У сэрыі «Бібліятэка Свабоды» выходзіць новая кніга Зьмітра Бартосіка «Клініка кітайскага дантыста», напісаная на матэрыялах праграм «Вострая Брама» і «Падарожжы Свабоды» на Радыё Свабода. Папярэдняя кніга падарожжаў «Быў у пана верабейка гаварушчы…» (Бібліятэка Свабоды, 2016) прынесла аўтару прэміі Аляксандра і Марыі Стагановічаў (за непрыдуманую літаратуру), Алеся Адамовіча (Беларускага ПЭН-цэнтру) і Ежы Гедройця. Паводле кнігі быў пастаўлены спэктакль беларускага Свабоднага тэатру.
У жніўні мы публікуем фрагмэнты новай кнігі на сайце.
Замовіць кнігу можна ТУТ
ШВЭЙКАЎ ШТУК 50
Назваць Караткевічаў дом на вуліцы Карла Маркса ў Менску забытым адрасам не паварочваецца язык. Будынак, у якім была апошняя кватэра пісьменьніка, вядомы кожнаму сталаму менчуку. У першую чаргу дзякуючы мэмарыяльнай шыльдзе, зь якой пазірае той Караткевіч, якім ён мог быць вясною 1973-га. Ідучы ў госьці ў 24-ю кватэру дому нумар 36, я меў дзіўнае пачуцьцё сваёй спозьненасьці. Бо тэарэтычна мог спаткацца з гаспадаром кватэры і да 1984 году, калі ён сышоў назаўжды. Сям’я пісьменьніка Вячаслава Адамчыка жыла з Караткевічамі на адной лесьвічнай пляцоўцы. Таму Валодзя Адамчык, ён жа Адам Глёбус, быў у Караткевіча нярэдкім госьцем.
— У яго было вялікае пачуцьцё гумару. Што для беларускай літаратуры даволі нехарактэрна. Прытым гумару тонкага, іранічнага, шматхадовага. Ён мог выбудоўваць камбінацыю, інтрыгаваць. І зь ім, вядома, цікава было, заўсёды цікава. Ён ведаў шмат жартаў, любіў жартаваць. Ён зачытваўся Гашэкам, Чапэкам. Зьбіраў… у яго было гэтых Швэйкаў штук 50. Спаў са Швэйкамі. У яго заўсёды ложак быў прыбраны цацкамі. Швэйкі. Ён зьбіраў лялькі чарцей і Швэйкаў зьбіраў.
— Яго нельга было назваць дысыдэнтам, але наколькі ён быў савецкі чалавек?
— Антысаветчык, дысыдэнт, змагар за нейкія каштоўнасьці — таксама нейкая ідэальная рэч, якой няма ў прыродзе. Як Гогаль пісаў — што гэта за пісьменьнік, які ня можа падмануць цэнзара? Ясна, што Караткевіч падманваў цэнзара. Ясна, што яго забаранялі. І што ў асяродку пісьменьнікаў… Калі ў цябе нічога не забаранілі — ну які ты пісьменьнік? Назваць дысыдэнтам — я б не называў. Мне слова не падабаецца. Як і савецкі чалавек. Гэта хутчэй паліталягічны тэрмін, а не рэальнае жыцьцё. Дзядзя Валодзя — беларускі пісьменьнік. Клясык беларускай літаратуры. Прытым рэдкі беларускі пісьменьнік, якога дзеці чытаюць з задавальненьнем.
КАЛІ СІЛЫ СКОНЧАЦЦА — ПІШЫ ФАНТАСТЫКУ
— А ці было нешта сказанае Караткевічам, што помніцца да сёньня?
— Я захапляўся раманам і вельмі яго цаню… раман «Нельга забыць». Таму што гэта раман пра каханьне, раман пра рэальнае каханьне. Раман, калі Караткевіч паспрабаваў быць пісьменьнікам найвышэйшага гатунку. І гэтая спроба… Я наагул люблю ў літаратуры такія спробы. Мне як творцу больш цікавыя правалы літаратараў, чым іх дасягненьні. Дасягненьне заўсёды невядома як зробленае. А калі чалавек не дасягнуў… Мэта была большая, чым ён мог зрабіць. І я гаварыў пра гэта з Караткевічам, і кажу, што з задавальненьнем прачытаў гэты Ваш раман і ён мне вельмі падабаецца. На што ён сказаў: «Ведаеш, я рады, што ты ацэньваеш маю творчасьць. Але я скептычна да сябе як да творцы стаўлюся. І ты мусіш ставіцца да сябе заўсёды скептычна. І калі ты бачыш, што ты ня можаш нечага зрабіць, то заніжай плянку. Ня можаш напісаць выразнае, рэалістычнае, клясычнае апавяданьне — напішы фантастычнае. І сілы будуць увесь час цябе пакідаць. Ты будзеш жыць, і сіл будзе ўсё менш-менш. Менш імпэту. І калі сілы зусім скончацца нават на дэтэктывы, інтрыгу будаваць, матывацыі прыдумляць — пішы фантастыку. Пішы лёгка. Пішы шмат». Да фантастыкі я ніяк яшчэ не дайду. Але дайду…
У кватэры пісьменьніка цяпер жыве сям’я Алены і Васіля Сянкевічаў. Алена Сянкевіч — гераіня апавяданьня «Як руйнуюцца ідалы», пляменьніца клясыка, дачка ягонай сястры Натальлі. Спадары Алена і Васіль стараюцца не чапаць нічога, што засталося з тых, караткевіцкіх, часоў. У кабінэце пісьменьніка няма халоднай нежывой музэйнасьці. Быццам чалавек выйшаў па «Беламор» гадзіну таму. Але зараз вернецца. Кім быў насамрэч яе дзядзька, Алена Сянкевіч зразумела ўжо пасьля сьмерці Караткевіча.
— Перш за ўсё ён быў дзядзька. Не пісьменьнік хутчэй… Хаця, безумоўна, дзякуючы яму асабіста я… Мы жылі ў Чалябінску. Калі сюды прыехалі, не вывучалі ні беларускую мову, ні літаратуру. Але ж вось пачала чытаць я па-беларуску. І ўжо потым прыйшло адчуваньне, што ён вялікі пісьменьнік… Але ж тады, на жаль, нават гэтыя паездкі ў Рагачоў… Не хапіла розуму занатаваць нешта, запісаць. Здавалася, што дзядзька будзе заўсёды.
Кабінэт Караткевіча — гэта вялікі пакой вокнамі на вуліцу Карла Маркса. Дзьве сьцяны ад падлогі да столі застаўленыя кніжнымі шафамі. Бібліятэка вельмі разнастайная — ад тагачасных літаратурных навінак да расейскай «Большой энциклопедии» 1896 году выданьня. І на кожнай паліцы перад кнігамі безьліч усялякіх сувэніраў, драбностак, марскіх каменьчыкаў, нейкіх куфэркаў, фігурак і халера ведае чаго яшчэ… Швэйкі і чэрці ў гэтым парадзе сапраўды займаюць заўважнае месца. Насупраць вакна — канапа. Над ёю гіпсавая Пагоня і партрэт Багдановіча. Васіль Сянкевіч кажа, што ўсе рэчы засталіся на сваіх месцах ад ліпеня 1984-га.
— Тут засталося ўсё так, як было пры Караткевічу. Швэйк. У розных выявах ён тут ёсьць. Ён вельмі любіў. І дзе бачыў гэтыя фігуркі — ці сам купляў, ці прывозілі яму. А гэта яго дзядуля па маме. Васіль. Вельмі быў разумны чалавек, адукаваны. Рагачоўскі. Гэта гаспадар таго дому, які цяпер там захаваўся.
НЯЎЖО І Ў НОВЫМ ГОДЗЕ НЯ ЎБАЧЫЦЬ МНЕ РАМАНА?
Дзед пісьменьніка, у рагачоўскім доме якога я калісьці быў, на здымку дакладна пасуе свайму дому. Такі ж грунтоўны і станісты. З сур’ёзным, ледзь не сярдзітым позіркам з-пад белых броваў. Зь вялізнаю белаю каляднаю барадою. Васіль Сянкевіч паказаў на дзьверы ў залю:
— Уладзімер Сямёнавіч праз гэтыя дзьверы сюды заходзіў і глядзеў тэлевізар, які цяпер у Воршы ў музэі. Ён у нас на лецішчы стаяў. Я не магу выкінуць рэч Караткевіча. Я сябе не адчуваю гаспадаром гэтай кватэры. Гэта кватэра Караткевіча, я гэта ведаю. Не гаспадары мы тут. Але ж так здарылася, што нам трэба яе зьберагаць.
На самадзейным плякаце малады Караткевіч у паласатым швэдры чухае патыліцу. Здымак адмыслова павялічаны. Побач верш:
Чакаў я доўга. Годзе.
Трымаў сябе рахмана.
Няўжо і ў Новым годзе
Ня ўбачыць мне рамана?
«Гэты швэдар, у якім ён тут сфатаграфаваны, — патлумачыла Алена, — мы аддалі ў музэй. А верш — пра „Каласы“…»
У Караткевічавых дамах і мясьцінах вельмі моцна адчуваецца тое, што можна назваць ягоным полем. Тут, у кватэры над кнігарняй «Веды», яно проста зашкальвае. І спакойна жыць — есьці, прымаць ванну, глядзець тэлевізар, класьціся спаць — у такім энэргетычным атачэньні могуць толькі блізкія. Сапраўды блізкія людзі. Гэта я да таго, як нам усім пашанцавала з гэтым незабытым адрасам. Дзе жывуць родныя Караткевічу людзі, звычайныя менскія інжынэры Алена і Васіль. Чые дзеці без прынукі ведаюць, хто яны і навошта ўсё.
Аглядаючы залю, пазіраючы на тыя карціны, пэйзажы Ціхановіча і Сергіевіча, на старыя драўляныя скульптуры анёлаў, прывезеныя гаспадаром з экспэдыцыяў, я спрабую адгадаць — хто з пэрсанажаў мог тут жыць. Мне здаецца, гэта пакоі пана Дубатоўка. Адчуваецца жарсьць да старасьвеччыны і шырокі нораў. Пра шчодрасьць гаспадара кватэры ўспомніла Ізабэла Гатоўчыц:
— Увогуле пра шчодрасьць Валодзі можна легенды расказваць. Гэта ўжо было, калі не было на сьвеце Валі. Я іду з працы праз Аляксандраўскі сквэрык. І бачу — сядзіць Валодзя перад фантанчыкам і нешта чытае. Мне здалося, што ён нейкі задуменны і заняты сваімі думкамі. І каб не перашкаджаць, я не аклікнула Валодзю і пайшла далей. Аднак аклікнуў Валодзя: «Ты што ж не здароваесься». Я кажу: «Прабач, Валодзя. Я думала, ты заняты сваімі думкамі». «Сядай». Прысела разам. І Валодзя раптам пытаецца: «Можа, у цябе грошай няма? А то ў мяне хоць сракай еш». Я падзякавала Валодзю. Валодзя папытаўся яшчэ раз. Можа, усё ж такі патрэбныя. Бо ў яго няма куды дзяваць. Сапраўды, грошай ён не цаніў. Ставіўся да іх абыякава. Гэта значыць, што калі былі грошы, быў поўны дом гасьцей, калі Валодзя не працаваў. Гэта — радасьць дапамогі блізкім. Заўсёды, што называецца, шырокі жэст.
Калі глядзець на фотапартрэты ўсьмешлівага Караткевіча, складаецца вобраз утульнага, бесканфліктнага вясёлага таўстуна. Ня трэба давярацца фота. Утульным і бесканфліктным Караткевіч ніколі ня быў.
— Калі-нікалі вельмі ляканічна Валодзя гаварыў пра сваю работу. Увогуле пра сваю работу ён гаварыць не любіў. Ён яе выношваў, а потым, калі садзіўся за стол, ён любіў, каб яму не перашкаджалі. Аднак увечары звычайна ў доме Караткевіча зьбіраліся сябры, бо дом гэты быў вельмі гасьцінны. Можа, і занадта гасьцінны. Можа, больш, чым трэба было. І Валодзя быў вельмі шырокім чалавекам. Для Валодзі выпіўка, калі за сталом былі людзі, была прычынай для размоваў, для нейкіх апавяданьняў цікавых. Аднак калі нехта з прысутных наступаў на любімы мазоль Валодзеў, закранаў нейкія яго любімыя тэмы ня ў тым сэнсе альбо неяк непаважліва ставіўся да некага з герояў гістарычных, якіх любіў Валодзя, гэта сканчалася вельмі шумна. Ён мог пагражаць. Мог устаць і сказаць, каб усе ішлі зь яго дому. Прычым тут жа, адразу, зьбіралі свае шмоткі і ішлі…
Калі б Ізабэла Гатоўчыц, расказваючы, не называла імя героя, я, мабыць, усё роўна б здагадаўся, пра каго ідзе гаворка. Бо, здаецца, сярод беларускіх літаратараў не было настолькі «несур’ёзнага» і недарослага чалавека.
— У адпачынак Валодзя любіў езьдзіць на Чорнае мора. І звычайна ў верасьні ён зьяўляўся ў «Збор помнікаў», які знаходзіўся ў цэнтральным будынку Акадэміі навук, з катранамі. Гэта такія акулы ня вельмі вялікага памеру, але усё ж такі акулы, высушаныя на сонцы. Зь вяленымі акуламі, набраўшы многа бутэлек піва. Ён вельмі так ганарова ўваходзіў у «Збор помнікаў», выкладаў гэтых катранаў на стол і казаў: «Калі хоць адна сабака адмовіцца іх есьці, будзе мець справу са мной!» Ну есьці гэтых катранаў было няпроста. Таму што акула — гэта драпежнік і патыхае, прабачце, псінай. Аднак, выслухаўшы такую прадмову, усе елі гэтых катранаў, запівалі півам і вельмі хвалілі. Усе стараліся зрабіць выгляд, што катраны вельмі смачныя і што зь півам гэта — першы клас.
З дазволу гаспадыні Алены (а можна пасядзець?) я адсунуў цяжкае крэсла гаспадара і сеў за ягоны працоўны стол. Праседзеў некалькі сэкундаў. Мне стала вельмі не па сабе. Я амаль фізычна адчуў дыскамфорт. Я быў у скуры блазна, што ўскараскаўся на каралеўскі трон.
2005, ліпень
P. S. У Менск я упершыню прыехаў летам 1982-га. На «Беларусьфільм», дзе здымалася «Чужая бацькаўшчына». Блукаючы па цэнтры гораду, заходзіў і ў Аляксандраўскі сквэр, дзе мог спаткацца зь пісьменьнікам, чыё імя ўжо ведаў. Яшчэ не з прачытаных кніг, але ўжо з кінафільму «Дзікае паляваньне караля Стаха». А яшчэ з кніжных паліц у дамах маіх аднаклясьнікаў — хатніх бібліятэк рабочых да інжынэраў «Гомсельмашу». Беларускія кнігі сярод тамоў Марыса Друона ды Аляксандра Дзюма трапляліся нячаста. Купала і Колас, абавязковыя для школы. Сярод неабавязковых, але чытаных часам трапляўся бэлетрыст Іван Шамякін. Аднак Караткевіч быў на асаблівым месцы. Ягоныя кнігі выдаваліся шасьцідзесяці- і болей тысячнымі накладамі, але ў кнігарнях іх купіць было нялёгка. Па іх выстройваліся чэргі, яны стаялі на паліцах у так званых кнігаабменах. Караткевіча нельга было набыць. Яго трэба было дастаць! Прычым дастаць абавязкова. Ня толькі для віднага месца хатняй бібліятэкі. Гараджаніну ў першым пакаленьні, рускамоўнаму самавуку, амаль цалкам савецкаму чалавеку неабходны быў Караткевіч. Караткевіч на паліцы быў большай прыкметай тваёй яшчэ не забітай да канца беларускасьці, чым беларуская старонка ў савецкім пашпарце.
Працяг будзе
Папярэднія публікацыі
«А графаманаў трэба расстрэльваць»
Бедныя бабулькі паехалі на Польшчу
Сынтэз паганства і хрысьціянства
Дом творчасьці часоў Вялікага тэрору
Выкінуты «за непатрэбнасьцю» рай
«Быў час, быў век, была эпоха…»
Стары Новы год у Каралішчавічах