Міністэрства эканомікі падрыхтавала праект пастановы ўраду аб зьменах у правілы ўнутранага распарадку садаводчых таварыстваў.
Паводле дакумэнту пытаньне аб сплаце сяброўскіх складак «прапарцыйна плошчы, якую займае сябра таварыства, аднесенае да кампэтэнцыі агульнага сходу». То бок самі садаводы будуць вырашаць форму ўнёску. Гэта будзе фіксаваная ці дыфэрэнцаваная сума для кожнага гаспадара, у залежнасьці ад памеру ўчастку.
Цяпер жа памер сяброўскай складкі для ўсіх гаспадароў аднаго і таго ж садаводчага таварыства аднолькавы.
Пра ініцыятыву Міністэрства эканомікі паведаміла ў сваім фэйсбуку дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая. Яе выбарнікі паскардзіліся на несправядлівасьць сплаты аднолькавага сяброўскага ўнёску. Дэпутатка зьвярнулася ў Міністэрства эканомікі, адкуль і атрымала згаданы адказ.