У Новым Арлеане тры чалавекі забітыя і сямёра параненыя ў выніку страляніны, наладжанай каля гандлёвага цэнтру двума ўзброенымі людзьмі. Яны падышлі да натоўпу, які сабраўся ў суботу ўвечары і адкрылі агонь, паведаміў начальнік паліцыі Майкл Гарысан. Страляніна адбылася на праспэкце Клэйбарн, прыкладна за 4 кілямэтры ад Францускага кварталу Новага Арлеану, паведамілі ў паліцыі.
Гарысан, выступаючы перад журналістамі вечарам у суботу, сказаў, што ў аднаго з нападнікаў была вінтоўка, а ў другога — пісталет. Ён сказаў, што яны, падобна, стралялі без разбору ў натоўп. Перад тым, як уцячы, яны спэцыяльна дабівалі аднаго чалавека. «Мы лічым, што яны спыніліся над адным зь людзей і стралялі па ім некалькі разоў, а затым ўцяклі», — сказаў ён.
Паліцыя выявіла тры ахвяры — двух мужчын і адну жанчыну — якія былі абвешчаныя мёртвымі на месцы здарэньня. Сем іншых ахвяраў — пяць мужчын і дзьве жанчыны — былі дастаўлены ў шпіталі. Чатыры зь іх былі прывезены прыватнымі транспартнымі сродкамі, а тры дастаўленыя хуткай дапамогай.
Гарысан сказаў, што адзін перанёс апэрацыю і застаецца ў крытычным стане; астатнія шасьцёра ў розным стане, але ні ў воднага зь іх няма небясьпекі для жыцьця. Гарысан заклікаў людзей дапамагчы паліцыі знайсьці забойцаў, але таксама папрасіў людзей «ня браць справу ў свае рукі».