Больш за 4 тысячы ахвяраў, 20 тысяч вывезеных на прымусовую працу ў Нямеччыну — вынік карнай апэрацыі «Герман» па пэрымэтры Налібацкай пушчы ў ліпені 1943 году.
Гэтую апэрацыю нацысты разгарнулі ў адказ на Івянецкае паўстаньне. Праз 75 гадоў ахвяраў трагедыі асобна ўшаноўвалі каталікі і праваслаўныя. Мясцовыя ўлады жалобных імпрэзаў ня ладзілі.
«Няма сэнсу наракаць на дзяржаву, ёй гэта не трэба. Гэта можна толькі самім рабіць — праводзіць імпрэзы, не залежныя ад бюракратычнага голага адміністраваньня, ад гэтай манатоннасьці», — кажа ў інтэрвію Свабодзе гісторык Алесь Белы.
Івянецкае паўстаньне АК — рэпэтыцыя Варшаўскага
19 чэрвеня 1943 году польскія партызаны разьбілі нямецкі гарнізон у Івянцы. Захоп гарнізону быў адной з найбуйнейшых узброеных акцый у гісторыі Арміі Краёвай. Некаторыя гісторыкі называюць Івянецкае паўстаньне рэпэтыцыяй Варшаўскага.
Атрад Арміі Краёвай па сыгнале (касьцельны звон апоўдні, традыцыйны заклік на малітву «Анёл Панскі»; паводле іншых зьвестак — у 11.50) пачаў атаку на нямецкі гарнізон. У выніку польскія партызаны пазабівалі немцаў, захапілі зброю, большасьць паліцаяў перайшлі на бок паўстанцаў-землякоў.
Івянец быў «польскім» 18 гадзін. Затым гітлераўцы перайшлі ў наступ. Адказ быў жорсткім.
Неафіцыйны Саюз палякаў Беларусі адзначыў 75-ю гадавіну паўстаньня на каталіцкіх могілках Івянца. 19 чэрвеня тут сабраліся палякі зь Менску і Горадні, прадстаўнікі дыпляматычнага корпусу. У касьцёле адправілі імшу за забітых летам 1943-га, на магілы ўсклалі кветкі, прасьпявалі польскі гімн.
На каталіцкіх могілках, адразу за мурам, знаходзіцца сэктар пахаваньняў, датаваных ліпенем і жніўнем 1943 году. На помніках і крыжах пазначана: «Загінуў (-ла) трагічна ў ліпені 1943-га». Гэтыя людзі — ахвяры карнай апэрацыі «Герман».
«Тут летам 1943 году было сапраўднае пекла. Людзей проста вынішчалі, забівалі, палілі цэлымі вёскамі», — кажа Алесь Белы. Некалькі гадоў таму на каталіцкіх могілках быў хмызьняк, старыя сосны і акацыі. Мясцовая каталіцкая супольнасьць сабрала сродкі і правяла добраўпарадкаваньне. Старыя дрэвы сьпілавалі, акацыі высеклі. Сталі відаць крыжы і магілы з таго лета 1943-га. Самы малады ўдзельнік польскага партызанскага руху — Анатоль Александровіч. Яму было 12 гадоў.
Нацысты спалілі 60 вёсак
Апэрацыя «Герман» як адказ нацыстаў на захоп гарнізону праводзілася зь ліпеня па жнівень 1943-га. Было спалена каля 60 вёсак, забіта больш за 4 тысячы чалавек, 20 тысяч выправіліся на прымусовую працу ў Нямеччыну. Апэрацыя была адной з найбуйнейшай, праведзенай немцамі супраць партызанаў. Але ці варта было ладзіць у такіх варунках паўстаньне?
«Паўстаньне было актам чалавечай годнасьці. Яно ўзьняло баявы дух, Армія Краёвая папоўніліся новымі людзьмі. Гэта была першая такая акцыя на ўсёй акупаванай тэрыторыі Рэчы Паспалітай. Тут, на абшарах пушчы, вельмі патрыятычнае насельніцтва, з традыцыямі ўсіх шляхецкіх паўстаньняў», — мяркуе Алесь Белы.
Ён перакананы, што ўдзельнікі паўстаньня не маглі прадбачыць менавіта такі адказ, як апэрацыя «Герман».
«Першае: зразумела, што яны не сьвядома падстаўлялі сваіх землякоў. Другое: нямецкія рэпрэсіі і так былі дастаткова жорсткімі. Людзі проста не маглі больш трываць гэтыя зьдзекі», — разважае гісторык.
Забітыя савецкімі партызанамі лічацца ахвярамі нацызму
Людзкія страты ў карнай апэрацыі «Герман» зазналі і польскія, і савецкія партызаны. Але найбольш — цывільнае насельніцтва. Вяскоўцы цярпелі і ад фашыстаў, і ад польскіх ды савецкіх партызанаў. Усе яны хацелі есьці. За адмову даць «фунт масла» палілі хаты. Многія вяскоўцы зазналі зьдзекі і рабаваньне ад усіх сілаў — і нацыстаў, і польскіх, і савецкіх партызанаў. Апошнія варагавалі паміж сабой.
Ва ўзброеных сутычках і падпалах вёсак зноў жа цярпела грамадзянскае насельніцтва. Праз канфлікт паміж Арміяй Краёвай і савецкімі партызанамі гарэлі вёскі. У 1944-м савецкія партызаны напалі на вёску Камень, каб зьнішчыць «белапольскіх бандытаў». У выніку пазабівалі людзей. Афіцыйна ж выбіта на помніку, што людзі загінулі ад нацыстаў. «Гэта цынічна», — кажа гісторык.
Паводле афіцыйнай вэрсіі, нацысты пакаралі сьмерцю ў час апэрацыі «Герман» Казіміра і Люцыю Дзяржынскіх, брата Фэлікса Дзяржынскага з жонкай, за сувязь з савецкімі партызанамі. Насамрэч яны дапамагалі польскім партызанам. Казімір — афіцэр Арміі Краёвай, удзельнічаў у распрацоўцы пляну Івянецкага паўстаньня, у іх доме быў штаб.
Дзякуючы працы ў нямецкай адміністрацыі, Дзяржынскія ведалі пра пляны гітлераўцаў, перадавалі зьвесткі польскім партызанам. Менавіта Люцыя, якой давяралі немцы, уратавала каля 150 жыхароў Івянца, якіх зьбіраліся забіць немцы за паўстаньне. Яна пераканала нацыстаў, што людзі не вінаватыя, а ўсе «бандыты» пайшлі ў лес. Казіміра і Люцыю расстралялі 24 ліпеня, 75 гадоў таму.
Апошняя сьведка. Як палілі вёску Доры
Штогод у Дорах праводзяць імпрэзы памяці ахвяраў трагедыі, што адбылася 75 гадоў таму. Сёлета ў праваслаўнай царкве 22 ліпеня адслужылі паніхіду за забітых землякоў. Потым правялі мітынг ля мэмарыялу.
Штогод у жалобных акцыях удзельнічала сьведка той трагедыі, жыхарка вёскі Сарокі Еўдакія Грышэль. Сёньня яна адзіная, хто застаўся ў жывых пасьля карнай апэрацыі ў Дорах. Жыхароў вёскі немцы спалілі на досьвітку 23 ліпеня. Сагналі ў царкву, у асноўным старых, жанчын і дзяцей, пастралялі і запалілі будынак. Загінулі 257 чалавек. Некаторыя ўратаваліся. Сярод іх наша суразмоўца.
На момант трагедыі ёй было 13 гадоў. У спаленай царкве ў дзяўчынкі былі трое малодшых братоў і сясьцёр. Старая са сьлязьмі распавядае, як 22 ліпеня празь вёску ехалі немцы, людзі пабеглі хавацца «на поле». Сядзелі ў жыце да вечара. Потым паціху пачалі вяртацца ў свае хаты. На досьвітку людзі прачнуліся ад царкоўных званоў. Па хатах пабеглі немцы, гналі людзей у царкву.
Там пачалі «сартаваньне» — маладых гналі на работы ў Нямеччыну, дзяцей, старых і жанчын — на сьмерць. «Божа мой Божа, страшна ўспамінаць... Нешта яны там фашысты рашылі, што людзей трэба зьніштажаць, выпальваць. Нас у царкву загналі, маці прасіла немца, каб і мяне ўзялі на працу ў Нямеччыну, адпусьцілі з царквы. Не, кажа ён, малая яна. А маці даводзіла, што мне ўжо шаснаццаць ёсьць. Мне ж было трынаццаць. Але потым адпусьціў. А куды ты пабяжыш? Там жа немцаў было — вар варыцца», — распавядае са сьлязьмі Еўдакія Грышэль.
Яна і восем землякоў пайшлі пад канвоем паліцаяў зганяць скаціну з апусьцелых двароў. «Аж чуем стрэлы ля царквы, выбухі. І потым глядзім — дым ідзе ўжо...» — расказвае жанчына.
Памяці сьвятароў-пакутнікаў
Памятаюць пра апэрацыю «Герман» і мясцовыя каталікі. Іх жалобныя імпрэзы прымеркаваныя да даты гібелі ксяндзоў Германа Стэнпеня і Ахілеса Пухалы. Культ пакутнікаў, блаславёных разьвіваць пяршайская і івянецкая парафіі. Штогод у дваццатых днях ліпеня ў Баравікоўшчыну накіроўваюцца дзьве пілігрымкі. У імшы ля капліцы сярод лесу і поля ўдзельнічаюць да 500 чалавек.
Сёлета да месца гібелі ксяндзоў, як і ў мінулыя гады, выправіліся маладыя ўдзельнікі «Музычнай майстэрні». Варштаты праводзяцца штогод на ініцыятыву францішканцаў з івянецкага касьцёла Сьвятога Міхала. На іх зьбіраецца каталіцкая моладзь з усёй Беларусі.
На імшы 22 ліпеня прысутнічаў біскуп Юрый Касабуцкі. Ён нагадаў, што ксяндзы маглі б уратавацца — іх папярэджвалі пра небясьпеку. Але яны сказалі, што пастыры павінны быць там, дзе і авечкі. Ксяндзоў забілі ў Баравікоўшчыне. «Авечкам» зь пяршайскай парафіі ўдалося выжыць — людзей пагналі далей, на Івянец. Потым — на прымусовыя работы.
«Касьцёл стварае асобную традыцыю ўшанаваньня памяці ахвяраў, не залежную ад голага бюракратычнага адміністраваньня, бяздушнага і абсалютна ананімнага. Такія ж акцыі, калі ў дзікім месцы ў Баравікоўшчыне зьбіраецца да 500 чалавек, праходзяць праз душу людзей», — мяркуе Алесь Белы.
Ён перажывае, што пакуль няма такой «агульнараёвай салідарнасьці людзей», а ў Івянцы, эпіцэнтры падзей, няма годнага помніка як удзельнікам паўстаньня, так і ахвярам апэрацыі «Герман».