Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крэматорый для Калінінграду, прыдуманы беларускай у Празе


Вольга Смольнікава і ўпадабанае ёй кола. На тле працы чэскага калегі Адама Ганшута. Фота Натальлі Кузьняцовай.
Вольга Смольнікава і ўпадабанае ёй кола. На тле працы чэскага калегі Адама Ганшута. Фота Натальлі Кузьняцовай.

...Або чаму Вользе Смольнікавай не далі чэскі дыплём

Адважылася вырвацца за мяжу, вывучыла чэскую мову дзеля адукацыі, сама зарабляла на жыцьцё і вучобу цягам 6 гадоў, прыдумала нечаканую тэму для дыплёмнага праекту, была ўжо авансам прынятая на працу і — у дзень абароны дыплёму пацярпела паразу. Гэта кароткія штрыхі жыцьцяпісу Вольгі Смольнікавай, родам з Магілёву.

Паколькі гісторыя адбываецца ў Празе, чэхі б сказалі: Сo tě nezabije, to tě posílí — што цябе не заб’е, тое цябе ўмацуе. Таму Вольга не адмовілася расказаць, як да ўсяго гэтага дайшла, чаму праектуе крэматорыі і стварае чорныя вазы, як перажыла сваю няўдачу і чаму не адчайваецца.

Як стаць студэнтам у Чэхіі

— Пасьля магілёўскай гімназіі і абласнога ліцэю я тры гады правучылася на дызайнэра ў менскім прыватным інстытуце імя Шырокава. Але хацелася большых гарызонтаў. У Амэрыку мне візу не далі, стала разглядаць Эўропу і даведалася, што ў Чэхіі і замежнікі могуць атрымліваць вышэйшую адукацыю бясплатна, калі будуць вучыцца па-чэску. Пасьля пары месяцаў моўных курсаў я ўжо здавала ўступныя экзамэны па-чэску! Прычым падала адразу ў тры месцы.

Прынялі мяне ў два, і на трэці экзамэн я ўжо не пайшла. Сьціплейшы варыянт быў Тэхналягічны інстытут у Лібэрцы, а больш амбітны — UMPRUM, Акадэмія мастацтваў, архітэктуры і дызайну ў Празе. Канешне, я выбрала Прагу. Гэта было проста ашаламляльна, што я прайшла — у групу майго прафэсара па архітэктуры ў той год набіралі ўсяго двух чалавек.

Праект крэматорыя для Калінінграду. Агульны выгляд. Дыплёмная праца Вольгі Смольнікавай
Праект крэматорыя для Калінінграду. Агульны выгляд. Дыплёмная праца Вольгі Смольнікавай

Чаму будаваць крэматорый: спачатку для Беларусі, а потым для Калінінграду

— У часе вучобы я захапілася дызайнам шкла — выглядала, што гэта мая асноўная спэцыялізацыя. Але сталася так, што ў Беларусі я страціла вельмі блізкага чалавека. Хаваць яго трэба было летам, стаяла сьпёка, гэта было ў Магілёве, і першае, што нам прыйшло ў галаву — крэмацыя. Вось тады я даведалася, што на ўсю Беларусь ёсьць адзіны крэматорый, пад Менскам, але туды б мы яго не давезьлі...

Так да 6-га курсу я сасьпела да тэмы крэматорыя. Спачатку я праектавала яго для Беларусі. А потым наклаліся асабістыя эмоцыі, я адчула, што людзі ў нас, магчыма, да гэтага не прызвычаеныя, яны ня хочуць крэмацыі, там усё вельмі традыцыйна. Тут сталі гаварыць пра катастрафічную сытуацыю ў Калінінградзе, дзе месцаў на могілках не хапае, а крэматорыя ўвогуле няма. Там прадпрымальнікі ў пахавальным бізнэсе прыстасавалі грузавую машыну пад крэматорый — проста ў кузаў паставілі печ і сталі называць гэта мабільным крэматорыем. Пасьля дрэннага розгаласу ўлады гэта забаранілі, у некаторых выпадках нябожчыкаў для крэмацыі сталі нават вазіць самалётам да нас, у Менск.

Так выглядае “мабільны крэматорый” у Калінінградзе
Так выглядае “мабільны крэматорый” у Калінінградзе

Спапяляючая архітэктура: спаліць, скарыстаць, перастварыць

— Так названы мой дыплёмны праект. Разьвітальны комплекс я разьмясьціла на беразе возера, а архітэктурную канцэпцыю пабудавала на аснове кола. Закругленыя сьцены і кампазыцыі мне ўяўляюцца больш утульнымі, думаеш пра кругазварот жыцьця, матэрыі і энэргіі. У комплексе прадугледжаныя ня толькі залі разьвітаньня і чаканьня, непазьбежныя печы, але і каплічка, калюмбарый, памінальная кавярня. Энэргію зь печаў я прапаную скарыстоўваць для абагрэву расьлін. Тэму выкарыстаньня гэтай энэргіі я вывучала спэцыяльна ў некаторых эўрапейскіх краінах — такіх як Данія ці Фінляндыя. Былі нават ідэі абаграваць ёй дамы, але да гэтага не дайшло. Але ў Вялікабрытаніі ёсьць басэйн, абаграваны энэргіяй з крэматорыя.

Калюмбарый, які можа абагравацца энэргіяй ад печаў крэматорыя. Дэталь праекту
Калюмбарый, які можа абагравацца энэргіяй ад печаў крэматорыя. Дэталь праекту

Я вывучала ня толькі расейскія будаўнічыя нарматывы, але знайшла там і фірму, якая мае добры вопыт у галіне 3D тэхналёгіяў. У праекце прадугледжана, што большая частка будовы можа быць узьведзеная 3D робатамі, гэта нашмат зьнізіць кошт.

Пробныя тэсты 3D друку для ўзвядзеньня будынку крэматорыя
Пробныя тэсты 3D друку для ўзвядзеньня будынку крэматорыя

Як важна быць у згодзе са сваім прафэсарам

— Абарона праходзіла 13-га чысла, але я ня веру, што гэта нешчасьлівы дзень, я і нарадзілася 13-га. Папраўдзе, чакала, што ўсё пройдзе «на ўра», водгукі апанэнтаў былі добрыя, калегі-студэнты былі захопленыя ідэяй. І тут мой кіраўнік-прафэсар у сваім заключэньні гаворыць нешта ў тым сэнсе, што Вольга, маўляў, можа больш і лепш... І яго думка пераважыла, мяне зарэзалі.

Спачатку ўсе ня верылі, а потым у адзін голас казалі, што мабыць я недастаткова паважала і слухала свайго прафэсара. Калі папраўдзе, бывала прасіла перанесьці кансультацыі, бо я ўжо была прынятая на працу, але зрывалася і прыбягала на тыя кансультацыі. І я не магу сказаць, што спрацавала нейкае прадузятае стаўленьне да мяне як да замежніцы, не, проста, відаць, нашы характары не сышліся. Гэта азначае, што дыплём я змагу абараняць толькі праз год, і ўжо зь іншай тэмай, а цяпер, пасьля 6 гадоў вучобы ў мяне няма тытулу ня тое што магістра, нават бакаляўра. Узьніклі праблемы зь візай, з працоўным кантрактам.

Праект Вольгі Смольнікавай “Плянэтарый”. Фота Анны Плеславай
Праект Вольгі Смольнікавай “Плянэтарый”. Фота Анны Плеславай

Выспацца і зноў працаваць

— Пытаюцца: і як ты, хаця б напілася потым? Не, пайшла і легла спаць, бо перад гэтым амаль тыдзень ня спала, усё даводзіла да ладу. А раніцай устала і пайшла на працу. На апошнім курсе мяне ўзялі ў міжнародную кампанію Lasvit, якая займаецца дызайнам шкла. Калі так адбылося з дыплёмам, яны са мной не разьвіталіся, але прыйшлося вырашаць шмат фармальнасьцяў з дакумэнтамі. Увогуле я падпрацоўвала зь першага курсу. Давала прыватныя ўрокі маляваньня, шліфавала шкло ці мэталь для іншых калег, рабіла дызайн інтэр’ераў.

З інтэр’ерамі пачынала яшчэ ў Беларусі, гэта ж мая першая спэцыялізацыя. Пазваніў адзін з першых кліентаў, назваў плошчу дому, мы дамовіліся з цаной. Калі я прыехала на месца, з жахам пабачыла, што ў доме 13 пакойчыкаў і розных катушкоў, фактычна ў ніводным зь іх нельга было нармальна разьмясьціць ложак для дваіх.

Ну і намучылася! Цяпер заўсёды спачатку іду на месца. Праца дызайнэра інтэр’ераў хаця і знаходзіць свой попыт, але нярэдка людзі не ўяўляюць, што гэта за працэс. Калі прыйдзе чалавек і пакладзе за дзень лямінат, гэта хутка і бачна. У візуалізацыі больш-менш складаныя праекты апрацоўваюцца ажно 12 гадзін, да таго ж увесь час трэба быць у курсе рынку, пастаянна вывучаць прапановы ўсіх вытворцаў — ад разэтак да ўнітазаў...

Жырандоля Вольгі Смольнікавай “Індустрыяльная кветка”. Фота Анны Плеславай
Жырандоля Вольгі Смольнікавай “Індустрыяльная кветка”. Фота Анны Плеславай

Ці лёгка архітэктарам за мяжой

— У мяне ўражаньне, што архітэктараў увогуле выпускаюць зашмат. Прынамсі, у Чэхіі зашмат. Калі ты яшчэ не зрабіў сабе імя, шукаеш працу і яна ня так высока аплачваецца. Паўгоду я была ў Даніі на навучальнай стажыроўцы, гаварыла з калегамі, там карціна тая самая. Большасьць людзей, якія будуюцца, хочуць танны «тыпавы праект» каб зэканоміць, потым самі яго перарабляюць пад сябе — тут сьцяну пасунем, тут вакно зьменшым.

Цяпер у мяне на стале тры буйныя праекты інтэр’ераў. Гэта я раблю як прыватны прадпрымальнік. Звычайна стараюся весьці паралельна адзін-два, каб максымальна надаваць ім час, але гэта не заўсёды атрымліваецца, бо працую яшчэ візуалізатарам у арт-дырэктара Lasvita. У прынцыпе тут працадаўцу ці кліента ня так цікавіць дыплём, як добры вынік, цана і хуткасьць працы. Рыхтую свае праекты на чэскую выставу міжнароднага фармату Design Blok 2018.

Пра любімую чорную вазу

— Шкло я вельмі люблю. Цяпер адкрываюцца новыя магчымасьці ствараць формы для ліцьця шкла на 3D прынтарах, я гэта ўжо паспрабавала з маёй чорнай вазай. Чаму чорная? У гэтым свая эстэтыка, выразнасьць. У мяне былі свае матывы. З другога боку, ня хочацца цалкам сыходзіць у кампутарныя тэхналёгіі, бо ў ранейшым працэсе было больш судакрананьня, прыкладнога ўяўленьня, проста адчуваеш, як нешта літаральна ствараеш.

Летась на замову францускай фірмы Veolia, якая займаецца ў Эўропе і Афрыцы гарадзкім водазабесьпячэньнем, наш аддзел шкла распрацоўваў варыянты камплектаў для пітной вады. Падобныя фірмы цяпер прапагандуюць сябе так: нашу ваду спакойна можаце піць з-пад крана. Сваю работу я выстаўляла на Design Blok 2017 у Празе.

Камплект для вады на замову фірмы Veolia. Фота Анны Плеславай
Камплект для вады на замову фірмы Veolia. Фота Анны Плеславай

Выснова зь няўдачы

— У Празе адзін час нават праводзіліся такія сэсіі зь нелітаратурнай назвай (Fuck Up Night — Вечар, калі ўсё спаскудзілася), куды прыходзілі творчыя людзі і расказвалі пра свае найгоршыя няўдачы ці правалы. І усіх цікавіла, што гэта дае, як з гэтым разабрацца, чаму нельга чакаць у жыцьці, што намаганьні і праца табе заўсёды гарантуюць посьпех. Зрэшты, большасьць славутасьцяў з гэтага пачынала ці праз гэта праходзіла.

А што б я сказала на такой сэсіі?

Няўдача спачатку псуе настрой, а потым яшчэ больш матывуе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG