Газэта «Советская Белоруссия» надрукавала данос на актывіста Зьмітра Дашкевіча ў поўнай адпаведнасьці з законамі гэтага жанру сталінскага 1937 году.
Па-першае, данос ня проста ананімны, а падпісаны «Аддзелам журналісцкіх расьсьледаваньняў» — нейкім унутраным НКВД рэдакцыі. Яны думалі, для «убедительности», а выйшла — каб страшней.
Па-другое, даецца поўны сьпіс артыкулаў, паводле якіх актывіста трэба прыцягнуць да адказнасьці. Быццам ставіць крыжы ў Курапатах — не народная традыцыя на працягу ўжо трыццаці гадоў, што для аўтараў даносу — «загрязнение леса». Як, дарэчы, і самі Курапаты для іх — загадка: «История этого клочка земли сложна, неоднозначна, до конца не познана», ніякіх табе расстрэлаў НКВД.
Па-трэцяе, маецца і «моральная составляющая»: «да как он мог!».
Што мог? Паставіў крыжы ў Курапатах, але не тайком, а публічна, уголас, «нарушая тишину» — гэта значыць: перашкаджаючы «нашым людзям» сьпяваць караоке ў суседнім рэстаране?
Розьніца ў тым, што караоке ў месцы масавых расстрэлаў санкцыянаванае зьверху, а Дашкевіч — нефармал. І ўсё, што робіцца без каманды начальства, ужо робіцца «з асаблівым цынізмам».
Як на здаровы розум, публікацыя абсалютна ідыёцкая: чалавек — раб, зямля — плоская, вінаватых — расстраляць! Каб жа хоць арыгінальнае нешта напісалі. Бо і стралялі якраз у гэтым месцы за гэткія самыя даносы, тысячамі, стралялі, каб праз паўвека прызнаць, што стралялі невінаватых, нават думаць ня трэба было па-іншаму, дастаткова, каб на цябе нехта «напісаў». І вось яшчэ трыццаць гадоў мінула і зноў — пакараць. Добра што пакуль не расстраляць. Але ж, як той казаў, апэтыт прыходзіць у часе яды.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.