяховыя прэзэнтацыі кнігі, што можа нейкім чынам зьмякчае суворыя словы Арнольда Макміліна, а мо і сьведчыць пра падсьвядомае навяртаньне самое аўтаркі. Прадэманстравала малады азарт гульні з чужымі словамі — магу, маўляў — і стала жыць у боскай гармоніі са сваімі. Матчынымі. Хто ведае. Паглядзім.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG