Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Барысаве будуць судзіць палкоўніка, які ўтаіў факт злачынства на глебе дзедаўшчыны


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

У беларускіх судах працягваюцца працэсы над вайскоўцамі ў справах, заведзеных пасьля трагічнай сьмерці ў Печах у верасьні 2017 году салдата Аляксандра Коржыча. З таго часу ня меней як 5 вайскоўцаў трапілі ў месцы зьняволеньня за злачынствы, у тым ліку дзедаўшчыну і карупцыю.

17 ліпеня пачынаюцца яшчэ два працэсы — у Барысаве і Дзяржынскім раёне.

Суд над палкоўнікам

Паводле Tut.by, на лаве падсудных аказаўся Сяргей Гарадзінскі — начальнік службы бясьпекі сувязі аддзелу сувязі штабу Паўночна-заходняга апэратыўнага камандаваньня. Як сьцьвярджае сьледзтва, на ранейшай пасадзе камандзіра 60-га асобнага палку сувязі Гарадзінскі, ведаючы пра злачынства ў частцы, не зарэгістраваў яго ў вызначаным парадку і не прызначыў службовае расьсьледаваньне, чым парушыў 455-ы артыкул Крымінальнага кодэксу — гэта перавышэньне ўлады, злоўжываньне ўладай альбо бязьдзеяньне, што караецца тэрмінам да 6 гадоў зьняволеньня.

Паводле пракурора, інцыдэнт здарыўся ў ноч з 9 на 10 лістапада 2016 году. Сяржант і двое радавых перакулілі тады ложак, дзе спаў радавы М. Зваліўшыся, салдат стукнуўся аб рог тумбачкі, якую таварышы па службе адсунулі, каб было куды падаць. У выніку М. атрымаў ушыб галавы, які адносіцца да лёгкіх цялесных пашкоджаньняў.

У тую ж ноч дзяжурны паведаміў пра здарэньне Гарадзінскаму. Той накіраваў М. у Барысаўскі шпіталь і загадаў не паведамляць вышэй. Супрацоўнікі контравыведкі даведаліся пра здарэньне толькі летась у студзені.

Цяпер палкоўнік працягвае служыць у войску з паніжэньнем. Яму 48 гадоў, жыве ў Барысаве. Мае мэдаль «За бездакорную службу» ІІІ ступені.

Суд над шарагоўцам

Другі працэс пачынаецца 17 ліпеня ў вайсковай частцы, разьмешчанай у Фаніпалі Дзяржынскага раёну. Тут судзяць вайскоўца А., якога абвінавачваюць у гвалце і зьдзеках з асобы, прыраўнаванай да вайскоўца.

«Ягонае вайсковае званьне — радавы, прозьвішча паведаміць ня можам. Абвінавачваецца ў парушэньні статутных адносін», — сказалі карэспандэнту Свабоды ў судзе Дзяржынскага раёну.

Пад Фаніпалем знаходзіцца штаб вайсковай часткі 30151 — гэта 15-я зэнітна-ракетная брыгада Паўночна-заходняга апэратыўна-тактычнага камандаваньня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG