Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АМАП з аўтаматамі затрымаў блогера Пятрухіна. За што — невядома. ВІДЭА

абноўлена

Сяргей Пятрухін, архіўнае фота
Сяргей Пятрухін, архіўнае фота

Сяргей Пятрухін затрыманы ў двары свайго дому ў Берасьці, яго адвязьлі ў Ленінскі РАУС, паведаміў ягоны сябра Аляксандар Кабанаў. На тэлефанаваньні Пятрухін не адказвае.

На затрыманьні прысутнічала ня менш за шэсьць міліцыянтаў, у тым ліку з аўтаматычнай зброяй.

Сяргею Пятрухіну адмовіліся паказаць дакумэнты, паводле якіх яго затрымліваюць — міліцыянт пагадзіўся толькі зачытаць паперы. Раней Пятрухін атрымаў позву ў Берасьцейскі міжраённы сьледчы камітэт, дзе супраць яго распачатая крымінальная справа за абразу. Аднак ніякіх працэсуальных дзеяньняў з блогерам пакуль не праводзілі. Ён ня ведае, у чым канкрэтна яго вінавацяць.

Як сьцьвярджае Аляксандар Кабанаў, праваахоўнікі таксама маюць ордэр на агляд кватэры, канфіскуюць тэхніку. Ён мяркуе, што затрыманьне — помста з боку маёра Мікалая Рабушкі.

Маёр узімку вёз Кабанава і Пятрухіна ў суд, тры гадзіны трымаў іх у аўтазаку, дзе было вельмі халодна, «недзе пад 27 градусаў марозу». Пятрухін нядаўна расказаў пра здарэньне ў сацсетках, пісаў, «так нават фашысты ня робяць». Таксама Пятрухін патрабаваў у пракуратуры прывесьці праверку таго факту, Кабанаў уздымаў гэтае пытаньне на сустрэчы з памочнікам Аляксандра Лукашэнкі па Берасьцейскай вобласьці.

Затрыманьне прымеркавалі да Дня гораду, мяркуе праваабаронца

Як сказаў Свабодзе берасьцейскі праваабаронца Раман Кісьляк, ён не выключае, што затрыманьне Сяргея Пятрухіна можа быць прэвэнтыўным перад масавымі гуляньнямі на Дзень гораду ў Берасьці, якія праходзяць 28–29 ліпеня.

«Ведаю, што затрыманы, але на якой падставе, невядома , — кажа Кісьляк. — Верагодна, гэта прэвэнтыўнае затрыманьне. Магчыма, гэта зьвязана са сьвятамі. Яны прыйшлі правесьці ператрус, ён адмовіўся, яго затрымалі і даставілі».

Праваабаронца прыяжджаў у РАУС даведацца пра лёс Пятрухіна, аднак міліцыянты яго не пусьцілі і выштурхнулі адтуль. Раман Кісьляк паехаў у пракуратуру пісаць заяву аб перавышэньні паўнамоцтваў супрацоўнікамі міліцыі.

Блогер Сяргей Пятрухін апошнім часам здымае шмат відэа на тэму пратэстаў супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу ў Берасьці. 12 траўня ў яго дома быў праведзены ператрус, падчас якога забралі кампутар, пляншэт, фотаапарат і тэлефон. Гэтыя рэчы яму не вярнулі дагэтуль. Апроч таго, Пятрухін неаднаразова затрымліваўся міліцыяй, атрымліваў штрафы і адбываў суткі арышту.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG