Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Незыгарь» — гэта сур’ёзна? Што гэты канал пісаў пра Беларусь і што з таго падобна да праўды

абноўлена

Расейскі ананімны Telegram-канал паведаміў 30 ліпеня, што ў Аляксандра Лукашэнкі нібыта здарыўся інсульт і што ў яго 3-я ступень дыябэту. Прэс-служба Лукашэнкі гэта абвергла. Што яшчэ на канале «Незыгарь» пісалі пра Беларусь?

Чытайце таксама: «У выпадку вакансіі пасады прэзыдэнта». Хто заменіць Лукашэнку паводле Канстытуцыі?

Хто гэта?

Гэта невядома. Адзін з самых папулярных палітычных каналаў у Telegram (160 тысяч падпісантаў) ад лютага 2016 году вядзе ананімны аўтар або група аўтараў. Адны кажуць, што каналам кіруе генэральны дырэктар агенцтва ТАСС Сяргей Міхайлаў, другія называюць іншыя імёны.

Аўтар каналу сам папярэджвае, што «зьвесткі патрабуюць дадатковай вэрыфікацыі» — на канале публікуюцца палітычныя чуткі, якія аказваюцца праўдай не заўсёды. Аўтар сьцьвярджае, што Аляксандар Лукашэнка яго ведае і што расказваў пра гэта Ўладзіміру Пуціну.

Відавочна, не экспэрт па Курапатах

У апошнім на момант публікацыі паведамленьні пра Беларусь «Незыгарь» піша пра лідэра КХП БНФ Зянона Пазьняка, які нібыта дапамагае міністру замежных справаў Беларусі Ўладзімеру Макею наладзіць замежныя кантакты, у тым ліку з амэрыканскай сям’ёй Клінтанаў. У адказ Макей нібыта «рэанімуе тэмы, якія гулялі б у плюс Пазьняку і БНФ».

Зянон Пазьняк, архіўнае фота
Зянон Пазьняк, архіўнае фота

Паводле «Незыгаря», у Беларусі цяпер «зноў загучала тэма Курапатаў», дзе «мясцовыя нацыяналісты сталі рабіць піяр на месцы нібыта сталінскіх расстрэлаў». Канал сьцьвярджае, што «ёсьць і іншыя вэрсіі, хто там расстрэльваў», хоць тыя вэрсіі раз за разам абвяргаліся сьледчымі ад 1990-х гадоў. Таксама канал сьцьвярджае, што на беларускай дзяржаўнай тэлевізіі ў сакавіку 2017 году пра Пазьняка казалі «ў станоўчым ключы», ды сам Пазьняк тады застаўся незадаволеным тым, як на ТВ скарысталіся ягонымі словамі.

«Паводле крыніцы, няма сумневаў, што лібэральная частка беларускіх чыноўнікаў (кіраўнік МЗС Макей і г.д.) такім чынам штучна, праз сваіх нацыяналістаў, разыгрываюць тэму Курапатаў, каб заручыцца падтрымкай Захаду і ЭЗ», — піша «Незыгарь» у час, калі беларуская дзяржаўная прэса выступае рэзка супраць абаронцаў Курапатаў.

Абнаўленьне: Беларускі блог 1863x заявіў, што быў крыніцай «зьвестак» пра Пазьняка і Курапаты. «Ледзь стрымліваючы рогат, мы сталі пісаць у духу камэдыйнай кансьпіралёгіі», — сьцьвярджае блогер Эдуард Пальчыс.

Любіць пісаць пра Макея і расейскіх амбасадараў у Беларусь

Кіраўнік беларускага МЗС — другі беларус па колькасьці згадак на канале «Незыгарь» пасьля Лукашэнкі. З аднаго боку, паводле ягоных «зьвестак», Макей «разумее і адчувае Лукашэнку як ніхто іншы», з другога — «разбурае ягоныя сувязі з Расеяй» і нават «будзе плесьці інтрыгі і пазбаўляцца ад сям’і Лукашэнкі».

Уладзімер Макей, архіўнае фота
Уладзімер Макей, архіўнае фота

Большасьць зьвестак пра Макея на канале або біяграфічныя, або ўзятыя з афіцыйных навінаў, або разважаньні без спасылак на крыніцы. Ды часам сам «Незыгарь» становіцца крыніцай навінаў пра беларускі МЗС.

Так, канал заяўляў, што нібыта адмова Беларусі прыняць на ролю расейскага амбасадара Ўладзіслава Суркова «зьвязана зь відавочным падманам Аляксандра Лукашэнкі прэзыдэнтам Украіны Пятром Парашэнкам» (Парашэнка нібы абяцаў прывезьці ў Менск Ангелу Мэркель на «асабісты міні-саміт»). Пасьля заявіў, што «на ўзгадненьні» кандыдатура Міхаіла Бабіча, якога Лукашэнка «асьцерагаецца», ды пазьней — што кіраўнік расейскага «Сбербанка» Герман Грэф нібыта «нэўтралізуе шанцы прызначэньня». Затым — што Лукашэнка «даў слова» Пуціну прыняць Бабіча, хоць «Макей супраць» і што ў Менску «панічныя настроі» ў сувязі з чаканым прыбыцьцём Бабіча, пакуль у Расею «інкогніта зачасьцілі на кансультацыі беларускія апазыцыянэры і ня толькі».

Міхаіл Бабіч, архіўнае фота
Міхаіл Бабіч, архіўнае фота

23 ліпеня канал паведаміў, што «Бабіч едзе ў Менск», але на момант публікацыі — 31 ліпеня — Бабіч яшчэ не даехаў.

Пераказвае навіны, спасылаецца на «Беламову», дадумвае сваё

Адным з «прадказаньняў» на канале быў сыход экс-прэм’ера Беларусі Сяргея Сідорскага з пасады ў Эўразійскай эканамічнай камісіі. Ды за дзень да таго, як сыход «анансаваў» канал «Незыгарь», пра гэта са спасылкай на ўласныя крыніцы пісаў «Беларускі партызан».

Міхаіл Мясьніковіч і Сяргей Сідорскі, архіўнае фота
Міхаіл Мясьніковіч і Сяргей Сідорскі, архіўнае фота

Падобна, канал сапраўды сочыць за беларускімі навінамі, часам пераказвае звычайныя паведамленьні дзяржаўнай прэсы з «аўтарскімі дадаткамі». Бывае, ​«Незыгарь»​ пераказвае або проста перадрукоўвае беларускі ананімны канал «РБ головного мозга» (пад такой назвай вядзецца таксама папулярны твітэр).

У пераказах навінаў «дадумкі» выглядаюць спрэчна. Так, «Незыгарь» сьцьвярджае, што Лукашэнка «лічыць ідэю „русского мира» глупствам», тым часам як у Беларусь «прыходзіць „польскі сьвет“«, а «ў беларускіх гарадах ціха і непрыкметна зьнікае расейская мова». Слова «глупства» наконт Лукашэнкі і «русского мира», падобна, паходзіць з матэрыялу BBC, сам Лукашэнка казаў беларускім СМІ толькі тое, што прасіў растлумачыць, што такое гэты «русский мир», які «не знайшоў падтрымкі сярод беларусаў», ды падкрэсьліваў, што «мы рускія людзі».

Лукашэнка: Я не разумею, што такое «рускі мір»
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:03:04 0:00
Наўпроставы лінк

Куды зьнікае расейская мова і які «польскі сьвет» прыходзіць у Беларусь, незразумела. Так, «Незыгарь» пабачыў «польскую лацініцу» ў беларускай трансьлітэрацыі геаграфічных назваў, заснаванай на беларускай лацінцы.

Чуткі і кансьпіралягічныя тэорыі

Часам заявы каналу «Незыгарь» выглядаюць вельмі сумнеўнымі, а прагнозы ня спраўджваюцца. Так, канал намякаў, што Мікалая Лукашэнку ня хочуць пускаць на фінал чэмпіянату сьвету ў футболе ў Маскве, ды ён на фінал паехаў — сядзеў побач са сваім бацькам, які пасьля таго фіналу абдымаўся з прэзыдэнткай Харватыі.

Да таго канал сьцьвярджаў, што Аляксандар Лукашэнка не хацеў ехаць і на адкрыцьцё чэмпіянату — а ён паехаў. У тым жа пасьце канал сьцьвярджаў, што на саміце ШАС у Кітаі «Назарбаеў у кулюарах гучна абураўся прысутнасьцю малодшага сына Лукашэнкі», а той сын «адчуваў сябе няёмка і ўвесь час папраўляў гальштук». Паводле каналу, нібыта «падчас першага ўрачыстага тосту Мікалаю Лукашэнку не дастаўся келіх зь віном, а потым ён выпадкова перакуліў келіх з вадой». Як звычайна, крыніца такіх чутак не паведамляецца.

Аляксандар і Мікалай Лукашэнка ў Кітаі, 2017 год, ілюстрацыйнае фота
Аляксандар і Мікалай Лукашэнка ў Кітаі, 2017 год, ілюстрацыйнае фота

Таксама, як не паведамляюцца крыніцы чутак пра тое, што пастаўкі кантрабандных тавараў у Расею «курыруе Віктар Лукашэнка», або што першы віцэ-прэм’ер Васіль Мацюшэўскі — «бухгальтар сям’і» Лукашэнкі. Пра тое, што нібыта «празь беларускі ІТ і свабодны рынак крыптавалюты ідзе адмываньне грошай», канал паведамляе з фармулёўкай «існуе меркаваньне» (рынак крыптавалютаў тым часам далёка не свабодны).

Канал без спасылак на крыніцы або хоць нейкіх ускосных пацьверджаньняў расказвае і пра «раскол у элітах» Беларусі на прарасейскія і праэўрапейскія, пра «страты кляну Лукашэнкі каля 3,5 млрд эўра» праз «чысткі» банкаўскіх сыстэмаў эўрапейскіх краінаў, а таксама пра правядзеньне ў Беларусі прэзыдэнцкіх выбараў ў 2019 годзе (папраўдзе, яны чакаюцца ў 2020-м).

Аляксандар Лукашэнка на фінале чэмпіянату сьвету ў футболе на маскоўскім стадыёне «Лужнікі», ілюстрацыйнае фота
Аляксандар Лукашэнка на фінале чэмпіянату сьвету ў футболе на маскоўскім стадыёне «Лужнікі», ілюстрацыйнае фота

Бывае, што «пацьверджаньні» каналу выглядаюць падобнымі да кансьпіралягічных тэорыяў. Так, канал сьцьвярджае, што Лукашэнка вяртаецца да ідэі рэфэрэндуму аб 7-гадовым прэзыдэнцкім тэрміне і пасадзе віцэ-прэзыдэнта, «таму невыпадкова Лукашэнка назіраў у Маскве за матчам Расея — Саудаўская Арабія ў кампаніі сыноў і ўнука, народ мусіць прывыкаць да насьледных прынцаў».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG