Улады Мікалаеўскай вобласьці ва Ўкраіне накіравалі ў Крываазёрскую раённую бальніцу дадатковых хірургаў і траўматалёгаў, каб аказаць дапамогу 12 беларусам, якія пацярпелі ў выніку аварыі сёньня раніцай на адэскай трасе. Падчас аварыі загінулі 5 чалавек — кіроўца і 4 пасажыры.
«Трое пацярпелых па-ранейшаму знаходзяцца ў рэанімацыі, іх стан стабільна цяжкі. Нэгатыўнай дынамікі няма, але і аб пазытыўнай гаварыць рана. Прагнозаў мэдыкі пакуль не даюць ніякіх, але іх стан стабільны», — паведаміў Свабодзе прэсавы сакратар упраўленьня аховы здароўя Мікалаеўскай абласной дзяржаўнай адміністрацыі Юры Багранцаў.
Паводле яго, пакуль яшчэ рана гаварыць аб перавозцы пацярпелых у Беларусь.
«Мэдыкі маюць пераканацца, што іх стан ня будзе пагаршацца, і толькі пасьля гэтага можна будзе абмяркоўваць магчымасьць і неабходнасьць іх транспартаваньня ў Беларусь. Пакуль гэтае пытаньне не стаіць — іх стан не дазваляе гэтага зрабіць, і ня трэба рызыкаваць, бо невядома, як гэта адаб’ецца на іх стане», — патлумачыў ён.
Юры Багранцаў падкрэсьліў, што ўзровень кваліфікацыі дактароў і мэдычнага абсталяваньня ў гэтай лякарні дастатковыя, каб аказаць неабходную дапамогу.
У паліцыі Мікалаеўскай вобласьці Свабодзе паведамілі, што кіроўца грузавіка, зь якім сутыкнуўся беларускі мікрааўтобус, затрыманы і дае сьледчым тлумачэньні, чаму ён прыпыніўся на праезнай частцы і не прыняў ўсіх неабходных мер бясьпекі падчас аварыйнага прыпынку.
Як раней паведаміла прэс-служба Галоўнага ўпраўленьня Нацыянальнай паліцыі ў Мікалаеўскай вобласьці, сьледчыя ўстанавілі асобы грамадзян, якія загінулі і атрымалі траўмы падчас ДТЗ. «Усе яны зьяўляюцца грамадзянамі Рэспублікі Беларусь», — гаворыцца ў паведамленьні.
Сваякі могуць патэлефанаваць і праверыць, ці ёсьць іхныя блізкія ў сьпісе пацярпелых, па нумары +38 (0512) 53-11-13.
Міністэрства ўнутраных спраў Украіны заявіла аб узмацненьні захадаў бясьпекі на дарогах, асабліва пры пасажырскіх перавозках: сёньня празь некалькі гадзін пасьля аварыі зь беларусамі на Мікалаеўшчыне, на трасе Кіеў-Чоп у Жытомірскай вобласьці маршрутка з пасажырамі сутыкнулася з грузавіком — у выніку 10 чалавек загінулі і 10 атрымалі траўмы рознай ступені цяжкасьці.