Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Важна ня толькі тое, што мы ямо, але і тое, калі мы ямо


Усё больш дасьледаваньняў паказваюць, што нашы целы функцыянуюць аптымальна, калі мы прыстасоўваем час харчаваньня да цыркадных рытмаў, якія вызначаюць, калі нам прачынацца, калі есьці і калі спаць.

Парушэньне цыркадных рытмаў

Паводле аўтара газэты The New York Times Анагада О’Конара, апошнія дадзеныя навукі сьведчаць, што хранічнае парушэньне сутачнага рытму, напрыклад, позьнія вячэры, прыводзяць да павелічэньня вагі і мэтабалічных праблем.

У выдадзенай нядаўна кнізе «Цыркадны код» яе аўтар, прафэсар Сатчын Панда сьцьвярджае, што людзі моцна паляпшаюць сваё мэтабалічнае здароўе, калі пачынаюць прымаць ежу падчас 8-10-гадзіннага акна ў працягу дня — ад сьняданка раніцай да лёгкай вячэры ў пачатку вечара.

Але пераважная большасьць людзей прымаюць ежу ў часе пэрыяду, які доўжыцца 15 і болей гадзін, пачынаючы ад кавы раніцай і канчаючы лёгкімі закускамі позна ўвечары. Паводле прафэсара Панды, такая мадэль харчаваньня ўваходзіць у супярэчнасьць з нашымі цыркаднымі рытмамі.

Унутраны біялягічны гадзіньнік кожнага органа

Навукоўцы даўно ведаюць пра ўнутраны біялягічны гадзіньнік чалавека. Вядома, што спэцыяльны мазгавы цэнтар, разьмешчаны ў гіпаталамусе, рэгулюе нашы цыклы сну-няспаньня ў адказ на дзённае сьвятло.

унутраны гадзіньнік мае ня толькі наша цела, але і кожны яго орган

Але пару дзесяцігодзьдзяў таму высьветлілася, што ўнутраны гадзіньнік мае ня толькі наша цела, але і кожны яго орган, які мае свае ўласныя цыклы актыўнасьці. Атрымліваецца, што ўнутраны гадзіньнік чалавека — гэта сукупнасьць многіх меншых гадзіньнікаў ягоных органаў.

Напрыклад, на працягу дня падстраўнікавая залоза павялічвае выпрацоўку інсуліну, які кантралюе ўзровень цукру ў крыві, а затым запавольвае яе ў начны час. Кішэчнік мае свой гадзіньнік, які рэгулюе сутачны прыліў і адліў фэрмэнтаў, ўсмоктваньне пажыўных рэчываў і выдаленьне адкідаў. Нават калёніі трыльёнаў бактэрый у кішэчніку падпарадкоўваюцца сутачнаму рытму.

у кожным органе тысячы генаў ўключаюцца і выключаюцца прыкладна ў адзін і той жа час кожны дзень

Больш за тое! Гэтыя штодзённыя рытмы настолькі ўкараніліся ў наш арганізм, што яны запраграмаваныя ў ДНК. Дасьледаваньні паказваюць, што ў кожным органе тысячы генаў ўключаюцца і выключаюцца прыкладна ў адзін і той жа час кожны дзень.

Гэтак сталася таму, што за тысячы гадоў эвалюцыі чалавека дзень і ноч нязьменна мянялі адно аднаго. Паводле прафэсара Панды, людзі створаныя для таго, каб мець 24-гадзінны рытм фізіялёгіі і мэтабалізму. Як наш мозг мае патрэбу ў сьне для адпачынку і амаладжэньня, гэтак і кожны орган павінен мець час на аднаўленьне.

Канфлікт ежы і сну

Выснова навукоўцаў адназначная — прыём большай часткі ежы у першай палове дня спрыяе здароўю. Раніцай арганізм лепш стравуе ежу, раніцай нават аналізы браць лепш — будуць больш дакладныя вынікі.

Як вядома, у цёмную пару сутак мозг выпрацоўвае гармон мэлатанін, які рыхтуе нас да сну. Калі ў гэты час паесьці — атрымаецца канфлікт сыгналаў унутранаму гадзіньніку, бо ежа — гэта справа дзённага часу.

Каб праілюстраваць гэты канфлікт лекары кажуць, што падчас яго адзін орган нашага арганізму знаходзіцца ў Эўропе, а іншы — у ЗША. У выніку атрымліваецца і той самы эфэкт, што і пры джэтлагу — стомленасьць, парушэньне біярытмаў і нават запавольваньне мысьленчых працэсаў. І, як вынік — павышэньне рызыкі хваробаў.

Цяпер вядома, што пазьменная праца выклікае атлусьценьне, дыябэт, некаторыя віды раку і сардэчных захворваньняў.

Яскравыя вынікі экспэрымэнтаў

У адным экспэрымэнце дарослыя людзі клаліся спаць пазьней, чым звычайна, і ўставалі таксама пазьней на працягу 10 дзён. У выніку аказалася, што ў іх падняўся ціск і парушыліся ўзроўні інсуліну і цукру ў крыві.

Іншы экспэрымэнт паказаў, што ў прымушаных позна класьціся спаць людзей на працягу ўсяго некалькіх начэй запар хутка павялічылася вага і зьнізілася адчувальнасьць да інсуліну, што звычайна вядзе да дыябэту.

у прымушаных позна класьціся спаць людзей на працягу ўсяго некалькіх начэй запар хутка павялічылася вага і зьнізілася адчувальнасьць да інсуліну

У 2012 годзе прафэсар Панда з калегамі падзялілі генэтычна ідэнтычных мышэй на дзьве групы. Адной давалі тлустую і салодкую ежу круглыя суткі, другой — толькі на працягу 8-гадзіннага дзённага акна. Тыя мышы, што елі круглыя суткі, набралі шмат вагі, у іх атлусьцела печань і зьявіліся мэтабалічныя праблемы. А тыя, што елі толькі падчас 8-гадзіннага акна, засталіся здаровыя, нягледзячы на тое, што мышы ў абедзьвюх групах спажылі аднолькавую колькасьць калёрый.

Натхнёныя экспэрымэнтам на мышах, дасьледчыкі паставілі падобны экспэрымэнт на людзях. Была ўзятая група мужчын зь перадыябэтным станам. Пяць тыдняў яны прымалі ежу падчас 12-гадзіннага штодзённага акна, а падчас другой фазы — акно было зьменшана да 6 гадзін.

Аказалася, што падчас 6-гадзіннага акна прыёму ежы удзельнікі экспэрымэнту мелі больш нізкі ўзровень інсуліну, адчувалі менш начнога голаду, у іх зьнізіўся ўзровень акісьляльнага стрэсу і быў значна ніжэйшы крывяны ціск. Іх верхні ціск (сысталічны) упаў прыкладна на 11 пунктаў, а ніжні (дыясталічны) зьнізіўся на 10 пунктаў.

Навукоўцы пасьля прызналіся, што вынікі іх шакіравалі, настолькі яны былі нечаканыя.

Практычная парада

Хоць дасьледаваньні паказваюць, што прыём ежы ў першай палове дня зьяўляецца аптымальным для мэтабалічнага здароўя, гэта не азначае, што трэба прапускаць вячэры. Затое ёсьць сэнс зрабіць свае вячэры адносна лёгкімі.

Навукоўцы ў Ізраілі выявілі падчас аднаго з экспэрымэнтаў, што тоўстыя дарослыя людзі скінулі больш вагі і мелі лепшыя паказьнікі ўзроўню цукру, інсуліну і сардэчна-судзінных фактараў рызыкі тады, калі елі вялікі сьняданак, сьціплы абед і невялікую вячэру.

Таму лекары спасылаюцца на ангельскую прыказку, якая радзіць есьці сьняданак як кароль, абед як прынц, а вячэру — як жабрак.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG