У сэрыі «Бібліятэка Свабоды» выходзіць новая кніга Зьмітра Бартосіка «Клініка кітайскага дантыста», напісаная на матэрыялах праграм «Вострая Брама» і «Падарожжы Свабоды» на Радыё Свабода. Папярэдняя кніга падарожжаў «Быў у пана верабейка гаварушчы…» (Бібліятэка Свабоды, 2016) прынесла аўтару прэміі Аляксандра і Марыі Стагановічаў (за непрыдуманую літаратуру), Алеся Адамовіча (Беларускага ПЭН-цэнтру) і Ежы Гедройця. Паводле кнігі быў пастаўлены спэктакль беларускага Свабоднага тэатру.
У жніўні мы публікуем фрагмэнты новай кнігі на сайце.
Замовіць кнігу можна ТУТ
ЛЮБОЎНЫ ТРОХКУТНІК
У 1963 годзе ў жыцьці Ўладзімера Караткевіча здарылася не абы-якая падзея. Ён атрымаў кватэру ў сталіцы. У сёмым доме на вуліцы Чарнышэўскага. Працу ў аршанскай школе пісьменьнік завяршыў яшчэ ў 1958-м. Затым была вучоба ў Маскве на вышэйшых літаратурных і сцэнарных курсах, якая скончылася ў 1962-м. Тымчасам ён часта бываў і падоўгу жыў у Менску. Дзе? У гатэлі? Здымаў кватэру? Адгадку пісьменьнік пакінуў сам. У канцы рукапісу аповесьці, які захоўваецца ў перакладніка Васіля Сёмухі: «У Менску, у хаце В. Краўца, дзе некаторы час жыў, дапрацоўваў аповесьць „Дзікае паляваньне караля Стаха“». У тым жа 1958-м Караткевіч паведамляў Янку Брылю: «Пішу зараз увесь вольны час… і за гэты час скончу сучасныя апавяданьні і апрацую дзьве-тры маленькія аповесьці пра шляхту. Адну амаль апрацаваў, апошнюю, пра васьмідзясятыя гады мінулага стагодзьдзя ў беларускай глушы: „Дзікае паляваньне караля Стаха“».
Я патэлефанаваў Янку Брылю, але той бачыў згаданага Караткевічам Краўца толькі аднойчы. На Нарачы, куды Караткевіч прыяжджаў разам са сваім сябрам. Дапамог Адам Мальдзіс, які сказаў мне, што спадар Кравец працаваў у Політэхнічнай акадэміі. У аддзеле кадраў гэтай ВНУ жанчыны, як толькі даведаліся, што я шукаю блізкага сябра Ўладзімера Караткевіча, за некалькі хвілінаў знайшлі ўсё, што ведалі пра выкладчыка, што ўжо 10 гадоў як звольніўся. Валянцін Кравец жывы. І жыве тамсама, дзе ў канцы 1950-х атрымаў дзялянку зямлі пад будаўніцтва дому. «Прыяжджайце калі зручна», — адказаў ён адразу на маё тэлефоннае запытаньне пра Караткевіча.
4-ы завулак Кальцова цягнецца ад вуліцы Мірашнічэнкі ў бок Цнянскага возера. Прамысловы пэйзаж зь цяжкімі бэтоннымі будынкамі аўтапарку паступова зьмяняецца карцінаю тыповага менскага прадмесьця. Драўляныя дамкі 1950-х суседзяць з новымі катэджамі. Дом пад нумарам 79 — самы прыгожы на гэтай вуліцы, выглядае ледзь не шляхоцкай сядзібай. Два паверхі, ружовы колер сьценаў, гаўбец, вялікі панадворак. Гаспадар прыгожага дому зьнешне падобны да адэскага джазмэна Леаніда Ўцёсава. Пра свайго сябра гатовы распавядаць усё, што памятаецца.
— Я пазнаёміўся зь ім у 1948 годзе. Гэта было ў Воршы. Я паступіў у драмгурток. А ўся эліта школы была ў гэтым драмгуртку. Кіраўніцай гуртка была цудоўная жанчына, Фрыда Аронаўна Ронкіна. Надзіва непрыгожая дзяўчына, але якая жыла літаратурай. Рэдка цяпер сустрэнеш такога чалавека. І ў гэтым гуртку была элітная кампанія, у якую ўваходзіў і Валодзя Караткевіч. Нас зьвёў выпадак.
Сам таго ня ведаючы, Валянцін стаў супернікам Караткевіча ў любоўным трохкутніку. Аднойчы ён праводзіў дахаты ўпадабаную дзяўчыну, у якую, як высьветлілася пазьней, быў закаханы і Ўладзімер. Знаёмства пачалося з варажнечы. Два супернікі нават не размаўлялі адзін з адным.
— А калі я аказаўся кінуты, неяк ішоў паўз дом Валодзі Караткевіча. А домік у іх быў невялікі, драўляны. Там ляжала вялікае бервяно, на якім сядзеў Валодзька і чагосьці думаў. Праходзячы міма, я спытаў: «У тебя спички есть?» Ён кажа: «Есть». Я падышоў, закурылі. Слова за слова і пачалі мы… «Што такое „я“?» Вядомае філязофскае пытаньне. І мы прагаварылі зь ім некалькі гадзінаў. Я яму паведаміў пра сваё няшчасьце. Карацей, з гэтага моманту пачалася наша дружба. І дружба гэтая ператварылася ў чорт ведае што. Яго маці казала: «Ну такая ўжо дружба! Кашулю няма калі перамяніць». Мы сапраўды адзін без аднаго жыць не маглі.
ПІСАЎ, КАБ МЫ СЛУХАЛІ
Сябры днямі прападалі на Дняпры, а ўвечары сядзелі на гарышчы Караткевічавай адрыны, дзе паэт чытаў свае вершы. Напісаныя па-расейску.
— Гэтаму былі прычыны, што ён не пісаў па-беларуску. У першай школе беларускую мову… Што школьніку? Вельмі многае залежыць ад настаўніка. У нас была абсалютна бяздарная настаўніца беларускай мовы, якую проста ненавідзелі. Пасьля ён зьехаў у Кіеў. І мы перапісваліся.
Жыцьцёвыя дарогі сяброў разыходзяцца. Уладзімер паступае на філфак Кіеўскага ўнівэрсытэту, а Валянцін — у Беларускі палітэх, у якім пазьней будзе выкладаць. Але з Караткевічам ва Ўкраіне адбываецца дзівосная мэтамарфоза. Воршу пакінуў расейскамоўны савецкі юнак Валодзя, а назад у Беларусь вярнуўся ўжо іншы чалавек.
— Памятаю, калі ён прыехаў да мяне ў інстытут, то захацеў патрапіць у домік Янкі Купалы. У Вязынку. Грошай у нас было нуль. А цягнік даходзіў да станцыі «Беларусь». Мы купілі трыста грам іржавай камсы, на хлеб у нас не засталося. І з гэтай камсой мы накіраваліся на цягніку, безь білетаў. І далей пайшлі пешкі. Прыйшлі мы туды, паглядзелі на гэты домік. Ніякага музэю там яшчэ не было. Пагаварылі зь людзьмі. Прычым ён гаварыў па-беларуску, а я намагаўся гаварыць. Ён кажа: «Сьціхні, ты сароміш мяне. Ты па-беларуску ня ўмееш, а намагаесься». Памятаю ягоныя словы, якія ён сказаў: «Валька, ты са сваім рэжымам памрэш ад язвы. Таму што жыць на камсе бяз хлеба нельга». Жыцьцё паказала, што я не памёр, а ён менавіта ад гэтага-такі памёр…
У тыя часы, калі блізкі Курапацкі лес ня быў яшчэ перарэзаны аўтатрасаю, калі Менск пачынаўся за некалькі кілямэтраў адсюль, калі не было ніякага вадасховішча, а працякаў маленькі ручай, калі навакольлі вёскі Зялёны Луг і блізка не нагадвалі сёньняшняга мікрараёну, хто б тады мог падумаць, што напісаная выключна для сяброў гісторыя ператворыцца ў культавую кнігу. Паводле якой будзе зьняты фільм і пастаўленая опэра. А тады…
— Ён фактычна пісаў ня столькі каб усё гэта выдаць, колькі каб напісаць цікавую рэч, каб мы слухалі. Вось кампанія, якая зьбіралася. Мы клаліся на паляне, і Воўка нам кожны тыдзень чытаў разьдзел зь «Дзікага паляваньня караля Стаха». Яно ўжо было напісана на беларускай мове. Але ён нам чытаў яго, каб нам лягчэй успрымалася на слых, па-расейску. І вось гэтая кампанія, якая на гэтай фатакартцы, вельмі доўга мы былі разам. Галя, я, гэта Воўка. «Дзікае паляваньне караля Стаха» было кожную нядзелю. Мы чакалі зь нецярпеньнем гэтую нядзелю… Мы кладземся на паляне, і Воўка чытае разьдзел.
У пакоі, дзе Караткевіч, гасьцюючы ў сябра, пісаў свае разьдзелы, з тых часоў не засталося нічога. Нешматлікую мэблю ён забраў з сабою на новую кватэру. Але, нягледзячы на гэта, усё роўна ўваходзіш сюды асьцярожна. Бо ў такіх месцах важная ня столькі музэйная атрыбутыка — асабістыя рэчы, колькі выразна адчувальная энэргетычная прысутнасьць таго, хто тут жыў.
— Падлога была земляная. Гэтыя два крайнія пакойчыкі нашы. А вось гэты, гэта быў ягоны пакойчык. Мы разам паклалі падлогу, каб Воўка змог тут жыць. І Воўка тут жыў. Усё, што ў нас было, было агульнае. Нават я хацеў захаваць драўляны туалет, які Воўка асабіста… Яму выкапаў, выклаў і пабудаваў гэты драўляны туалет. Разабралі…
ВОЎКА ЎЗЬВІЎСЯ
Мы ўвайшлі ў пакой. У 50-я гады за вакном быў зусім іншы краявід. Бо ніякіх дамоў на супрацьлеглым баку вуліцы не было. Быў высокі пагорак. Яго даўно зрылі. З таго пагорку Караткевіч любіў катацца на ровары. Займаўся, кажучы сёньняшнімі словамі, даўнгілам.
— Быў такі выпадак. Ён катацца на ровары ня ўмеў. Ён два разы на ровары пракаціўся. Адзін раз у Воршы. У Воршы на дарозе адзіная яміна, адзіная, але вялікая. Ад авіяцыйнай бомбы. Яна зарасла, але ўсё роўна гэта была яміна. І я меў ровар, у дзядзькі браў. Пасадзіў Валодзьку, штурхнуў яго — і ён паехаў. Але яміну ён ніяк ня мог аб’ехаць. І ў самую яміну ўляцеў-такі. Нічога, застаўся задаволены. І тут другі раз ён праехаў на ровары. Тут, каля гэтых весьніцаў, я яго туды падштурхнуў, ён паехаў. Але ня ведаў, дзе тармазы. Ён ляцеў уніз і галасіў. Пакуль не зарыўся ў пясок з пабітымі лакцямі, каленямі. Але трэцяга разу не было.
Неаднойчы чуў крыўднае пра беларускую літаратуру. Што, маўляў, беларускія пісьменьнікі не пісалі «ў стол». Што не было ў беларусаў «забароненых рэчаў». Але аповесьць «Маленькая балярына», у якой Караткевіч паспрабаваў зразумець Сталіна, адчуць сувязь бязьмежнай улады і халуйства, была надрукаваная толькі ў канцы 1980-х. Нават сёньня гэтая аповесьць не выглядае наіўным дакумэнтам хрушчоўскай адлігі. Хутчэй намаганьнем зразумець час усеагульнага страху і вар’яцтва. У гэтай казцы пра наіўную танцорку і хцівага караля апошні выяўляецца чалавекам, стомленым і ад самога сябе, і ад свайго атачэньня. Які адчуў у сабе чалавечае каханьне. Першы, хто прачытаў «Маленькую балярыну», быў мой суразмоўца. І ягоная тагачасная рэакцыя на аповесьць шмат гаворыць пра атмасфэру пасьлясталінскай Беларусі.
— Калі памёр Сталін, ён напісаў «Маленькую балярыну». Абвініў Сталіна, што той дамагаўся вось такіх дзяўчатак. Я сказаў: «Дарагі мой, у цябе такіх зьвестак няма. Па-другое, вядома, што Сталін быў аскетам. Таму не пішы таго, чаго ня ведаеш». Воўка ўзьвіўся. Вылез у гэтае вакно. Пайшоў сеў на горку, якую цяпер зрэзалі. Пасядзеў пару гадзін у піку мне. Паказваючы, дэманструючы сваё незадавальненьне.
«ПАЭТАЎ МІНСКІХ АТАМАН»
У лістападзе 1961-га году сябры выправіліся на Цэнтральную плошчу. Каб убачыць, як будуць валіць помнік нядаўняму правадыру.
— Мы ноч прастаялі. Але так і не дачакаліся. Помнік быў абкладзены мяхамі зь пяском. І хацелі танкамі зваліць гэтую фігуру. Зачапілі танк тросам, гусеніцы буксуюць, а помнік стаіць. Зачапілі другі танк. Ізноў тое самае. Мы адстаялі ноч ды так і сышлі. Яго павалілі потым. Караткевіч яго не любіў ніколі. Ён тады раней за мяне зразумеў, што Сталін дэспат.
Мінаюць дні, прыходзіць слава,
А грошай як раней няма.
І ходзіць у пальце каравым
Паэтаў мінскіх атаман.
Таму што люд мой беларускі
Жывая слава не кране.
І ён за кошт маёй закускі
На помнік эканоміць мне.
Гэта верш з рукапіснага альбому Ўладзімера Караткевіча, які ён падараваў сям’і Краўцоў у 1950-х. Альбом зь вершамі, сяброўскімі эпіграмамі, шаржамі.
— Мы былі вельмі небагатыя, мякка кажучы. І адным цудоўным днём Воўка разыграў такую сцэнку. Ён зьявіўся і сказаў, што я нарэшце разбагацею. Якім чынам? «Я, — кажа, — знайшоў склад, у які можна залезьці і скрасьці вельмі шмат паўлітровых бутэлек і здаць. Вельмі многа. Шалёныя грошы». Валасы ва ўсіх сталі дыбарам. Усе пачалі ўгаворваць. Скончылася тым, што ў канцы вечара ён разрагатаўся. Пасьля ён гуляў у вар’ята. Аднойчы прыйшоў з такімі вырачанымі вачыма. Цьвёрда трымаўся ўвесь вечар. Усе пра яго турбаваліся. А ён гуляў жалезна гэтую ролю. Гуляў яе да канца. Умеў разыграць.
Са старых фатаздымкаў 1950-х, якія сёньня ня маюць цаны, малады Караткевіч нам паўсюль усьміхаецца. Вось ён у Салігорску, надзеўшы шахтарскую каску, удае зь сябе плякатнага перадавіка, вось ён у ролі безнадзейнага вар’ята, вось ён у кампаніі сяброў разваліўся на траве. Які здымак ні вазьмі, паўсюль нам усьміхаецца вельмі малады і прыгожы чалавек. Усьміхаецца адкрыта, «ад вуха да вуха». Як шчасьлівы чалавек, у якога наперадзе шмат грандыёзных і прыгожых плянаў, у якога шмат веры ў сябе і сваіх сяброў, у якога цьвёрдая глеба пад нагамі і бязвоблачнае беларускае неба над вясёлай галавой. Ужо выдадзеныя некалькі паэтычных кніг, выйшла першая кніга прозы, распачаты гістарычны раман пра Каліноўскага. Чалавек з радасьцю глядзіць у аб’ектыў фотакамэры, яшчэ не падазраючы пра ўсё тое, што чакае яго ў заўтрашнім дні.
Што вы мне кажаце пра «Пабеду»,
Дачу, інфаркт і стары гемарой.
Студэнт-першакурсьнік два тыдні не абедаў,
І вось ён на танцах зь дзяўчынай сваёй.
Бэзу вільготны салодкі водар.
У яго руцэ каханай рука.
І гэта нічога, што зусім не па модзе
Локці вылезьлі зь пінжака.
А вальс цячэ, і ігрывая мара
Танцуе зь ім між дрэў над ракой.
Думаеце, ён бы згадзіўся зараз
Зьмяніць яе на ваш гемарой?
Малады і вясёлы, хоць суткі ня еўшы,
Зь непахісным сумленьнем у добрых вачах
Ён ляпае адарванай падэшвай
І шчасьце, шчасьце трымае ў руках.
Перабіраючы фатакарткі маладога Караткевіча, я каторы раз уразіўся, наколькі моцна адрозьніваецца гэты Караткевіч ад таго, перадсьмяротнага. Быццам два розныя чалавекі. Першы — танклявы віхрасты маладзён. Другі — пацяжэлы, з азызлым тварам, хваравіты чалавек няпэўнага ўзросту. У свае 50 ён выглядаў гадоў на 15 старэйшым. І вельмі хворым.
Сябры-пісьменьнікі ў размовах са мной стараліся ня тое што хаваць тэму ягонай хваробы, а неяк асьцярожна яе абыходзіць, хіба на хвілю закранаючы яе ў трохі анэкдатычным антуражы. Быццам гэтая тэма можа кінуць непажаданы цень на сьветлы вобраз клясыка. Але бяз гэтай тэмы вобраз Караткевіча няпоўны і непраўдзівы. І нізкага тут я ня бачу нічога. Адно трагічнае.
Валянцін Кравец на гэтую тэму гаворыць адкрыта, не пазьбягаючы ніякіх падрабязнасьцяў. Гаворыць зь яшчэ жывым болем. Бо сябра ён страціў не ў 1984-м. А значна раней. І разрыў паміж старымі сябрамі ўтварыла якраз п’янства Ўладзімера Караткевіча.
СШЫТАК У «ПОЛЫМЯ» АДНЁС КРАВЕЦ
У аўтабіяграфічным нарысе «Дарога, якую прайшоў» Уладзімер Караткевіч паведамляе наступнае:
«Напісаў я за дзевяць год — горы. Нават трагедыю белым вершам, жахліва тр-рагічную. Але друкавацца і ня думаў. У канцы першага году маёй настаўніцкай работы адбылося, аднак, нечаканае. Менскі сябра папрасіў мяне даслаць яму вершы, пачытаць. Я даслаў, як бывала і раней. А ён панёс іх у часопіс „Полымя“. І раптам улетку 1955 году я атрымаў нумар часопіса са сваім вершам „Машэка“. Гэта пераламіла мой лёс».
Караткевіч не назваў імя свайго менскага сябра. Сшытак у «Полымя» аднёс Валянцін Кравец. Верш, на які адразу зьвярнулі ўвагу, быў «Заяц варыць піва». Дзякуючы «менскаму сябру» Караткевіча заўважылі. П’янства, па словах Краўца, пачалося на Вышэйшых літаратурных курсах у Маскве. 1960 год. Уладзімеру Караткевічу ўжо трыццаць.
— Пасьля Масквы гэта працягнулася ў Менску. Я прыходзіў да яго на Веры Харужай. Адчыняюцца дзьверы. На парозе мама. «Валік прыйшоў!» Ён зрываецца зь месца. Апраўданьне ёсьць! Бяжыць, побач крама, прыносіць дзьве бутэлькі гарэлкі. Сядаем. Адну бутэльку ён адразу — за кнігі. Выпівае 150-200 грам. «Прабач». І пайшоў лёг спаць. Усё. Валік, як дурань, сядзіць. Раз. Два. Тры. Пяць. Дзесяць. І я перастаў хадзіць.
Былое сяброўства згасала. Часам адбываліся выпадковыя сустрэчы. Адна з апошніх — каля авіякасаў на вуліцы Карла Маркса, дзе Валянцін купляў білет на самалёт у Маскву.
— Раніца. Бачу, выходзіць Воўка з-за павароту. Бярэ папку паміж ног. Закурвае. А курыў ён толькі «Беламор». Закурвае, ідзе насустрач мне. «Валік, пойдзем зараз у „Патсдам“». А час дзевяць раніцы. Які „Патсдам“! Я лячу зараз у Маскву. «Ды кінь ты гэта ўсё!»… Шкада яго. Колькі яго ні спрабавалі…
ПРЫМАЎ МАКСЫМАЛЬНУЮ ДОЗУ
Што Ўладзімера Караткевіча штурхала да заўчаснай сьмерці? Ці толькі ўсемагутная хвароба? Бо піў ён, заўважым, ня дзеля таго, каб «працягваць сьвята», актыўнічаць, ператвараць п’янку ў вар’яцкі пэрформанс. Ён піў, каб адразу адключыцца. Прымаў максымальную дозу. Не кілішак, а поўную двухсотграмовую шклянку. Пра гэта мы ўжо не даведаемся ніколі. Як не даведаемся, якім узьлётам дараваўся яму паэтычны радок і чаго каштаваў пісьменьніку кожны ўзмах цэнзарскіх нажніцаў.
— Я калі на яго паглядзеў здалёку, калі ён выступаў на сваім 50-годзьдзі… Аплыўшы твар п’яны, вырачаныя вочы, я Воўку не пазнаў. За год да яго сьмерці памерла яго Валя. Памерла ад раку. І трэба ж, я сядзеў у некага ў гасьцях. Думаю: ай, даўно не званіў Воўку. Набіраю тэлефон. Чужы голас. Мне Валодзю. «Ён ня можа. У яго Валя памерла». Вось прыляцелі мы туды. Там жонка Быкава, некалькі чалавек. Воўка п’яны, у сьлязах увесь. Абняў мяне. «Гора!» Ну што ж, — кажу. — Ты ж ведаў, што яна памрэ. Гэта ж рак. І вось так патроху ўсё гэта скацілася. Талент, які загублены гарэлкаю.
За год да сваёй сьмерці Караткевіч кінуўся на радзіму, у бацькоўскую хату. У надзеі, што родныя сьцены дапамогуць акрыяць? Але не атрымалася.
— Воршу ён вельмі любіў. Тую Воршу, калі ён там жыў. Калі былі прыватныя дамкі на беразе Дняпра. Калі гэта была дарэвалюцыйная школа, калі быў калярытны дарэвалюцыйны піўзавод, гэтыя старадаўнія будынкі, Дняпро… Гэта ня тая Ворша, якая цяпер.
У 1980 годзе да 50-х угодкаў Караткевіча ў выдавецтве «Мастацкая літаратура» выйшаў ягоны двухтомнік. Прадмову да выданьня напісаў Васіль Быкаў. Чытаючы сёньня тую прадмову, цяжка пазбавіцца ад уражаньня, што чытаеш нэкралёг. Хоць Караткевічу жыць яшчэ чатыры гады. «Лепшыя зь яго твораў безумоўна надоўга застануцца ў скарбніцы роднай літаратуры, бо на ягоныя тэмы можна, напэўна, напісаць горш, а магчыма і лепш, але напісаць так, як гэта зрабіў ён, ня зможа ніхто. Мастакі з такім выразна адметным талентам, з такім своеасаблівым бачаньнем сьвету нараджаюцца ня часта».
2005, люты
Працяг будзе
Папярэднія публікацыі
«А графаманаў трэба расстрэльваць»
Бедныя бабулькі паехалі на Польшчу
Сынтэз паганства і хрысьціянства
Дом творчасьці часоў Вялікага тэрору
Выкінуты «за непатрэбнасьцю» рай
«Быў час, быў век, была эпоха…»
Стары Новы год у Каралішчавічах