У сэрыі «Бібліятэка Свабоды» выходзіць новая кніга Зьмітра Бартосіка «Клініка кітайскага дантыста», напісаная на матэрыялах праграм «Вострая Брама» і «Падарожжы Свабоды» на Радыё Свабода. Папярэдняя кніга падарожжаў «Быў у пана верабейка гаварушчы…» (Бібліятэка Свабоды, 2016) прынесла аўтару прэміі Аляксандра і Марыі Стагановічаў (за непрыдуманую літаратуру), Алеся Адамовіча (Беларускага ПЭН-цэнтру) і Ежы Гедройця. Паводле кнігі быў пастаўлены спэктакль беларускага Свабоднага тэатру.
У жніўні мы публікуем фрагмэнты новай кнігі на сайце.
Замовіць кнігу можна ТУТ
«БЫЎ ЧАС, БЫЎ ВЕК, БЫЛА ЭПОХА…»
1960–70-я
«Быў час, быў век, была эпоха…» Геніяльны радок, які я ўзгадваю кожнага разу, гартаючы старыя гадавікі «ЛіМа» ці зазіраючы ў энцыкляпэдыі і даведнікі, прысьвечаныя беларускай савецкай культуры. Лепш пра той час і ня скажаш. Працягу гэты манумэнтальны радок не патрабуе. Слоўнага працягу. Памяць сама дамалюе карціну эпохі. Высокіх прэзыдыюмаў, поўных збораў твораў, службовых «Волгаў», пераходных чырвоных сьцягоў, нарачанскіх лецішчаў, кватэраў на Маркса і Купалы, аргвывадаў і прапрацовак, мясцкомаў і партактываў і, вядома, членства ў Саюзе пісьменьнікаў. Гледзячы на старыя фотапартрэты высокіх членаў гэтай магутнай арганізацыі, я заўжды лавіў сябе на думцы, што ня дай Бог застацца пасьля сьмерці вось такім непрыступна-эпахальным. І Броўка, і Крапіва, і шмат хто яшчэ выглядаюць на здымках помнікамі самім сабе. Але помнікі ня могуць жыць і сьмяяцца.
Мяне з маленства цікавіла закуліснае жыцьцё. Бо менавіта за кулісамі адбывалася самае цікавае, жывое і сьмешнае. І, шпацыруючы неяк пахмурным восеньскім вечарам па вуліцы Аляізы Пашкевіч, я пагрукаўся ў дзьверы паэта Валянціна Тараса. Бо ня ведаю ў Менску лепшага апавядальніка пра тую эпоху. У вакне за сьцяной дажджу — шэрая аграмадзіна Вялікага тэатру, у маленькіх чарках гаючы брэндзі, гасьцінны гаспадар са смакам зацягваецца цыгарэтай.
— Быў фальклёр, вядома, літаратурны. Многія сьмешныя рэчы. Эпіграмы. Славіўся Астрэйка гэтым. Ну, напрыклад, у яго ёсьць на нябожчыка Броўку:
Пятрусь Броўка піша лоўка,
Піша спрытна і даўно,
Але ўсё, што піша Броўка,
Альбо дрэнь, альбо гаўно.
Валянцін Тарас усьміхаецца шматзначна:
— Яна дасьціпная, вядома, па радках. Але не зусім слушная. Броўка быў казённым паэтам, абсалютна. Але, калі мне давялося пазнаёміцца зь яго лірыкай, я ўбачыў, што гэта даволі цікавы паэт-лірык, які ўсё жыцьцё сьпяваў не сваім голасам. Ён яго фарсіраваў, уздымаў да нейкіх патасных вяршыняў. З Броўкам у мяне быў цікавы выпадак. Даволі сьмешны, але ён характарызуе яго як чалавека. Я тады працаваў у «Звяздзе». Толькі пачынаў працаваць. Галава ў мяне кружылася — столькі пісьменьнікаў прыходзіць. Славутых, вядомых. Усе са мной лічацца. І вось аднойчы мне даюць вершы Броўкі, каб падрыхтаваў. Паласу зь вершамі прыносяць. І рэдактар Нічыпар Пашкевіч мне кажа: «Вычытай, падпішы і аддай». Я пачаў чытаць. Вершы мне вельмі не спадабаліся. Яны падаліся мне недзе нават і непісьменнымі. Я ўзяў аловак і пачаў правіць. Направіў там на палях. Пашкевіч так паглядзеў на гэтую паласу, паціснуў плячыма. Кажа: «Бяры службовую машыну, едзь у Каралішчавічы да Броўкі. Хай ён завізуе гэтую паласу». Я прыехаў, сустрэліся. Броўка запрасіў мяне сесьці, узяў гэтую паласу. І кажа такім ціхім голасам: «Што гэта такое?» Я кажу: Як што? Гэта вашы вершы. «Не. Хто гэта тут накрэмзаў? Хто гэта тут направіў?» Я кажу: Гэта я, Пятро Ўсьцінавіч. Я хацеў зрабіць як лепш. Мне здаецца… Паглядзіце… Ён кажа: «Малады чалавек. Хто вам дазволіў дакранацца да маіх вершаў? Хто вам даў права іх правіць? Я наагул не разумею, хто вы такі, адкуль вы ўзяліся? Як вы маглі?!» Я кажу: Ну, Пятро Ўсьцінавіч, паглядзіце… «Вы, калі будзеце пісаць свае вершы, пішыце лепш. А мне дазвольце ўжо пісаць, — ледзь ня плача, — так, як я ўмею! Усё закрэсьліваю. Візаваць ня буду. Усё як было». Ну я ўжо трошкі сумеўся. Ён гэта ўсё пазакрэсьліваў, падпісаў. Да дзьвярэй мяне праводзіў, так прыабняў і кажа: «Слухайце, малады чалавек. Толькі рэдактару не расказвайце пра гэта. Бо вам дужа нагарыць. Бо я ўсё ж такі Броўка. А самі, як я ўжо сказаў, пішыце лепш за мяне. Дай вам Божа…». Я зь ім сустрэўся літаральна перад яго сьмерцю, можа за якія два месяцы. У парку Горкага. Ён ужо быў сухенькі такі скварчочак, старэнькі. Паздароўкаліся. І я яму кажу, што выходзіць кніга пра кнігу, і што там ягоны верш у маім перакладзе. Ён сказаў: «Ну дзякуй. Але я спадзяюся, што вы хоць што-небудзь пакінулі там ад мяне самога…»
Праходзячы кожнага разу пад мэмарыяльнай дошкай Броўкі на тым доме, дзе сёньня ягоны музэй, я думаю, ці не перажыве гэтая эпіграма ўсе ягоныя тамы? Зрэшты, за кулісамі эпохі ў расповедзе Валянціна Тараса зьяўляецца новы пэрсанаж…
«А ЧАМУ ТЫ МАЁР, А Я КАПІТАН?»
— Андрэй Макаёнак умеў рабіць такія казачна-недарэчныя рэчы з такім сур’ёзным выглядам… Ні адзін мускул не здрыганецца на твары, толькі вочы сьмяюцца, але трэба прыгледзецца. А тады быў час, калі ўсіх апраналі ў форму — пракуратуру, міліцыю, суды, чыгуначнікаў, службоўцаў розных міністэрстваў — усіх літаральна апраналі ў форму. І Макаёнак пусьціў пагалоску, што — ён ужо гэта ведае дакладна, яму пад сакрэтам у ЦК сказалі, — што ўводзіцца форма для пісьменьнікаў, званьні. Праўда, паколькі гэта пісьменьнікі, званьня шарагоўца ня будзе. Будзе пачынацца адразу з малодшага лейтэнанта. Малодшы лейтэнант, лейтэнант, старэйшы лейтэнант, капітан, маёр, падпалкоўнік, палкоўнік і генэрал. Ну а там таксама, кажуць, будзе нейкая градацыя — поўны генэрал… Ну і нейкі мундур прыдумваецца, такі вось пад сурдут, як некалі хадзілі да рэвалюцыі. А на пагонах будуць скрыжаваныя пёры. І што ўжо распрацоўваецца сьпіс, каму які… І што вы думаеце? Сур’ёзныя, дарослыя людзі клюнулі на гэта. І Кастусь Кірэенка пытаецца (я пры гэтым прысутнічаў): «А мне якое званьне?» Андрэй кажа: «Здаецца, капітан». — «А чаму капітан?» — «Ну ня ведаю, чаму». — «А ты хто?» — «Ну мне казалі, што я нібыта маёр». — «А чаму ты маёр, а я капітан?» І на поўным сур’ёзе пачалі абмяркоўваць, ці варта гэта наагул рабіць… І Макаёнак абсалютна сур’ёзна ўсё гэта… А тады Маўзон, ён быў прыяцелем Макаёнка, пытаецца: ну ладна, Андрэй, раскажы мне, а хто я буду? Андрэй на яго паглядзеў, кажа: «Табе наагул ніякага званьня не прысвояць. Табе проста памяняюць псэўданім. Ты будзеш не Аркадзь Маўзон, а Публій Авідзій Маўзон». І тут усе грохнулі, і зразумелі, што гэта жарт. Прыкол, як цяпер кажуць.
Вуліца Макаёнка — мой штодзённы краявід з вакна. Вежа БТ, задворкі кінастудыі, шэрыя новабудоўлі. Але, аказваецца, я жыву не на вуліцы флагмана савецкай драматургіі, а на вуліцы прыкаліста.
«Я НОС ПАД СТАЛІНГРАДАМ ПАТЕРЯЛ»
— Ён некалі надзеў маску. Такі нос гарбаты, бровы матлатыя, стаў падобны на нейкага грузіна. Прыйшоў у «Полымя» і кажа: «Мі тут, панімаішь, сабіраім Залатую энцыклапедыю такую. Залатой энцыклапедый! І самі лючшій із лючшіх паэтав будут пісат, іх будут перевадыт на грузінскій, і ганарар сумашедшій! Там ешчё будэм кроме ганарар бочка віна харошій, панімаішь, будэм даставлят. Так мне нужен спісак самы лючші залатой пісатэл». Божа, што тут пачалося! Забегалі, нехта некаму кінуўся тэлефанаваць. І толькі, я помню, Рыгор Няхай прыгледзеўся і кажа: «А што ў вас з носам?» А нос чырвоны-чырвоны, гэта ж пап’е-машэ. І тут Макаёнак: «Как тэбэ нэ стідна! Ті, слюшай, ті нэ джігіт! Што ті на мой нос абрашяешь вніманій, панімаішь. У мэня іскуственый нос. Я настаяші пад Сталінградам патерял. Нэ палучішь бочка віна і тібя нэ будэм в энцыклапедый брат!» Ну і праз колькі там хвілін ён сам гэта ўсё зьняў і пачаўся рогат. Але некаторыя ну проста як дзеці. Купляліся на такія вось рэчы. А можа, пісьменьнікі і ёсьць дзеці. Дзякуй Богу.
Заходзячы ў рэдакцыю «Полымя», дзе нічога не зьмянілася з тых часоў, нават фарба, здаецца, тая ж самая, я не магу ўявіць, каб тыя сьцены скаланаліся ад рогату. А чаму — не зразумею. Мне заўжды хочацца там гаварыць напаўголасу. Як на хаўтурах…
«ЭЙ, ДЕВОЧКИ, АЙДА В ЛЕСА!»
— Мы апынуліся ў Кастанаі, — працягваў Валянцін Тарас, — а гэта недзе 1962 ці 1963 год. Вечар у пэдынстытуце. Тады гэта была такая глухамань. Там, можа, упершыню за якія сорак гадоў бачылі жывых пісьменьнікаў. Заля набілася паўнюткая, пад завязку. Ну, спачатку выступалі старэйшыя. Хораша віталі ўсіх. Але потым выйшаў Шклярэўскі. Ён выйшаў на сцэну ў такім прыгожым швэдры, яркім такім, які яму Еўтушэнка падарыў, прывёз з Парыжу. І сказаў: «Вот я стою — счастливый и влюблённый, колоколами юбок оглушенный. Эй, девочки, айда в леса!» Ну, і заля… маладзёжная аўдыторыя, студэнткі… Божа! У перапынку цягнуліся да гэтага Шклярэўскага па аўтографы… Але самае галоўнае ня гэта, самае сьмешнае. Увечары гуляем мы па Кастанаі. Увязалася за намі настаўніца кастанайская, маладзенькая прыгожая жанчына. Памятаю яе імя — Ліка. Ну там да яе хлопцы кліны падбівалі, то Кісьлік, то яшчэ хто. Бачу, яна са Шклярэўскім ідзе. А я іду ззаду. І чую, Шклярэўскі ёй расказвае: «У мяне вельмі складаны і драматычны лёс. Ведаеце, я ж ня рускі. Я сын гішпанскіх рэспубліканцаў. Я гішпанец. У час вайны я скончыў спэцшколу і мяне закідвалі ў гішпанскія горы. У франкісцкую Гішпанію. Вось Навум Кісьлік чытаў на вечары верш „Ідуць герыльлерас“. Дык гэта мне прысьвечаны. Я быў гэтым герыльлера». І гэтая дзяўчына няшчасная, гэтая Ліка, абалдзелая ад таго, што зь ёй побач ідзе жывы паэт, і такі яркі паэт… Ён яшчэ і герыльлера! І ёй не прыходзіць у галаву, што ў тыя часы, калі Шклярэўскі быў герыльлера, яму споўнілася чатыры гадочкі…
За кулісамі ня мог не зьявіцца аўтар «Сэрца на далоні» і «Трывожнага шчасьця». Прызнаюся, я прасякнуўся вялікай сымпатыяй да Івана Пятровіча ня як да народнага пісьменьніка, а як да чалавека, які не цураецца побытавых матэрыяў.
«ТЫ ЗВАР’ЯЦЕЛА? ТАКІЯ ГРОШЫ ЗА КОЎДРУ ПЛАЦІЦЬ»
— Я таксама прывёз нейкі матэрыял зьвяздоўскі на візу Шамякіну. Сядзім, ён чытае, і раптам заходзіць яго жонка, нябожчыца Маша. Кажа: «Ваня, на хвіліначку». — «Ну што табе?» — «Ваня, там прадаюцца кітайскія коўдры, дужа прыгожыя». — «А колькі каштуе такая коўдра?» Яна называе нейкую суму. Я ня памятаю, па тых часах вельмі вялікую. «Ну што ты, звар’яцела? Такія грошы за коўдру плаціць». А тады яна ціхенька кажа: «А Брыліха купіла». Такая паўза… Шамякін кажа: «Н-н-ну добра. Ну можа адну і купім». І палез у шуфляду па грошы.
Як шкада, што трэба сыходзіць. Не злоўжываць гасьціннасьцю гаспадара. Бо геніяльнага актора хочацца слухаць бясконца. Парадныя фасады Менску ўжо не выглядаюць такімі строгімі і халоднымі. І рэч тут ня ў брэндзі. А ў жывой вясёлай эпосе, да якой яшчэ хочацца вярнуцца ня раз. Бо рукапісы, можа, і не гараць. А вось словы могуць забыцца.
2002, кастрычнік
Працяг будзе
Папярэднія публікацыі
«А графаманаў трэба расстрэльваць»
Бедныя бабулькі паехалі на Польшчу
Сынтэз паганства і хрысьціянства
Дом творчасьці часоў Вялікага тэрору