На поўдні Таджыкістану 29 ліпеня аўтамабіль наехаў на групу замежных турыстаў, якія вандравалі па краіне на роварах. Трое з іх загінулі на месцы, яшчэ адзін паранены памёр у лякарні.
Сярод загінулых два грамадзяніны ЗША, а таксама грамадзяне Швайцарыі і Нідэрляндаў. Яшчэ тры пацярпелыя шпіталізаваныя.
Міліцыя Таджыкістану паведаміла, што частку падазраваных у наезьдзе знайшлі, пры затрыманьні двух зь іх забілі, аднаго затрымалі жывым. Паводле зьвестак мясцовых праваахоўнікаў, іншых падазраваных у датычнасьці да нападу шукаюць.
Як перадае карэспандэнт Радыё Свабода, улады арганізавалі агляд машынаў на ўсіх дарогах рэгіёну, дзе адбылася трагедыя. Супрацоўнікі сілавых структураў правяраюць у тым ліку аўтатранспарт сваіх калегаў.
Кіраўнік Таджыкістану Эмамалі Рахмон 30 ліпеня выказаў спачуваньні сваім калегам у ЗША, Швайцарыі і Нідэрляндах і паабяцаў знайсьці вінаватых у нападзе і прыцягнуць іх да адказнасьці.
2018 год у Таджыкістане, які лічыцца даволі закрытай і непрывабнай для турыстаў краінай, абвешчаны годам турызму. Паводле афіцыйных зьвестак, колькасьць замежных турыстаў, якія толькі за пяць месяцаў гэтага году прыбылі ў Таджыкістан, перавысіла 900 000 чалавек, што ў чатыры разы больш, чым у аналягічны пэрыяд мінулага году.