Упершыню за два гады, якія прайшлі пасьля рашэньня Вялікай Брытаніі выйсьці са складу Эўразьвязу, больш брытанцаў выступаюць «за», чым «супраць» новага рэфэрэндуму наконт Брэксыту. Пра гэта паведаміла агенцтва Reuters са спасылкай на вынікі апытаньня грамадзкай думкі, праведзенага інстытутам YouGov.
Паводле апытаньня, 42% брытанцаў хочуць новага рэфэрэндуму, 40% — супраць. Калі б рэфэрэндум адбыўся заўтра, 45% апытаных прагаласавалі б за тое, каб застацца ў Эўразьвязе, а 42% — за выхад з ЭЗ.
Выданьне The Independent на днях разьмясьціла ў інтэрнэце пэтыцыю за новы рэфэрэндум, якую ўжо падпісалі 200 тысяч чалавек.
Напярэдадні галоўны перамоўнік з боку Эўразьвязу наконт Брэксыту Мішэль Барні адхіліў ключавыя пункты прапаноў брытанскай прэм’ер-міністаркі Тэрэзы Мэй ў сфэры мытнага супрацоўніцтва. Прапановы накіраваныя на падтрыманьне цесных камэрцыйных сувязяў паміж Вялікай Брытаніяй і ЭЗ пасьля Брэксіту. Фармальны выхад з Эўразьвязу заплянаваны на 29 сакавіка 2019 году. У гэты дзень павінна быць уведзена новая сыстэма кантролю і правядзеньня мытных збораў на мяжы з Эўразьвязам.
Мішэль Барні лічыць, што калі Вялікая Брытанія хоча захаваць бягучыя гандлёвыя адносіны з ЭЗ, дык павінна застацца ў мытным зьвязе, што Тэрэза Мэй выключае. Брытанская кіраўніца настойвае, што Лёндан пасьля выхаду з Эўразьвязу будзе мець права заключаць пагадненьні аб свабодным гандлі зь іншымі краінамі, паведамляе Міжнароднае Францускае радыё.